Раптам на вуліцы пачуўся крык. Усьлед за тым на луг выбег Нічыпар, за ім -- дзед, за дзедам, як качка, на высокіх абцасах кавыляла, спатыкаючыся, настаўніца. Я дагадаўся, што шукаюць мяне. Дзе мне дзецца? Уцячы! Ужо позна. Убачаць. Сядзець на мейсцы? Значыцца, выдаць намер. А дзед скажа потым бацьку. А бацька?.. Ой, і бацька! Я рашыў выдаць свае сховы, нагнуўся над рэчкай і стаў мыцца. Крышталёвая вада змыла сьлёзы з твару. Мяне ўбачылі!
-- Што ты робіш тут?
-- Чаго ты ўцёк?
-- Дзе ты быў?
Усе пыталіся разам. Я сказаў:
-- Прыйшоў памыцца.
Дзед зірнуў мне ў твар, але нічога ня ўбачыў. Уцячы не ўдалося.
Мы ішлі ў школу. Сонца схавалася за невялікае воблачка, і на зямлю лёг цень. У мяне балюча сьціснула грудзі. Цямнела ў ваччу. Настаўніца, як відаць, угадала мой настрой. Яна сказала:
-- Ты ня бойся! Яны ня ўкусяць цябе.
Я падумаў: «Укусяць, гэта нічога...»
А яна навучала:
-- Ты ўсё ведаеш. Кажы, што будуць пытацца, вось і ўсё...
Гэтыя словы яшчэ горш палохалі мяне.
Мы падняліся па ўсходцах на ганак. У калідоры настаўніца спынілася, прапусьціла ўперад Нічыпара, а мяне затрымала. Яна ўзяла аднекуль з кутка белы кубачак і працягнула мне.
-- На, выпі! Гэта нічога, салодка.
Я спачатку адмаўляўся, потым выпіў. Настаўніца ўсьміхнулася. Адразу-ж мне стала нібы весялей. Нешта цёплае і прыемнае цякло па жылах, бадзёрыла сэрца, стукала ў скроні. Стала горача ўнутры.
-- Ну, а зараз ідзі, -- сказала настаўніца. -- Толькі не забудзься, як толькі ўвойдзеш, направа пакланіцца старэйшаму папу зь вялікім крыжам на грудзёх. Я ўвайшоў і адразу ўбачыў папа з крыжам. Я бухнуўся яму ў ногі. Поп не зьвяртаў на мяне аніякай увагі. А настаўніца не сказала: доўга ляжаць перад папом ці зараз-жа падняцца. І я ляжаў. Настаўніца ўвайшла ўсьлед за мной і кранула мяне нагой. Я падняўся. Настаўніца ўказала мне мейсца ля Нічыпара. Потым я даведаўся, што той, каму я кланяўся, -- вялікі папоўскі начальнік, і застаўся вельмі давольным маёй увагай да яго.
У клясе было каля дваццаці вучняў з розных царкоўна-прыходскіх школ нашай акругі. За сталом, пакрытым зялёным сукном, сядзелі члены камісіі. Той стары, якому я кланяўся, быў пасярод. Абапал яго два папы, маладзейшыя й па ўзросце і, як відаць, па чыну. Каля іх, з аднаго боку, у чорным касьцюме, зь вялікімі рыжымі вусамі, якія штомінуты шавяліліся ў бакі, як у сома, сядзеў земскі начальнік. З другога -- прыстаў у залатым пенснэ, з пагонамі, зь вялікім шнурам праз грудзі і з шабляй. Ён часта перакладаў нагу на нагу. Зьвінелі шпоры. Каля яго з чорнымі, страшэнна надзьмутымі вусамі, аблакаціўшыся на стол, сядзеў ураднік. Усе здаваліся страшней адзін другога.
Пачаліся экзамены. Спачатку былі закрытыя задачы. Нягледзячы на тое, што ад нечага выпітага ў мяне ўсё больш і больш шумела ў галаве, з задачай я справіўся амаль першым, але вось усьлед за задачай той старэйшы, якому я кланяўся, паклікаў нашу настаўніцу. Я ўвесь аж загарэўся. Мусіць, памылку ў задачы ўляпіў?! Што гэта будзе? Але, бачу, настаўніца ўсьміхнулася. Поп узяў да сябе паперку, на якой, пасьля я ўбачыў, стаялі ўсе прозьвішчы вучняў. Потым паклікаў мяне.
-- Прапаў! -- пранеслася думка ў мазгох.
І, разам з гэтым, сэрца ірванулася, здалося, у бакі. Галава павяла ўправа. Ногі нібы раскірэчыліся, не хацелі ісці. Я абапёрся аб парту, выйшаў на клас, стаў перад камісіяй. Я адчуваў, як дрыжэлі мае павекі.
Старэйшы запытаў яшчэ раз прозьвішча, імя, імя па бацьку, колькі год і пачаў экзаменаваць. Я адказваў. Ён прасіў гаварыць мацней. Што ён пытаўся, ні тады, ні цяпер я сказаць не магу. Пытаньне пападала ў адно вуха, я адказваў, і яно ляцела далей, праз другое. І як я адказваў, таксама ня памятаю. Больш за ўсё мне запомніўся твар старога, таго, што пытаўся. І цяпер я помню яго намазаныя нейкай тлустасьцю бліскучыя чорныя валасы, рабаватыя тоўстыя шчокі, чорныя бровы й вочы, вялікі, пасінелы на кончыку нос.
Чым больш стаяў я перад камісіяй, чым больш пыталіся ў мяне, тым больш і больш разьбірала выпітае. Тым мацней і мацней кружылася ў мяне галава.
Урэшце падлога, здавалася, кранулася ў мяне пад нагамі, усё загушкалася, закружылася навакол. Стары і ўся камісія перавярнуліся ўверх нагамі й паплылі ў нейкім тумане. Твары іх расплываліся, толькі вочы сачылі за мной. Потым усё зьмяшалася, здавалася, загуло й паляцела ў нейкую прорву. Я хацеў крыкнуць, але да вушэй, нібы аднекуль здалёку, данеслася:
-- Хопіць!
Пакаціліся сьлёзы. Я выскачыў на двор. У галаве стаяў нейкі чад. Мяне ірвала. Балеў жывот. Гарэла ў грудзёх, у роце была кісла і сьлізка. Але хутка мяне ўзяў у свае абдымкі сон.