Выбрать главу

-- Дробна-мяшчанскі перажытак... -- ціха прамовіў партыйны таварыш».

Зусім натуральна ўзьнікаюць у Цэлеша тэмы маральнай спустошанасьці пануючых улад і раскраданьня багацьцяў беларускай зямлі. Гэта, уласна, адна вялікая праблема, непасрэдна зьвязаная з раскулачваньнем, калектывізацыяй і ліквідацыяй «нацдэмаўшчыны». Менавіта тут хаваюцца вытокі шматлікіх балючых і нявырашаных праблем сёньняшняй Беларусі. Вось яны -- тыя, каму было дадзена права распараджацца лёсам людзей: фабрычны прапагандыста Падкоўнік («Пёрка і іншыя»), Шашок («Дзе шукаць праўду»), партыйны таварыш Галякоў («Партыйны таварыш»), картыга, выпівака, хабарнік сакратар партыйнай ячэйкі Янук Бізун («У імя догмы») і іншыя. Уражвае сваёй звычайнасьцю эпізод дзяльбы мясцовымі начальнікамі маёмасьці Богуша. А прыслухаемся да слоў прадстаўніка ДПУ («Дзікі вецер»), гэта-ж адпрацаваная схэма дзеяньняў савецкіх карных ворганаў, але гэта і дакладная копія плану налёту бандытаў-крымінальнікаў: «Пасьпеем! Часу яшчэ -- уга колькі! -- прадстаўнік дастае з кішэні гадзіньнік. -- За сем мінут дванаццатая. Для нашых спраў найлепш -- другая або трэцяя, верце мне! Чалавек усьпіцца, часам дзікія сны, бо чуткі-ж -- чуткамі зямля поўніцца! -- і пабуджаны зьнянацку, як ачумелы. Крыкнеш, ногі падгінаюцца й у нагавіцы не пападаюць... І золатца! Золатца, калі ёсьць, не пасьпее прыхаваць... Ха-ха!»

Прыкрываючыся рэвалюцыйнай тэрміналёгіяй, гэтыя людзі, у сапраўднасьці, усюды й заўсёды дбалі толькі пра сваю карысьць. Паказальная ў гэтым сэнсе пахвальба Галякова («Партыйны таварыш»), як ён, «будучы ваенкомам палка, уласнаручна застрэліў свайго найлепшага таварыша, падазраючы яго ў здрадзе». Без вялікай цяжкасьці яго спадарожнік Барута выкрывае сапраўдную прычыну гэтага «рэвалюцыйнага акту».

Ці маглі такія людзі хварэць душой за захаваньне багацьцяў краіны? Яшчэ менш былі зацікаўлены ў гэтым тыя, што стаялі над імі, што выпрацоўвалі і праводзілі такую палітыку.

«Спачатку йшлі краем засекі. Усюды ляжаў павалены лес: і ў шуртах і проста калодамі на зямлі. Там-сям ужо пакрыўся грыбком, спарахнеў, гніў...

-- Правая рука ня ведае, што робіць левая, -- капануўшы нагой гнілое палена, прамовіў Балевіч. -- Плян нарыхтовак лесу нашы бюракраты склалі, у Маскве зацьвердзілі й перадалі ЛесБелу для выкананьня, а пра тое, што няма каму й няма на чым вывезьці лес, забыліся... І ляжыць цяпер, грыбком аброс, гніе... а ў горадзе няма чым кватэру абагрэць... » («Партыйны таварыш»)

А потым безгаспадарлівасьць, руйнаваньне роднай зямлі перастала абураць людзей. Да гэтага прывыклі, прынялі, як нешта звычайнае й непазьбежнае. А калі хто адважваўся падняць голас, сказаць праўду, -- яму нядоўга заставалася быць на свабодзе. Апошнім часам шмат напісана правільнага й глыбокага пра вынішчэньне ў селяніне спрадвечнай цягі да зямлі, пра разбурэньне традыцыйнай працоўнай і гаспадарчай маральнасьці. Карціна Беларусі перадваенных гадоў, намаляваная Цэлешам, узнаўляе важны этап выхаваньня краіны ў духу інфантылізму. Звычайна гавораць пра інфантыльнасьць асобнага чалавека. Але грамадства, выхаванае ў перакананьні, што ёсьць нехта, хто ведае лепш за ўсіх і, тым больш, за «нас»; грамадства, якое вырасьціла ў кожным сваім грамадзяніне рабскае пачуцьцё згоды й маўчаньня; грамадства, у якім той, хто прымае рашэньне, не нясе ніякай адказнасьці, а той, хто адказвае, нічога не вырашае, -- такое грамадства інфантыльнае. І калі не вярнуць чалавеку пачуцьцё грамадзянскай адказнасьці за ўсё, што адбываецца ў краіне, пакуль ён не адчуе сябе гаспадаром і грамадзянінам, -- краіну не падняць.

Для Цэлеша ўсё ўпіраецца ў аднаўленьне дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі. Героі яго твораў зноў і зноў вяртаюцца да абмеркаваньня вытокаў залежнасьці то ад Масквы, то ад Варшавы. Асэнсоўваючы дзень сёньняшні, забіраюцца ў глыб гісторыі. Гаспадарчая дзейнасьць крывічоў і дрыгавічоў; Вялікае Княства Літоўскае й тагачасная дзяржаўная мова; трагэдыя Люблінскай уніі 1569 года; паўстаньне 1863 года; становішча Беларусі пры царызме і пры бальшавіках -- і многае, многае іншае зацікаўлена абмяркоўваецца людзьмі розных сацыяльных слаёў. «Гэтакія гамонкі, -- гаворыць Кастусь у няскончанай аповесьці «Першыя цаглінкі», -- першыя цаглінкі на новы падмурак для нашае Бацькаўшчыны, каб яна стала сапраўды вольнай!»

Ішлі гады эміграцыі. Адзінота, сьмерць сына, развал сям’і, старасьць, адарванасьць ад Бацькаўшчыны (як ён хацеў быць хаця-б пахаваным у роднай зямлі!), супрацьстаяньне дзяржаў параджалі пэсімізм, нявер’е ў тое, што даведзецца ўбачыць незалежную Беларусь. Апускаліся рукі, сьвет здаваўся чужым і варожым. Гэты настрой знайшоў адбітак у ліставаньні Цэлеша. Але не ў мастацкіх творах.