— Паслухайце, дзязька Эндру,— сказаў Дыгары.— Ужо сапраўды час абедаць, і нас пачнуць шукаць у любы момант. Вы мусіце адпусціць нас.
— Мушу? — запытаўся ён.
Дыгары і Полі паглядзелі адно на аднаго. Яны не наважыліся нічога сказаць, але погляды азначалі: “Гэта жахліва!” і: “Нам трэба яго неяк улагодзіць”.
— Калі вы зараз адпусціце нас на абед,— сказала Полі,— мы вернемся пасля.
— Так, але як вы дакажаце, што вернецеся? — запытаўся дзядзька Эндру з хітрай усмешкай. Ды раптам ён нібыта перадумаў.
— Добра,— пагадзіўся ён.— Калі вам сапраўды трэба ісці, то ідзіце. Не думаю, што двум маладым людзям будзе цікава размаўляць з такім старым дурнем, як я.— Ён уздыхнуў і працягнуў: — Вы нават не ўяўляеце, якім самотным я часам пачуваюся. Аднак неістотна... Ідзіце абедайце. Але я хачу падарыць вам нешта, перш чым вы пойдзеце. Не кожны дзень я бачу ў маім затхлым старым кабінеце маленькіх дзяўчат. Асабліва, калі мне дазволена так казаць, такіх прыгожых маленькіх лэдзі, як вы.
Полі пачала думаць, што, магчыма, не такі ўжо ён, урэшце, і вар’ят.
— Падарыць табе пярсцёнак, мая даражэнькая? — спытаў дзядзька Эндру.
— Вы маеце на ўвазе адзін з гэтых жоўтых і зялёных пярсцёнкаў? — усклікнула Полі.— Як цудоўна!
— Толькі не зялёны,— сказаў дзядзька Эндру.— Баюся, зялёны я падарыць не магу. Але я з задавальненнем і любоўю аддам табе любы жоўты пярсцёнак. Хадзі сюды і надзень адзін з іх.
Полі ўжо не баялася. Вядома, гэты стары чалавек ніякі не вар’ят. А ў гэтых яркіх пярсцёнках ёсць нешта вельмі прыцягальнае. Яна падышла да стала.
— Нішто сабе! Мне здаецца,— сказала яна,— што гудзенне тут грамчэйшае. Нібыта яно ідзе ад пярсцёнкаў.
— Якая дзіўная думка,— адказаў дзядзька Эндру, усміхнуўшыся. Яго смяшок гучаў вельмі натуральна, але Дыгары ўбачыў прагны, амаль сквапны, выраз на яго твары.
— Полі! Стой! — крыкнуў ён.— Не чапай іх!
Але было занадта позна. Акурат у той час, калі ён крыкнуў гэта, Полі дакранулася да аднаго з пярсцёнкаў і імгненна, без выбліску ці шуму, знікла. Дыгары і яго дзядзька засталіся ў пакоі адны.
Дыгары і яго дзядзька
Гэта было настолькі нечакана і страшна, нават горш ад начнога кашмару, што Дыгары ўскрыкнуў. Рука дзядзькі Эндру імгненна закрыла яму рот.
— Ціха! — прашыпеў ён на вуха хлопчыку.— Калі ты пачнеш шумець, твая маці пачуе, а ты ведаеш, што з ёй можа здарыцца, калі яна спалохаецца.
Як Дыгары казаў пасля, яму ледзь не стала млосна ад такой жудаснай подласці. Але ён, вядома, больш не крычаў.
— Вось так,— сказаў дзядзька Эндру.— Зрэшты, я цябе разумею. Упершыню пабачыць, як нехта знікае,— гэта сапраўды шок. Нават я ўразіўся, калі марская свінка знікла ўчора вечарам.
— Дык гэта вы тады ўскрыкнулі? — запытаўся Дыгары.
— Ты пачуў? Спадзяюся, ты не шпіёніў за мной?
— Не,— гнеўна адказаў Дыгары.— Але што здарылася з Полі?
— Павіншуй мяне, мой дарагі хлопчык,— мовіў дзядзька Эндру, паціраючы рукі.— Мой эксперымент атрымаўся. Нашая маленькая дзяўчынка знікла з гэтага свету.
— Што вы з ёй зрабілі?
— Адправіў яе, так бы мовіць, у іншае месца.
— Што вы маеце на ўвазе?
Дзядзька Эндру сеў і сказаў:
— Я распавяду табе. Ты чуў калі-небудзь пра старую місіс Лефэй?
— Яна была маёй стрыечнай бабуляй? — запытаўся Дыгары.
— Не зусім,— адказаў дзядзька Эндру.— Яна была мая хросная. Гэта яе партрэт там, на сцяне.
Дыгары паглядзеў і ўбачыў выцвілы фотаздымак старой жанчыны ў каптуры. I цяпер ён узгадаў, што аднойчы бачыў здымак гэтай жа самай жанчыны дома, у старасвецкай камодзе. Ён запытаўся ў маці, хто гэта, але маці не надта хацела пра яе гаварыць. Твар у жанчыны быў непрыемны, падумаў Дыгары. Але па старых фотаздымках ніколі нельга сказаць з упэўненасцю.
— А хіба... Мне здавалася, з ёй было нешта не так? — запытаўся Дыгары.
— Ну,— сказаў дзядзька Эндру,— гэта залежыць ад таго, што ты называеш “не так”. Людзі не ўмеюць мысліць шырока. Яна, вядома, стала вельмі дзіўнай у старасці. Рабіла вельмі неразумныя рэчы. Таму яе і замкнулі.
— У вар’ятні, вы маеце на ўвазе?
— О не-не,— адказаў дзядзька Эндру,— зусім не. Яе проста пасадзілі ў турму.
— Ого! — усклікнуў Дыгары.— Што яна зрабіла?
— Бедная жанчына,— уздыхнуў дзядзька Эндру.— Паводзіла сябе вельмі неабачліва. Шмат было рознага, не мае сэнсу корпацца ва ўсім. Яна заўсёды была вельмі добрай да мяне.