Выбрать главу

Эльфы атакавалі першыя. Яны спрадвеку ненавідзелі гоб-лінаў, і нянавісць іх была падобная да халоднага, жорсткага полымя. Іх дзіды й мячы ільдзіста ззялі ў змроку — такая злосць апанавала тымі, хто гэтую зброю трымаў. Як толькі ворагі шчыльна згрувашчыліся ў даліне, эльфы абрынулі на іх залеву стрэл, і кожная блішчэла ў палёце, нібы падпаленая злым агнём. За стрэламі тысяча дзідароў рушыла з-за скалаў і атакавала. Пачаўся аглушальны гвалт. Камяні пачарнелі ад гоблінскай крыві.

Толькі гобліны ачунялі ад першага націску і спынілі рух эльфаў, як з другога боку даліны пакаціўся моцны, густы крык. Зароўшы «Морыя!» і «Дайн, Дайн!» гномы Жалезных Стромаў шалёна рушылі ўніз з іншага адгор'я з цяжкімі абухамі ў руках, а, побач з імі — Азёрныя людзі з доўгімі мячамі.

Паніка ўсчалася сярод гоблінаў. Калі яны павярнулі, каб абараніцца ад новага нападу, эльфы атакавалі яшчэ мацней. Ужо шмат гоблінаў уцякала ўздоўж ракі, каб вырвацца з пасткі, ваўкі, звар'яцеўшы, кінуліся на сваіх, раздзіралі мёртвых ды параненых. Здавалася, вось яна, перамога, але раптам з вышыні пачуўся кліч.

Гобліны перайшлі Гару, і ўжо шмат іх сабралася над Брамай, а іншыя імкнуліся ўніз, нібы рака, не звяртаючы ўвагі на тых, хто з віскатам і лямантам падаў са скалаў ды адхонаў. Гобліны намерваліся атакаваць адгор'і зверху! На кожнае вяла з Гары сцежка, і надта мала было абаронцаў, каб утрымліваць іх доўгі час. I надзея на перамогу пагасла ў сэрцах. Бо відавочна стала, што стрымалі толькі першы націск чорнай навалы.

Час ішоў. У даліне зноў сабраліся гобліны. Туды ўварваўся і атрад мацнейшых Варгаў, а з імі разам — гвардыя Больга, велізарныя гобліны са сталёвымі ятаганамі. Сапраўдная цемра агарнула зацягнутыя хмарамі нябёсы, а кажаны ўсё кружлялі над галовамі людзей і эльфаў або, нібы вампіры, смакталі кроў параненых і забітых. Цяпер Бард цяжка біўся, каб абараніць усходняе адгор'е, і павольна, крок за крокам, адступаў. Эльфійскія ўладары біліся побач са сваім каралём, прыціснутыя да вартавога паста на Крумкачовай Строме, на паўднёвым адгор'і.

Знянацку пачуўся моцны крык, і ад Брамы данёсся гук трубы. Торын, на якога ўсе забыліся! Частка сцяны, якую рушылі рычагамі, павалілася з пляскатам у возера. 3-за яе скочыў Кароль-Пад-Гарой, і ягоныя прыспешнікі рушылі за ім. Цяпер не было на іх ані плашчоў, ані капелюшоў, браня іх ззяла, і чырвоным агнём свяціліся іх вочы. У змроку магутны Торын Дубатарч блішчэў нібы золата на пахавальным вогнішчы.

Зверху на іх пачалі кідаць каменні, але гномы ўпарта рушылі, дабеглі да вадаспаду і кінуліся ў бойку. Ваўкі і вершнікі падалі ці ўцякалі перад імі. Торынава сякера біла ворагаў нібы пярун, і, здавалася, нічога не магло спыніць ані яго, ані яе.

— Да мяне! Да мяне! Эльфы і людзі! Да мя'не, мая кроў! — закрычаў ён, і голас ягоны загучаў нібы горн у даліне.

Усе гномы з Дайнам разам, нават не шыхтом, а паасобку, рушылі наперад. Разам з імі атакавала і шмат людзей з Возера, бо Бард не здолеў іх затрымаць, а з іншага боку спусцілася шмат эльфаў-дзідароў. Зноў паніка завалодала гоблінамі, густа падалі трупы, пакуль уся даліна не пакрылася іх чорнымі мярзотнымі кучамі. Варгі разбегліся, і Торын урубіўся ў шэраг целаахоўнікаў Больга. Але прабіць яго не здолеў.

Ужо за ім сярод мёртвых гоблінаў ляжала шмат людзей ды гномаў, і шмат эльфаў, якія маглі б яшчэ доўгія вякі весела жыць у сваіх лясах. Даліна пашыралася, і ціск атакі слабеў. Надта мала было ваяроў. Ніхто не вартаваў флангаў. Хутка тыя, хто атакаваў, ператварыліся ў тых, каго атакавалі, вакол іх самкнулася пакуль яшчэ шырокае кола юблінаў ды ваўкоў, якія сабраліся зноўку. 3 выццём і віскам гвардыя Болыа рушыла на іх шэрагі, нібы марская хваля на сцены з пяску. Сябры не маглі дапамагчы, бо з Гары атакавалі з падвойнай сілай, і з кожнага боку людзі і эльфы павольна адступалі.

