Выбрать главу

Басё

Хоку

* * *
Вясна на дварэ. Толькі дзевяць дзён палям і пагоркам.
* * *
Сакуры зацьвілі — і ночы мінулі ў наўкольлі.
* * *
Цягне цыбаты дождж парасткі ўгору. Утравянела сьцежка.
* * *
Перад красою кветак і месяц зьніякавеў: схаваўся за аблачынку.
* * *
Спадае вада: вярба гладзіць нахіленым вецьцем ціну.
* * *
Вясна адыходзіць: птушкі смуткуюць, у рыбін вочы-сьлязіны.
* * *
Цёхкаюць салаўі! Тут — перад гэтым гаем, там — за тою вярбінай.
* * *
І самага доўгага дня замала, каб высьпевацца, жаўруку.
* * *
Ластаўкі, выпадкова мне ў чарку зь віном ня ўкіньце глебы драбок!
* * *
Рассталіся двое сяброў — двое дзікіх гусей: між імі шырэе захмараная мяжа.
* * *
Старая сажалка. Жабка ў ваду скокнула: гук усплёску.
* * *
Лётае матылёк трапятлівы ў полі — вось і ўвесь цень.
* * *
О, прачніся, прачніся — зрабіся маім сябруком, зьнерухомлены матылёк!
* * *
На кветку, якая не пахне, сеў матылёк — вяльможлівыя прыцуды.
* * *
Блукалец-крумкач, ці знойдзеш леташняе гняздо? У квецені — сьлівы.
* * *
Разлі свой водар і тут, ля ўзгорка, дзе здабываюць зьляжалы торф, квяцістая сліва.
* * *
Дзяржальна гэтага малатка калісьці было камлём камеліі ці мо — слівы?
* * *
Зрабілі душою сваёй салаўя і сьпяць? Ніцыя вербы.
* * *
Стварайцеся, на мой стары твар не падобныя вершы!.. Першай сакуры цвет.
* * *
О, колькі сёньня прыгадваецца ўсяго: гляджу на сакуру ў цьвеце.
* * *
І гэтак штогод! Ападаючы з сакуры, цьвет корміць карэньне.
* * *
О, як я зайздрошчу ёй: у гарах сакура закрасавала.
* * *
Нават галяндцы, і тыя прыехалі сакурам дзівавацца. На конях — сёдлы.
* * *
На сакуры, што зацьвілі, дуб не звяртае ніякай увагі: сам сабе постаць!
* * *
Ах, верабейка-дружа, ня зь'еш авадня: і яго прывабілі кветкі.
* * *
Нават славуты вой, захоплены сакурай, ператварыўся ў сем простых ваяк.
* * *
Згук звону растаў. Паветра дыхае водарам. Вечар.
* * *
Мо для мяне пакінуў? Прайшоў журавель, не абскубшы балотнай пятрушкі.
* * *