Выбрать главу

Ні слыху ні дыху. Ніякіх вестак. Дый ня дзіва: пяць год ня было ні слыху ні дыху... Першыя цаглінкі.

НКУС. Народны камісарыят унутраных спраў БССР. А тут якраз і трэба найбольш высьцерагацца, бо НКУС, бясспрэчна, ведае прыказку: «Што ў цьвярозага ў галаве, тое ў п’янага на языку». «Янка сеяў -- людзі жалі».

Ня варта аўчынка вырабу. Пра справу, ня вартую намаганьняў, затрачаных сродкаў. Раней быў на ўтрыманьні UNRR'ы, а потым кінуў, ня варта аўчынка вырабу. Пернікавае сэрца.

Няза́вашта. Ні за што. От, Нупрэй і падумаў, што ты пайшоў на той сьвет, -- крыўдзіцца на яго нязавашта... -- адазваўся ўрэшце. Першыя цаглінкі.

Ня йсьці ў галаву. Не запамінаецца, не засвойваецца. Узяў у рукі кніжку, але чытаньне у галаву ня йшло. «Янка сеяў -- людзі жалі».

Ня кіем дык палкай. Аднолькава, бяз розьніцы. -- Зьяднаць?! Гэта значыць: ня кіем дык палкай! -- выклікнулі разам Ігнат з Кандратам. Хмары над Бацькаўшчынай.

Паварочваць аглоблі. Тут: вяртацца да старога. Дык паварочвай, брацец, аглоблі назад. Вярнуўся чалавек.

Павесіць нос. Адчайвацца, маркоціцца. Я ўспомніў пагрозы і павесіў, як гэта кажуць, нос. Курылка.

Паве́т. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расійскай імпэрыі і ў СССР да 1924 г., уваходзіла ў склад губэрні. -- Няма цяперака ніякіх паветаў, -- запярэчыў Богуш, -- раёны ўсюды... У імя догмы.

Пагосцкі. Могільнікавы. Пасярод вёскі маркотна шумеў пагосцкі бярэзьнік. Акупанты.

Падкула́чнік. Селянін, які дзейнічаў у інтарэсах кулака. Падкулачнік я! Падкулачнік! Хай ужо будзе й гэтак... На межах.

Падлоўчы. Старшы аб’ездчык, лясьнічы. Бацька мой быў падлоўчым і лічыўся «панам»... Цётка Магда.

Падносак. Частка падэшвы ў абутку ад наска да палавіны ступні. І яшчэ адно: якраз у гэты час у адным зь ягоных чаравікаў адарваўся падносак... Пёрка й іншыя.

Падпа́сак. Памочнік пастуха, звычайна падлетак. Мацьвей часта хадзіў з бацькам за падпаска. Курылка.

Падсту́пна. Вераломна, каварна. У 980 годзе Ўладзімер Сьвятаславіч падступна напаў на Полацак... Летапісная Неміза.

Па́йка. Паёк. Пэўная колькасьць ежы, выдзеленая адпаведна ўстаноўленай норме (вайсковая, турэмная пайка). Куды ні пойдзеш, зь кім ні пагамоніш, чуеш толькі адно: няма дроў, нехапае пайкі, дзеці галодныя, не дастаць абутку, няма кватэры, усюды чарга... Пёрка й іншыя.

Пайсьці на той сьвет. Памерці. От, Нупрэй і падумаў, што ты пайшоў на той сьвет... Першыя цаглінкі.

Пакана́ны. Зьнішчаны. Хутчэй за ўсё на Нямізе былі пакананыя Яраславічы, а не Ўсяслаў. Летапісная Няміза.

Памара́нчык (польск.). Апельсін. Любенькая, купіце мядку зь кілаграмік, ды сьлівачнага масьліка, ды яечак зь дзесяць, памаранчыкаў, ды зварыце ўсё гэта разам, ды папаіце ім хлапчука -- усю хворасьць як рукой здыме. Пёрка й іншыя.

Па́нцыр (ням.). Браня, танк. Ты чуеш, Алесь, як недзе грукочуць панцыры? «Янка сеяў -- людзі жалі».

Паняве́рка. Тут: зьнявага. Беларускі народ нясе іхныя імёны на сваіх шчытох і па-сёньня, не зважаючы на тэрор і паняверку... Ападкі.

Папу́каць (польск.). Пастукаць. Калі сьцямнела, Богуш па агародах дабраўся да школы і ціха папукаў пальцам па шыбе. У імя догмы.

Параві́к. Паравоз, поезд з паравозам. Цяжка сапучы, паравік загамаваў рух і спыніўся на паўстанку. Хмары над Бацькаўшчынай.