У глыбокім смутку пазіраў на ўсё гэтае Більба. Стаяў ён сярод эльфаў на Крумкачовай Строме, часткова таму, што адсюль было лягчэй уцячы, а часткова (тое казала ягоная Хватаўская частка) таму, што, калі б надышоў час апошняй, адчайнай бойкі, хобіт наш жадаў бы абараняць Караля Эльфаў. Скажу, што і Гэндальф таксама быў там, сядзеў на зямлі ў задуменні. Верагодна, таваў на сканчэнне нейкі чароўны выбух.

I, здавалася, канец ужо непадалёк. «Хутка, — падумаў Більба, — гоблшы зоймуць браму, а нас усіх пераб'юць ці згоняць уніз ды возьмуць у палон. Ну, нават плакаць хочацца. Праз столькі прайшоўшы — так скончыць. Па мне, то лепей бы стары Драк застаўся жывы на гэтых нікчэмных скарбах, бо ўсё дастанецца клятым чорным пачварам, каб іх! Стары небарака Бамбур, і Балін, і Філі, і Кілі, і астатнія… дрэнна скончылася ўсё, дрэнна. I Бард, і людзі з Возера, і вясёлыя эльфы… Няшчасны я! Чуў я песні пра паразы, пра ваяроў, якія змагаліся да апошняга і загінулі, не страціўшы гонару. Нібы параза можа быць славутай і шляхетнай. Здаецца, анічога няма тут славутага, непрыемна толькі, калі не сказаць горш. Жадаў бы я быць як мага далей адсюль».

Тым часам вецер раздзёр хмары, і з Захаду прабілася чырвонае святло. Раптоўнае святло прымусілаБільбапавярнуцца ды зірнуць угору. I закрычаць уголас: з таго, што ён убачыў, аж сэрца скочыла ў грудзёх — цёмныя постаці, маленькія, але велічныя ў промнях вечаровага сонца.

— Арлы! Арлы! — закрычаў ён. — Арлы прыляцелі!

Більбавы вочы рэдка памыляліся. Шэраг за шэрагам, разам з ветрам ляцела вялікая колькасць арлоў. Напэўна, яны сабраліся з усіх гняздоўяў Поўначы.

— Арлы! Арлы! — крычаў Більба і танчыў, і махаў рукамі.

Хоць эльфы і не бачылі яго, дык, напэўна ж, пачулі. Хутка яны падхапілі крык, і той панёсся па даліне. Шмат здзіўленых вачэй зірнула ўверх, хоць убачыць птушак можна было толькі з паўднёвага адгор'я Гары.

— Арлы! — закрычаў Більба яшчэ раз, але ў гэты момант камень, які шпурнулі зверху, цяжка ўдарыў па ягоным шаломе. Більба паваліўся на зямлю, і яго агарнула цемра.

Частка 18

ШЛЯХ ДАХАТЫ

Калі Більба апрытомнеў, то пабачыў, што ляжыць на пляскатых халодных камянях Крумкачовай Стромы, і побач — зусім нікога. Празрыстыя, халодныя нябёсы былі над ім. Беднага хобіта калаціла, змёрз ён жудасна, але галава палала агнём.

— Дык што ж здарылася? — спытаў ён у сябе. — У любым выпадку, да ліку памерлых герояў я пакуль не належу. Аднак перайсці да такога становішча, здаецца мне, час і магчымасць яшчэ ёсць.

Ён сеў, скрывіўшыся ад болю. У даліне жывых гоблінаў бачна не было. Праз пэўны час у галаве трошачкі праяснілася, і ён заўважыў эльфаў, якія хадзілі ніжэй, каля скал. Хобіт пацёр вочы. Відавочна, непадалёк на раўніне яшчэ стаяў лагер, і, калі вочы не падманвалі, нехта хадзіў да Брамы і ад яе. Гномы зацята раз-біралі рэшткі сцяны. I над усім панаваў смяротны спакой. Ані крыкаў, ані водгулля песень. Здавалася, туга павісла ў паветры.

— Перамога, у рэшце рэшт! — выгукнуў хобіт. — I невясёлая ж тое, здаецца, справа.

Раптам ён заўважыў чалавека, які ўскараскаўся на Строму і скіроўваўся да яго.

— Гэй, прывітанне! — паклікаў хобіт дрыготкім голасам. — Прывітанне! Якія навіны?

— Чый там голас чуецца сярод камення? — сказаў чалавек, спыніўшыся ды ўзіраючыся некуды над Більбавай галавой. Тут Більба ўспомніў пра пярсцёнак!

— Вох, такія, значыць, справы! — сказаў ён сабе. — I нябачнасць мае свае недахопы. Інакш, можа быць, ноч я правёў бы прыемна на цёплым ды мяккім ложку.

— Гэта я, Більба Торбінс, кампаньён Торына! — закрычаў хобіт, паспешліва сцягваючы пярсцёнак.

— Добра, што я знайшоў цябе, — сказаў чалавек і крочыў да яго. — Мы доўгі час цябе шукалі, бо ты патрэбны. Шмат народу загінула, і цябе палічылі б сярод забітых, калі б не Гэндальф. Ён казаў, што апошні раз твой голас чулі менавіта тут. Мяне паслалі, каб я пры канцы сюды зазірнуў. Ты цяжка паранены?