Уся ўвага была адведзена нам. Мы даганялі прапушчанае за тры тыдні. У школе мы займаліся цэлы дзень. Потым заняткі канчаліся, вучні ішлі дахаты, а мы зноў прыходзілі ўвечары.
Мы рашалі задачы, пісалі пад дыктоўку, займаліся гісторыяй, малявалі.
Настаўніца дамагалася, каб у нашым пісаньні ня было ні адной памылкі. Але гэта ніяк не ўдавалася. Літара яць заразала нас. Тады настаўніца садзіла нас у кружок каля лямпы і загадвала вучыць усе так званыя карэнныя словы напамяць. Мы хорам паўтаралі: «звёзды, сёдлы, гнёзды»... А пісалі іх праз яць: «звºзды, сºдлы, гнºзды». Нам здавалася гэта дзікім.
Была блытаніна й з напісаньнем літары «ы» пасля «р». Гэты склад у некаторых словах выгаварваўся цьвёрда, а пісаць трэба яго мякка, праз «і». Мы ніяк не маглі запомніць гэтага правіла, і настаўніца таксама загадвала вывучаць напамяць словы: пры... вры... жры...
Я яшчэ не паправіўся, як сьлед, ад хвароб і з набліжэньнем экзамену слабеў і слабеў. Урэшце зусім страціў сілы. Бывала, вучні гуляюць на перапынку, а я з клясы зусім ня вылажу. Думкі аб «яць» ня выходзілі з галавы. Гэта літара, здавалася, усюды са мной. Яна точыць маё сэрца і, як балячка, раз’ядае цела, кручкамі разрывае мазгі.
Перад самай вясной я зусім захварэў. Часта ў клясе страшэнна кружылася галава. З вачэй сыпаліся іскры, і плылі кругі: зеленаватыя, сінія, агнявыя. Я зрабіўся маўклівым. На ўроках часьцяком ня мог адказаць таго, што добра ведаў.
Была пераменка. Дзеці з крыкам, як галкі, насіліся па двары, а я схіліў галаву на парту й сядзеў нярухома. Падышла настаўніца.
-- А ты чаго ня гуляеш?
Я ўзьняў галаву і, мусіць, дзіка глянуў на настаўніцу. Празь мінуту яна паклікала вучняў і загадала:
-- Выцягніце яго ды добра адкамячце!
Вучні падхапілі мяне і, як мурашкі трутня, пацягнулі на двор. Я не спрачаўся.
-- Растармасіце яго! Дайце! Дайце!
Дзеці рады.
Яны камечаць сьнежкі, б’юць імі мяне. Я ляжу на сьнезе й плачу. Сам ня ведаю, чаго плачу.
Пасьля гэтага я некалькі дзён зноў не хадзіў у школу. Але й тут не пакідала літара «яць». Яна стаяла перад вачыма, нібы крывілася, усьміхалася, пагражала мне сваімі рожкамі...
Вось і вясна на дварэ. Буслы ў чырвоных ботах мераюць поле. На загонах цягнуцца худыя коні. Рыпіць саха.
-- Но-о-о! Каб цябе! -- чуюцца крыкі на палосах.
Нас пачалі адрываць ад заняткаў усё часьцей і часьцей. Настаўніца злавала. Урэшце Алёша зусім кінуў вучыцца. Я зайздросьціў яму.
Заўтра экзамен. На дварэ мажуць колы павозкі. Бегае настаўніца то да нас, то ў школу. Дзед мой, які павязе нас на экзамен, накладае ў торбу харчы. Матка дала мне чыстую адзежу. А як-жа? Ого! Хлапец едзе на экзамен, да чужых людзей, за трыццаць вёрст ад свае вёскі, -- трэба-ж хлопца прыбраць!
Вось мы й выехалі. Бацька нешта шапнуў дзеду й грозна папярэдзіў мяне:
-- Глядзі-ж! А то... шкуру зьдзяру.
У Выдрыцу, дзе павінен адбыцца экзамен, мы прыехалі рана. Пастух выганяў у поле кароў. Ля кожнай хаты ён спыняўся, падымаў трубу ўгару й трубіў. Труба аблівалася ўзыходзячым сонцам і ярка блішчэла.
-- Хутка экзамен, -- падумаў я. -- Як-бы так уцячы?!
Мы заехалі ў маленькі дворык. Усю ноч ліў дождж. Мы былі мокрыя. Старая бабулька, гаспадыня тае хаты, мне й Нічыпару сказала:
-- Лезьце на печ, пасьпіце! Яшчэ рана!
Мы палезьлі. Дзед мой павёў пасьвіць коні. Настаўніца некуды зьнікла. Я быў змораны й хутка заснуў.
У дарозе настаўніца нам расказвала, хто будзе на экзамене, як будуць пытацца і як трэба адказваць. Я ўжо ведаў, што ў камісіі будуць папы, земскі начальнік, прыстаў і яшчэ нейкія страшныя людзі. Ужо тады я прыдумваў прычыну для ўцёкаў.
Пасьля сну ў галаве пасьвятлела. Я надумаў такі плян: прабадзяцца дзе-небудзь гадзіны тры, нібы незнарок, нібы заблудзіўшыся, з такім разьлікам, каб прыйсьці ўжо ў канцы экзамену. Такім чынам я спадзяваўся выратаваць сваю шкуру і ад бацькі.
Я нікому нічога не сказаў, выйшаў на двор, пералез цераз плот, улез на нейкі нізенькі хлеўчык і азірнуўся навокал. Лес быў далёка. Але тут-жа, за вёскай, сярэбранай істужкай круцілася па залітым сонцам зялёным лузе рачушка. Дзе-нідзе, схіліўшы галовы, над ёй стаялі вербы. Я рашыў схавацца пад гэтымі дрэвамі.
Я сядзеў пад вярбой і глядзеў на свой цень у люстэрку вады. Па твары каціліся кроплі сьлёз. Яны пападалі ў рот, мачылі вочы, і мне неяк рабілася прыемна. Тут-жа, на лузе, пасьвіліся коні. Барабанілі званкі ля іх шыяў. Між імі хадзіў спутаны наш белагрывы й Нічыпараў гняды.
-- От, я сяду на каня й паеду дамоў, -- падумаў я.