— Што гэта за нікчэмнасцяў да мяне прывалаклі? — спытаў Вярхоўны Гоблін.
— Гномы і вось гэты! — сказаў адзін з паганятых, торгаючы Більбаў ланцуг так, што хобіт упаў на каленкі. — Яны хаваліся побач з нашай Пярэдняй Брамай.
— I што б гэта значыла? — спытаў Вярхоўны Гоблін, павярнуўшыся да Торына. — Нічога добрага, клянуся! Шпіёнілі за маім народам! Не здзіўлюся, калі вы яшчэ і зладзеі! Найбольш верагодна, што і забойцы, і сябры эльфаў! Ну? I што ж вы нам распаведзяце?
— Гном Торын да вашых паслуг! — адказаў той, зразумела, выключна з ветлівасці. — Падазрэнні вашыя цалкам неабгрун-таваныя. Мы пра такое і паняцця не мелі. Мы хаваліся ад навальніцы ў пячоры, якая, на наш погляд, была незанятая і нікім не выкарыстаная. У нас нават і ў думках не было турбаваць гоблінаў якім бы тое не было чынам.
Што было цалкам слушна.
— Хм, — сказаў Вярхоўны Гоблін, — так, значыць, кажаце. А ці магу я спытаць, што вы ўвогуле робіце ў гарах, і куды імкняцеся, і адкуль падарожнічаеце? Зразумела, адказ ваш лёс значна не папепшыць, бо я ўжо дастаткова ведаю пра твой народ, Торын Дубатарч. Аднак жа лепш мне даведацца праўду, альбо я, клянуся, падрыхтую для вас што-небудзь асабліва непрыемнае!
— Мы падарожнічалі, каб сустрэцца з нашымі родньші, пляменнікамі і пляменніцамі, шваграмі, сваякамі, дзядзькамі, стрыечньші братамі і сёстрамі і іншьші нашчадкамі нашых прадзедаў, якія жывуць на Ўсход ад гэтых сапраўды гасцінных гор, — сказаў Торын, не зусім упэўнены, што дакладна казаць
— праўда ў дадзеных абставінах была не лепшым выбарам.
— Ён хлусіць, о Найсапраўднейшая Агромністая Вашамосць,
— сказаў адзін з паганятых. — Частка нашых была пабітая маланкай, калі мы запрашалі гэтых пачвараў пайсці з намі. Некаторых забіла на месцы. Таксама ён не паведаміў вось пра гэта! — і гоблін працягнуў наперад меч, які насіў Торын, той самы, які быў знойдзены ў тролевым берлагу.
Вярхоўны Гоблін аж завішчэў ад шаленства, калі зірнуў на яго, і ўсе яго салдаты заскрыгаталі зубамі, загрукаталі тарчамі і затупаталі. Яны адразу ж пазналі меч. У свой час ён забіў сотні гоблінаў, калі светлыя эльфы Гандаліна палявалі на іх у гарах ці біліся з імі пад сценамі. Эльфы далі яму імя Оркрыст, «Які Сячэ Гоблінаў», аднак жа гобліны звалі яго проста — «Кусач» і не-навідзелі яго, а яшчэ больш таго, хто гэты меч насіў.
— Забойцы і сябры эльфаў! — закрычаў Вярхоўны Гоблін.
— Секчы іх! Кусаць іх! Лупцаваць іх! Бізунамі іх! Кіньце іх у змрочныя змяіныя норы! Няхай яны ніколі больш не ўбачаць святла!
Так ён ашалеў, што нават сам саскочыў з каменя і кінуўся на Торына, разявіўшы ляпу.
У гэты самы момант усе агні ў пячоры раптам памерлі, а вялікае вогнішча ў сярэдзіне згасла, хлопнуўшы — пуф-ф! — і ад яго ўзняўся слуп зіхотка-блакітнага дыму аж да самай столі. Ад яго ва ўсе бакі на гоблінаў пасыпаліся пранізліва яркія iv Іыя іскры.
Такая мітусня пачалася, крыкі, лямант, віскат, стогны, пра-клёны, воплі, вохканне, грукат, рыканне, рыпенне і бурчанне — апісаць немагчыма. Некалькі сотняў дзікіх катоў ды сабак, якіх разам павольна смажаць жыўцом, такога б енку не нарабілі. Іскры прапальвалі ў гоблінах дзіркі, а дым запоўніў усю пячору і быў такі густы, што і гоблінавы вочы праз яго бачыць не маглі. Хутка гобліны пачалі спатыкацца ды валіцца кучамі на падлогу, кусаючыся ды брыкаючыся, ды лупцуючы адзін аднога — карацей кажучы, зусім звар'яцелі.
