Выбрать главу
Сьпякотлівы ліпень! Акрыла хмурынкаю галаву гара Арасі.
* * *
Летнія ліўні! Вада ў рацэ зраўнялася з вадаспадам.
* * *
Месяц дажджоў. Схілілі сланечнікі галаву: можа, сонца — унізе?
* * *
Згадаў галінку сасны — і ўраз адчуў прахалоду.
* * *
З вязанкаю сена на сьпіне: дарожны ўказальнік мне той чалавек у стэпе.
* * *
Верхнюю вопратку зьняў і нясу на сабе — вось і ўсё зьмены зь зімы на лета.
* * *
На рысавым полі ўвішна. І я вандрую ўвесь век — няйначай, рыхтую сьвет пад сяўбу.
* * *
Хадземце, сябры, са мною! Калосьсе будзем жаваць, спаць на траве пад небам.
* * *
Схапіўся, як за апору, за колас жытнёвы. О, ростань!
* * *
Ірысы. Прысесьці ля іх
і пагутарыць — хіба гэта таксама не падарожжа?
* * *
Ніякага знаку, што неўзабаве памерці мусяць: сьпевы цыкад.
* * *
Белыя макі! Здаецца, што расьцвілі восеньскія дажджыны.
* * *
Дажджыць і дажджыць! Пачарнела на полі сьвежае ржышча.
* * *
Захад, усход — усюды аднолькавы смутак. Восеньскі вецер.
* * *
Зьмяркаецца. Адно голас дзікае качкі бялее ледзь-ледзь над морам.
* * *
Вымавіш слова — здубеюць губы. Восеньскі вецер.
* * *
На ссохлым суку крумкач нанач знайшоў прытулак. Глухая восень.
* * *
Тады зразумееце мае вершы, калі заначуеце ў полі пад сьцюжным ветрам.
* * *
Поўня! Ёю любуючыся, прахадзіў наўкола сажалкі ноч.
* * *
У сьцюжы начной на дол апала гусь у зьнямозе — вось гэтак начуюць вандроўцы.
* * *
Усё, што ні ёсьць на сьвеце, пашамаціць і аціхне — нібы чараціна.
* * *
Дзікая ружа, што красавалася ўскрай дарогі, трапіла ў пашчу майму каню.
* * *
Нібы раніцовыя кветкі — манахі: колькі ўжо іх адцьвіло! А вера стаіць, як хваіна.
* * *
Гэткія розныя, а цьвіце кожная зёлка па-свойму. Вось гэта і подзьвіг.
* * *
Вада — халадэча. Ніяк не можа на ёй заснуць самотная чайка.
* * *
Карэньне цыбулі адмыта да гэткай чысьціні — аж сьцюжна.
* * *
Можа, пазычыць апратку у пудзіла — каб заснуць? Апоўначы шэрань.
* * *
Выпаў на досьвітку сьнег — і стрэлкі цыбулі сталі адзнакамі агароду.