— Стой! — крыкнула Полі.— Можа, трэба пазначыць гэтае, наша?
Яны паглядзелі адно на аднаго і збялелі ад разумення той страшнай рэчы, якую Дыгары толькі што збіраўся зрабіць. Бо ў лесе была бясконцая колькасць азёр, яны ўсе былі аднолькавыя, і ўсе дрэвы былі аднолькавыя. Такім чынам, калі б яны аднойчы пакінулі тое азярко, што вядзе ў наш сусвет, без аніякай адзнакі, у іх наўрад ці атрымалася б знайсці дарогу дадому.
Дрыготкай рукой Дыгары дастаў кішэнны нож і выразаў доўгую палоску дзірвану на беразе. Зямля смачна пахла, і яе чырванавата-карычневы колер быў добра бачны на зялёным.
— Добра, што адзін з нас мае крыху розуму,— сказала Полі.
— Толькі не надумай увесь час пра гэта ўзгадваць,— адмахнуўся Дыгары.— Хадзем. Я хачу паглядзець, што ў іншых азёрках.
Полі рэзка адказала яму, а ён сказаў нешта ў адказ, яшчэ больш з’едліва. Спрэчка доўжылася некалькі хвілін, але цалкам прыводзіць яе нецікава. Давайце прапусцім яе і пяройдзем да моманту, калі яны, усхваляваныя, з засяроджанымі тварамі, стаялі на беразе незнаёмага азярка, надзеўшы жоўтыя пярсцёнкі і трымаючыся за рукі. Яны зноў сказалі: “Адзін — два — тры — давай!”
Плюх! Ізноў не спрацавала. Гэтае азярко таксама аказалася лужынай. Замест таго, каб апынуцца ў новым сусвеце, яны толькі намачылі ногі другі раз за раніцу (калі гэта была раніца: падобна, у Лесе Паміж Сусветамі заўсёды быў адзін і той жа час).
— Ах ты! — усклікнуў Дыгары.— Што не так гэтым разам? Мы надзелі жоўтыя пярсцёнкі. Ён жа сказаў, што жоўтыя — для вандровак у іншы свет.
Але насамрэч дзядзька Эндру, які нічога не ведаў пра Лес Паміж Сусветамі, меў няправільнае ўяўленне пра пярсцёнкі. Жоўтыя не пераносілі ў іншы свет, і зялёныя не пераносілі дамоў. Прынамсі, не ў тым сэнсе, як ён разумеў. Рэчыва, з якога былі зроблены пярсцёнкі, паходзіла адсюль, з лесу. Рэчыва жоўтых пераносіла ў лес. Яно імкнулася вярнуцца назад, у сваё месца, што знаходзіцца пасярод сусветаў. А рэчыва зялёных пярсцёнкаў намагалася пакінуць гэтае месца і пераносіла вас з лесу ў іншы сусвет. Разумееце, дзядзька Эндру працаваў з тым, у чым не да канца быў абазнаны; большасць чараўнікоў такія. Вядома, Дыгары таксама да канца не ўсведамляў праўды, прынамсі, да пэўнага часу. Але, абмеркаваўшы ўсё, дзеці вырашылі паспрабаваць скокнуць у новае азярко, надзеўшы зялёныя пярсцёнкі,— проста каб паглядзець, што адбудзецца.
— Я пайду, калі ты пойдзеш,— сказала Полі. Але насамрэч яна сказала так, бо цяпер адчувала, што ніякія пярсцёнкі не спрацуюць на новым азярцы, і ў самым горшым выпадку атрымаецца яшчэ адзін плюх. Я не ўпэўнены, што Дыгары не пачуваўся гэтак жа. У любым выпадку, яны абое надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да беражка. Цяпер, ізноў узяўшыся за рукі, яны былі значна весялейшыя і менш урачыстыя, чым у першы раз.
— Адзін — два — тры — давай! — сказаў Дыгары.
I яны скочылі.
Звон і малаток
Гэтым разам не было ніякага сумніву, што творыцца Магія. Яны падалі ніжэй і ніжэй, спачатку скрозь цемру, а пасля скрозь шматлікія размытыя формы, якія круціліся і маглі быць чым заўгодна. Рабілася святлей. Потым яны раптам адчулі, што стаяць на нечым цвёрдым. У наступны момант усё навокал перастала быць размытым, і яны змаглі агледзецца.
— Якое дзіўнае месца! — сказаў Дыгары.
— Мне тут не падабаецца,— мовіла Полі і здрыганулася.
Перадусім яны звярнулі ўвагу на святло. Яно не было падобным да сонечнага ці электрычнага святла, ці святла ад лямпы або свечак, ці да любога іншага святла, якое яны калі-небудзь бачылі. Гэта было прыглушанае, чырванаватае, невясёлае святло. Яно было роўным і не давала бляску.
Дзеці стаялі на брукаванай пляцоўцы, вакол высіліся будынкі. Над галавой не было даху; месца нагадвала ўнутраны двор. Неба было надзвычай цёмнае: сіняга, амаль чорнага колеру. Пабачыўшы такое неба, вы б здзівіліся, што ўвогуле ёсць нейкае святло.
— Якое тут дзіўнае надвор’е,— сказаў Дыгары.— Быццам зараз будзе навальніца ці сонечнае зацьменне.
— Мне тут не падабаецца,— паўтарыла Полі.
Яна абодва, самі не ведаючы чаму, размаўлялі шэптам. I нягледзячы на тое, што больш не было патрэбы трымацца за рукі, яны не адпусцілі адно аднаго.
Муры вакол двара былі вельмі высокія, з вялікімі вокнамі без шыбаў, скрозь якія не было бачна нічога, акрамя цемры. Ніжэй, зеўраючы чарнатою, як уваходы ў чыгуначныя тунэлі, стаялі вялікія аркі на слупах. Было даволі халодна.
Здавалася, што камяні, з якіх збудавана ўсё навокал,— чырвоныя, але так магло толькі здавацца з-за незвычайнага святла. Яны, відавочна, былі вельмі старыя. Шмат якія з плоскіх камянёў у брукаванцы раскалоліся. Ніводзін з іх не прылягаў да іншага шчыльна, і ўсе вострыя вуглы сцерліся. Адзін арачны ўваход быў напалову завалены бітым каменем. Дыгары і Полі ўвесь час паварочваліся, каб бачыць розныя бакі двара. Яны баяліся, што нехта — ці нешта — глядзіць на іх з вокнаў, калі яны паварочваюцца спінай.