Раптам заблішчэў сваім уласным святлом меч. Більба ўбачыў,
як ён працяў Вярхоўнага Гобліна наскрозь, калі той стаяў, аслупянелы, сярод ляманту і мітусні. Ён упаў мёртвы, а гобліны-салдаты, завішчэўшы, пабеглі ад мяча ў цемру. Меч вярнуўся ў похвы.
— Хутка за мной, — сказаў жорсткі і спакойны голас, і не паспеў Більба зразумець, што ж адбываецца, як ужо пакулыаў услед за напятым ланцугом яшчэ глыбей уніз, і крыкі за спінай у гоблінавай зале адцаліліся. Наперадзе, як правадыр, ззяў цьмяны агеньчык.
— Хутчэй, хутчэй! — сказаў голас. — Паходні хутка запа-ляць зноў!
— Хвілінку! — сказаў Доры, які ў чарзе закаваных гномаў быў побач з Більба і быў гномам сумленным. Ён падставіў хобіту карак і дапамог узлезці, як мог са скаванымі рукамі, і ўсе разам пабеглі, бразгаючы ланцугамі і спатыкаючыся — цяжка бегчы роўна, калі рукі скаваныя. Праз невялікі час спыніліся. Яны знаходзіліся ўжо ў самым сэрцы гары.
Тут Гэндальф і запаліў свой посах. Ну, вядома, гэта менавіта Гэндальф усчаў усю мітусню, але ж гномы ў той час былі надта занятыя, каб распытваць, як ён сюды трапіў. Ён зноў выцягнуў меч з похваў, і той заззяў сам сабою ў цемры. Меч палаў ад шаленства, калі гобліны былі побач, а зараз ён ззяў блакітным полымем, задаволены, што забіў гаспадара гоблінскае пячоры. Ён пасек гоблінавы кайданы ў момант, вызваліўшы ўсіх палонных. Імя гэтага мяча, як вы памятаеце, было Гламдрынг, альбо «Молат Ворагаў». Гобліны звалі яго проста «Лупцун» і ненавідзелі яшчэ горш за «Кусача» (калі такое ўвогуле магчыма). Оркрыст таксама быў выратаваны, бо Гэндальф прынёс яго з сабою, выхапіўшы ў аднаго з перапалоханых гоблінаў-вартаўнікоў. Гэндальф пра ўсё клапаціўся, і хоць не быў усёмагутны, для сяброў, якія патрапілі ў бяду, зрабіць мог шмат.
— Усе тут? — спытаў ён, вярнуўшы меч Торыну. — Так, паглядзім! Першы — Торын, другі, трэці, чацвёрты, пяты, шосты, сёмы, восьмы, дзевяты, дзесяты, адзінаццаты — дзе Філі з Кілі? — а, вось яны! Дванаццаты, трынаццаты — і спадар Торбінс. Чатырнаццаць! Добра, добра, магло б быць і горш. Зразумела, магло б атрымацца і значна, значна лепш. Без поні, без ежы, не ведаем, дзе знаходзімся, плюс плойма гоблінаў за спінай! Добра, рушылі!
I рушылі. Гэндальф не памыляўся: яны пачулі недзе далёка, ззаду, у тунелях, якія ўжо прабеглі, гоблінскія крыкі і жудасны лямант. Гэта іх яшчэ больш прыспешыла. Бедны Більба і на палову так хутка бегчы б не змог — гномы, я вам скажу, здольныя нагамі варушыць з неверагоднай хуткасцю, калі патрэбна. Таму гномы падхапілі Більба і неслі па чарзе.
Але гобліны — бегуны лепшыя за гномаў, а гэтыя гобліны і шлях ведалі лепей, бо самі яго рабілі, да таго ж раззлаваліся гранічна. Так што, як гномы ні стараліся, а гоблінавы крыкі ды енкі чуліся ўсё бліжэй. Хутка стала магчыма адрозніць і пляскатанне гоблінскіх ног па падлозе, шмат крокаў ззаду — а здавалася, адразу ж за апошнім паваротам. Ужо і чырвоныя блішчынкі паходняў можна было пабачыць за спінай у тунелі, і гномы смяротна стаміліся.
— Ну навошта, навошта я пакінуў сваю нару! — мармытаў бедны спадар Торбінс, падскокваючы на Бамбуравым карку.
— Ну навошта, навошта я згадзіўся ўзяць гэтага нікчэмнага небараку хобіта на паляванне па скарбы! — казаў бедны Бамбур, які быў тоўсты, перапалоханы, цяжка дыхаў, і пот з яго каціўся градам.