— Трэба ісці ціха,— сказала Полі, пакуль яны ізноў прабіраліся за бак з вадой. Паколькі справа была сур’ёзнай, кожны з іх узяў свечку (у Полінай пячоры іх захоўвалася шмат).
У тунэлі было вельмі цёмна, пыльна, а таксама цягнула пройма. Яны пераступалі з бэлькі на бэльку моўчкі і толькі шапталі адно адному: “Мы прайшлі вашае гарышча”, або: “Тут павінна быць сярэдзіна нашага дома”. Ніхто з іх не спатыкнуўся, свечкі не згаслі, і нарэшце яны дабраліся да маленькіх дзвярэй справа ад іх. Вядома, дзверы былі без ручкі ці засаўкі на гэтым баку, бо яны былі зробленыя, каб выходзіць, а не заходзіць. Але меўся шпінгалет (як у гардэробах), і дзеці не сумняваліся, што патрапяць унутр.
— Адчыняць? — запытаўся Дыгары.
— Я пайду, калі ты пойдзеш,— паўтарыла Полі.
Абое адчувалі, што ўсё вельмі сур’ёзна, але ніхто з іх не павярнуў назад. Дыгары з намаганнем адсунуў шпінгалет. Дзверы расчыніліся, і дзеці заміргалі ад нечаканага святла, з вялікім здзіўленнем зразумеўшы, што яны не на закінутым гарышчы, а ў пакоі з мэбляй.
Зрэшты, мэблі тут было няшмат. Панавала ціша. Зацікаўленая пабачаным, Полі задзьмула свечку і бязгучна, як мыш, зайшла ў дзіўны пакой.
Па форме ён быў, вядома, як гарышча, але абстаўлены як гасцёўня. Кожны сантыметр сцен быў заняты паліцамі, і кожны сантыметр паліц быў застаўлены кнігамі. У каміне гарэў агонь (вы памятаеце, што лета ў тым годзе было вельмі вільготнае і халоднае), перад камінам стаяў фатэль з высокай спінкай. Паміж фатэлем і Полі месціўся, займаючы амаль усю сярэдзіну пакоя, вялікі стол, завалены самымі рознымі рэчамі. Там былі кнігі, нататнікі, бутэлечкі з атрамантам, пёры для пісання, воск і мікраскоп. Але першае, што кінулася ў вочы,— ярка-чырвоны драўляны паднос, на якім ляжалі некалькі пярсцёнкаў. Яны былі парныя: адзін зялёны і адзін жоўты разам, пасля крыху месца, пасля яшчэ адзін жоўты і адзін зялёны. Памерам яны былі як і звычайныя пярсцёнкі. Іх нельга было не заўважыць: так зырка яны блішчалі. Гэта былі самыя цудоўна-бліскучыя дробныя рэчы, якія толькі можна ўявіць. Калі б Полі была крыху меншай, ёй захацелася б пакласці адзін з іх у рот.
У пакоі было настолькі ціха, што чулася, як цікае гадзіннік. Але суцэльнай цішыні не было. Аднекуль даносілася слабое — вельмі-вельмі слабое — гудзенне. Калі б у тыя дні ўжо вынайшлі пыласосы, Полі падумала б, што гэта далёкі гул пыласоса — некалькімі пакоямі далей і некалькімі паверхамі ніжэй. Але гук быў больш прыемны і больш музыкальны, адно што ледзь чутны.
— Усё ў парадку, тут нікога няма,— сказала Полі. Яна ўжо не шаптала. Дыгары, вельмі брудны, як, дарэчы, і Полі, міргаючы, зайшоў у пакой.
— Кепска,— адказаў ён.— Гэты дом зусім не пусты. Лепей нам сысці, пакуль ніхто не прыйшоў.
— Як ты думаеш, што гэта? — запыталася Полі, паказваючы на рознакаляровыя пярсцёнкі.
— Ды кінь ты,— сказаў Дыгары.— Чым хутчэй...
Ён так і не скончыў фразы, бо ў гэты момант нешта адбылося. Фатэль з высокай спінкай, які стаяў перад агнём, раптоўна павярнуўся, і з яго, як дэман у спектаклі, паднялася вусцішная постаць дзядзькі Эндру. Яны былі зусім не ў пустым доме, а ў тым самым кабінеце ў доме Дыгары, куды яму было забаронена заходзіць! Дзеці разам выгукнулі: “Во-о-ой!”, зразумеўшы сваю жахлівую памылку. Трэба было раней здагадацца, што яны прайшлі недастаткова!
Дзядзька Эндру быў высокі і вельмі худы. У яго быў доўгі добра паголены твар, востры нос, вельмі яскравыя вочы і зблытаная кучма сівых валасоў.
Дыгары заняло мову, бо цяпер дзядзька Эндру выглядаў у тысячы разоў больш небяспечным, чым калі-небудзь. Полі пакуль што не настолькі спужалася, але хутка ёй стала страшна. Таму што дзядзька Эндру перасёк пакой і замкнуў дзверы на ключ. Потым павярнуўся, паглядзеў на дзяцей сваімі яскравымі вачыма і ўсміхнуўся, паказваючы ўсе зубы.
— Вось так! — сказаў ён.— Цяпер мая бязглуздая сястра не зможа да вас дабрацца!
Звычайна дарослыя так сябе не паводзяць. Сэрца Полі скокнула ў горла, і яны з Дыгары пачалі адступаць да маленькіх дзвярэй, праз якія сюды трапілі. Але дзядзька Эндру быў хутчэйшы. Ён зайшоў ззаду, замкнуў тыя дзверы і стаў перад імі. Потым ён пацёр рукі і храбуснуў костачкамі. У яго былі вельмі доўгія прыгожыя белыя пальцы.
— Рады вас бачыць,— прамовіў ён.— Двое дзяцей — якраз тое, што мне трэба.
— Калі ласка, містар Кэтэрлі,— сказала Полі.— Ужо амаль час абедаць, і мне трэба ісці дадому. Адпусціце нас, калі ласка.
— Не зараз,— адказаў дзядзька Эндру.— Я не магу страціць такую цудоўную магчымасць. Мне якраз не хапала дваіх дзяцей. Разумееце, я праводжу вялікі эксперымент. Я спрабаваў на марскіх свінках, і ўсё спрацавала. Але марскія свінкі нічога не могуць распавесці. Ім не растлумачыш, як вярнуцца.