Выбрать главу

— Магчыма, ён замкнуў там звар’яцелую жонку.

— Так, я пра гэта ўжо думаў.

— Або друкуе фальшывыя грошы.

— Ці, можа, ён былы пірат, як той чалавек у пачатку “Выспы Скарбаў”, і ўвесь час хаваецца ад сваіх былых сяброў-піратаў.

— Як цікава! — сказала Полі.— Ніколі не думала, што твой дом такі незвычайны.

— Табе, можа, ён і здаецца цікавым,— адказаў Дыгары.— Але ты б так не думала, калі б табе давялося там спаць. Як бы табе спадабалася ляжаць без сну і прыслухоўвацца да крокаў дзядзькі Эндру, які крадзецца да дзвярэй твайго пакоя? I ў яго такія жудасныя вочы.

Так Полі і Дыгары пазнаёміліся. Быў пачатак летніх вакацыяў, ніхто з іх не паехаў на мора, і яны бачыліся ледзь не кожны дзень.

Іх прыгоды пачаліся перш за ўсё таму, што тое лета было адным з самых дажджлівых і халодных за апошнія гады. Таму дзеці даследавалі будынак. Проста дзіва, як шмат можна дазнацца з дапамогай свечкі ў вялікім доме ці ў двух суседніх дамах. Полі ўжо даўно разведала: калі адчыніць невялічкія дзверы ў каморы на гарышчы яе дома, пабачыш бак для вады і цёмны прагал за ім, у які можна асцярожна залезці. Гэты цёмны прагал нагадваў тунэль з цагляным мурам з аднаго боку і схілам даху з іншага. У даху былі невялічкія шчыліны паміж лістамі шыферу, праз якія прабівалася святло. Падлогі ў тунэля не было, даводзілася пераступаць з бэлькі на бэльку, а паміж імі быў толькі гіпс. I калі наступіш на яго, то правалішся наўпрост у пакой.

Прастора за бакам была кантрабандысцкай пячорай Полі. Яна прынесла туды рэшткі скрыняў, сядзенні ад старых крэслаў, іншыя рэчы такога ж кшталту і зрабіла паміж бэлькамі нейкае падабенства падлогі. Тут яна трымала скрынку з рознымі скарбамі, аповед, які яна пісала, і, само сабою, пару яблыкаў. Полі часта піла тут імбірны ліманад: старыя бутэлькі рабілі гэтае месца яшчэ больш падобным да пячоры кантрабандыстаў.

Дыгары спадабалася пячора (свой аповед Полі яму не паказала), але больш яго зацікавіў тунэль.

— Як ты думаеш,— запытаўся ён,— ці доўгі гэты тунэль? У сэнсе — ці ён сканчаецца там, дзе й твой дом?

— Не,— адказала Полі.— Ён цягнецца далей, не ведаю на колькі.

— Тады мы можам прабрацца ўздоўж усяго шэрагу дамоў.

— Так,— сказала Полі.— I... ого, неверагодна!

— Што?

— Мы можам трапіць у іншыя дамы.

— I нас схопяць як злодзеяў! Ну не, дзякуй.

— Разумнік. Я думала пра наступны дом пасля твайго.

— А што ў ім такога?

— Ён пусты. Тата кажа, што, колькі мы тут жывём, ён заўсёды быў пусты.

— Слухай, давай паглядзім, што там,— сказаў Дыгары. Ён быў значна больш узрушаны, чым можна было б меркаваць па яго голасе. Вядома ж, ён (як і вы на яго месцы) думаў пра розныя прычыны, чаму гэты дом так доўга стаяў пусты. Полі таксама разважала пра гэта. Ніхто з іх не вымавіў словаў “дом з прывідамі”, і абодва адчувалі: калі ўжо ўзнікла ідэя паглядзець, што ў гэтым доме, было б ганьбай адступіць.

— Як наконт прабрацца туды зараз? — запытаўся Дыгары.

— Давай,— пагадзілася Полі.

— Можам не ісці, калі не хочаш,— сказаў Дыгары.

— Я пайду, калі ты пойдзеш,— адказала яна.

— А як мы даведаемся, што мы менавіта ў тым доме?

Яны вырашылі, што вернуцца на гарышча і памераюць крокамі яго, а таксама адлегласць ад адной бэлькі да наступнай. Так яны даведаюцца, колькі бэлек над адным пакоем. Пасля трэба будзе дадаць яшчэ прыкладна чатыры крокі на адлегласць паміж двума гарышчамі і столькі ж на спальню абслугі. Такім чынам атрымаецца даўжыня аднаго дома. Калі прайсці такую адлегласць двойчы, яны будуць у канцы дома Дыгары. Пасля любыя дзверы прывядуць іх у пусты дом.

— Але я не думаю, што ён сапраўды пусты,— сказаў Дыгары.

— А што ты думаеш?

— Мяркую, там нехта таемна жыве і выходзіць толькі ўначы з ліхтаром. А раптам мы выкрыем банду злачынцаў і атрымаем узнагароду? Не можа быць, каб дом пуставаў усе гэтыя гады. У ім павінна быць нейкая таямніца.

— Тата казаў, што гэта, магчыма, з-за каналізацыі,— прамовіла Полі.

— Пфф! Дарослыя заўсёды знаходзяць нецікавыя тлумачэнні,— сказаў Дыгары.

Цяпер, калі яны размаўлялі пры дзённым святле, а не пры свечках у Кантрабандысцкай Пячоры, ім здавалася значна менш верагодным, што ў пустым доме жывуць прывіды.

Яны памералі крокамі гарышча, узялі аловак і склалі, што ў іх атрымалася. Напачатку ў іх выйшлі розныя адказы, і нават калі яны нарэшце вынайшлі агульны, я не ўпэўнены, што ён быў слушны. Але дзеці спяшаліся распачаць экспедыцыю.