Льюіс Клайв Стэйплз
Хронікі Нарніі. Пляменнік чараўніка
Cям’і Кілмер прысвячаецца
Пра галоўнага героя гэтай кнігі
«... Спадзяюся, прачытаўшы гэта, ты ўбачыш, што ў кнізе схаваны больш глыбокі сэнс. Уся гісторыя Нарніі — пра Хрыста. Я запытаў сябе: «Калі б сапраўды існаваў свет, падобны да Нарніі, і калі б справы ў ім (як у нашым свеце) пайшлі кепска, і калі б Хрыстос пажадаў прыйсці ў гэты свет і выратаваць яго (як Ён зрабіў у нашым), што б здарылася?» Гэтыя гісторыі — мой адказ. Нарнія — свет Гаваркіх Істотаў, і таму я падумаў, што там Ён стаў бы для іх Гаваркой Істотай, як Ён зрабіўся чалавекам тут. Я адлюстраваў Яго як ільва таму, што:
A) Леў лічыцца царом звяроў.
Б) У Бібліі Хрыста называюць “Ільвом Юды”.
B) Мне сніліся дзіўныя сны пра львоў, калі я пачаў пісаць кнігу.
Кожная з кніг раскрывае сваю частку:
“Пляменнік чараўніка” распавядае пра стварэнне свету і пра тое, як зло прыйшло ў Нарнію;
“Леў, Вядзьмарка і гардэроб” — пра ўкрыжаванне і ўваскрасенне;
“Прынц Каспіян” — пра ўзнаўленне сапраўднай веры пасля адступніцтва;
“Конь і яго хлопчык” — пра пакліканне і навяртанне паганца;
“Падарожжа «Заваёўніка світанку»” — духоўнае жыццё (асабліва ў Рыпічыпа);
“Срэбнае крэсла” — працяглая вайна з сіламі цемры;
“Апошняя бітва” — прыход Антыхрыста (Малпы), канец свету і Апошні Суд».
Клайв Стэйплз Льюіс у лісце да Ан, 5 сакавіка 1961 года.
Не тыя дзверы
Гэтая гісторыя пра тое, што адбылося даўным-даўно, калі ваш дзядуля быў яшчэ немаўляткам. Гісторыя вельмі важная, бо тлумачыць, як пачаліся вандроўкі з нашага свету ў Нарнію і назад.
У тыя часы містар Шэрлак Холмс яшчэ жыў на Бэйкер Стрыт і Бэстаблы[1] яшчэ шукалі скарб на Люішэм Роўд. У тыя часы хлопчыкі штодня мусілі насіць цвёрдыя каўняры, і школы былі горшыя, чым цяпер. Але вось ежа была лепшая, а што да цукерак, то не буду апісваць вам, якія смачныя і танныя яны былі, бо ад гэтага ў вас пацякуць слінкі. I ў тыя часы ў Лондане жыла дзяўчынка, якую звалі Полі Пламэр.
Яна жыла ў адным з дамоў, што стаялі цесным шэрагам, сцяна да сцяны. Аднойчы раніцай яна выйшла ў сад за домам і ўбачыла, як нейкі хлопец залез на плот з боку суседскага саду. Полі вельмі здзівілася, бо раней у тым доме ніколі не было дзяцей. Там жылі старыя халасцякі: містар Кэтэрлі і міс Кэтэрлі, брат і сястра. Таму яна зацікаўлена паглядзела на хлопца. Яго твар быў вельмі брудны, нібыта ён спачатку выпацкаў рукі ў зямлі, моцна паплакаў і пасля выцер твар рукамі. Сказаць папраўдзе, амаль гэтак і было.
— Вітаю,— прамовіла Полі.
— Вітаю,— азваўся хлопчык.— Як цябе клічуць?
— Полі,— сказала Полі,— А цябе?
— Дыгары,— адказаў хлопчык.
— Ого, якое смешнае імя,— хіхікнула Полі.
— А Полі — яшчэ больш смешнае,— заўважыў Дыгары.
— Няпраўда,— запярэчыла Полі.
— Праўда,— адказаў Дыгары.
— Прынамсі, я ўмываюся,— сказала Полі.— Табе варта было зрабіць тое самае, асабліва пасля...— тут яна змоўкла. Яна збіралася мовіць: “Пасля таго, як ты плакаў,” але падумала, што гэта будзе няветліва.
— Так, я плакаў! — сказаў Дыгары гучным голасам. Яму было ўсё адно, што пра яго падумаюць, бо ён быў моцна засмучаны.— Ты б таксама плакала,— працягнуў ён,— калі б усё жыццё пражыла за горадам, мела поні, у вас у садзе цякла рака, а пасля цябе прывезлі б жыць у гэтую жудасную дзірку.
— Лондан — зусім не дзірка! — абурылася Полі.
Але хлопчык быў настолькі ўзрушаны, што не звярнуў на яе ніякае ўвагі і працягнуў:
— ... і калі б твой бацька быў далёка ў Індыі, і табе трэба было пераехаць да цёткі і дзядзькі, сапраўднага вар’ята (а каму такое спадабаецца?), і калі б гэта было праз тое, што яны даглядаюць тваю маму, якая вельмі хворая і... і... памірае.— Тут яго твар скрывіўся, як у чалавека, які спрабуе стрымаць слёзы.
— Я не ведала, прабач...— сказала Полі. I потым, каб перавесці размову на штосьці больш вясёлае, запыталася:
— Містар Кэтэрлі насамрэч вар’ят?
— Ну, ён ці з глузду з’ехаў,— адказаў Дыгары,— ці яшчэ што. Цётка Лэці забараняе мне заходзіць у яго кабінет на гарышчы. Ужо адно гэта падазрона. I вось яшчэ што: кожны раз, калі ён звяртаецца да мяне падчас абеду,— а з ёй ён ніколі нават не спрабуе паразмаўляць,— цётка загадвае яму змоўкнуць. Яна кажа: “Не турбуй хлопчыка, Эндру”, або: “Я ўпэўненая, што Дыгары не хоча слухаць пра гэта”, або: “Дыгары, ці не пагуляць табе ў садзе?”
— А што ён спрабуе сказаць?
— Я не ведаю. Ён ніколі не паспявае сказаць шмат. Але гэта яшчэ не ўсё. Учора ўвечары, калі я ішоў спаць, то праходзіў міма лесвіцы на гарышча. I мне здалося, што я пачуў ускрык.