На двары было сыра. У хаце цесна й цёмна. Я сядзеў з букваром ля комінка. Трашчэлі смольныя карчы. Дзядзька Саўка, малодшы брат бацькі, паказваў мне, бо бацька быў зусім няпісьменны.
-- Аз, -- гаварыў ён.
Я паўтараў.
-- Аз.
-- Букі.
-- Букі.
-- Ведзі.
-- Ведзі.
-- Глаголь.
-- Глаголь.
Потым яшчэ і яшчэ, па парадку. Часамі Саўка закрываў буквар і прымушаў паўтараць прачытаныя літары напамяць. Як толькі я ўпэўніўся, што літару ведаю й не забуду, я імкнуўся ўнікнуць у яе нутраны сэнс.
-- А што гэта: азы?
-- Азы, -- адказваў настойліва Саўка.
-- А букі?
-- Букі.
-- Ведзі. Куды, каго вядзі?
-- Якая табе справа? -- пачынаў злаваць Саўка.
Але я не адставаў.
-- Букі... букі... Вуча, а сам не ведае.
Саўка шчыпаў мяне за бок. Я -- яго. Мы пачыналі біцца. Саўка быў старэй за мяне гадоў на восем, але фізычна слабы. Усё-ж плакаў я першы. Тады за мяне заступалася матка.
-- Завошта ты яго валтузіш? -- крычала яна.
Я сьмялеў і браўся за корч, каб ударыць Саўку. За яго заступаліся цётка, сястра бацькі, дзед, і ў хаце пачыналася сварка. Саўка забіраўся на печ і плакаў. Бедны Саўка, мне шкода станавілася яго.
Так праходзіў я «азы» і «букі».
Назаўтра я прыйшоў у школу амаль першым. У клясе было пуста. Я выйшаў на ганак і сеў. Хутка да мяне падышоў хлопчык Мацьвей. Ён жыў па суседству й таксама вучыўся. Мы сядзелі, гаварылі.
-- Ты ведаеш, што перш за ўсё трэба ведаць?
-- Не, -- адказаў я.
-- Што будзе? Навучу.
-- Ну, што?
-- Яблык дасі?
У бацькі быў сад. Мацьвей бачыў, што ў торбе ў мяне ляжаць яблыкі.
-- Дам.
-- Вельмі б’ецца наш Курылка, -- паскардзіўся Мацьвей.
-- А хто-ж гэта Курылка?
-- Настаўнік. Ён ня ведае, што завем мы яго так. Глядзі, не скажы.
-- Не! -- даў я слова.
-- Дык вось! Будзе Курылка цягнуць цябе за вуха ўлева, ты галаву паціханьку таксама круці ўлева. Калі ўправа, дык і ты ўправа. Калі ўгару, станавіся на цыпачкі.
Мацьвейка смачна еў яблык, чмокаў языком і гаварыў далей:
-- От з лапай дык горш.
-- А што гэта -- лапа?
-- Ты ня ведаеш?
Я маўчаў. Мацьвей пачаў растлумачваць, што лапа -- гэта ёсьць лапа.
-- Ну, ведаеш? -- гаварыў ён. -- Курылка зазлуецца. Тады возьме ён, значыцца, лінейку тую, дубовую, што на стале ў яго, і будзе біць тваю лапу.
Я зразумеў.
-- Дык вось! Як размахнецца лінейкай, а ты прымеш руку ды лінейка грукне аб стол, -- гэта горш. Рукі прымаць нельга...
-- А як-жа? -- сур’ёзна і ў задуменьні запытаў я.
-- Дай яшчэ адзін яблык.
Я даў. Мацьвей зноў пачаў есьці.
-- Лепш за ўсё трошкі, ціханька пад парту апусьціўшы руку, нацягнуць на далонь рукаў сьвіткі. Тады ня так шчыпле.
Мацьвей хіхікнуў, нацягнуў рукаў на далонь і паказаў, як даваць лапу Курылку.
-- А от як на жарству ставіць, гэта кепска. Калені баляць, і нічога ня зробіш. Я дык раблю так: сачу за настаўнікам. Ён адвернецца, я прысяду, а потым, калі трэба, зноў хуценька ўсхаплюся.
Так гаварыў я з Мацьвеем. Раптам званок затрашчэў на заняткі.
Курылка стаяў ля стала сярод класа й пучкамі маленькіх, як запалкі, лазовых палачак, павязаных па дзьве, тры, пяць і дзесяць, тлумачыў другой групе другое дзеяньне арыфмэтыкі. Я нічога не разумеў, а таму й ня слухаў, што кажа Курылка. Я аглядаўся навокал. Мне цікава было, што я ў школе. Перш-наперш я ўбачыў на стале Курылкі тоўстую дубовую лінейку, расшчэпленую з абодвух канцоў. Я дагадаўся, што гэта тая самая «лапавая» лінейка. Далей, у кутку, каля групкі, стаяла скрыначка з набітай жарствой. Назначэньне гэтай жарствы я ўжо ведаў.
Раптам Курылка топнуў нагой.
-- Мацьвей, ты чым займаешся?
Мацьвей падняўся з парты і глядзеў перад сабой.
-- Ідзі сюды!
Мацьвей вылез з-за парты.
-- Адымі ад трыццаці сямі дзевятнаццаць.
Мацьвей узяў анучу, сьцёр напісанае з дошкі і паставіў названыя лічбы. А далей, як відаць, ад спалоху, ня ведаў, што рабіць.
-- Ну!
Мацьвей стаіць.
-- Ну! -- ужо моцна крычаў Курылка. -- Ты слухаў, што гаварыў я?
Мацьвей маўчаў.
Курылка падбег да Мацьвея, узяў двума пальцамі -- вялікім і паказальным -- за валасы на патыліцы й пацягнуў угару. Мацьвей зморшчыўся, падняўся на цыпачках.
-- Дык ты так? -- крыкнуў Курылка, схапіў яго за каўнер, хацеў штурхнуць да дзьвярэй. Але разагнаўся ня ў меру. Ногі Мацьвея адарваліся ад падлогі, цыркулем павісьлі ў паветры. Бацькавы валёнкі паляцелі па класе. Мацьвей адарваўся, пакаціўся па падлозе, ударыўся аб ножкі парты. У класе стаяла мёртвая цішыня. Здавалася, каб павук дзе крануўся, дык і то было-б чуваць. Я сатраснуўся...