— Але паслухайце, якое дачыненне гэта мае да Полі? Я б вельмі хацеў, каб...
— Усё ў свой час, мой хлопчык,— сказаў дзядзька Эндру.— Старая місіс Лефэй выйшла з турмы перад смерцю, і я быў сярод тых нямногіх, каго яна прымала. Яна не любіла звычайных, прымітыўных людзей, разумееш. Я сам іх не люблю. Нас з ёй цікавілі адны і тыя ж рэчы. За некалькі дзён да смерці яна загадала мне падысці да старой камоды, адчыніць патаемную шуфлядку і дастаць куфэрачак, які там быў. Як толькі я ўзяў яго, у мяне закалола ў пальцах, і я зразумеў, што трымаю ў руках нейкую вялікую таямніцу. Яна аддала куфэрак мне і змусіла паабяцаць, што я не буду заглядаць унутр і спалю яго, як толькі яна памрэ. Я не стрымаў гэтае абяцанне.
— Ведаеце, вы зрабілі кепска,— зазначыў Дыгары.
— Кепска? — перапытаў дзядзька Эндру, збянтэжана глянуўшы на хлопца.— А, зразумеў. Ты маеш на ўвазе, што маленькія хлопчыкі мусяць выконваць абяцанні. Вельмі слушна, і я рады, што цябе гэтаму навучылі. Але ты павінен зразумець, што правілы такога кшталту, якімі б высакароднымі яны ні здаваліся маленькім хлопчыкам, ці слугам, ці жанчынам, ці нават людзям наогул, не могуць стасавацца да выбітных навукоўцаў, вялікіх мысляроў і мудрацоў. Не, Дыгары. Такія, як я, што валодаюць таемнымі ведамі, вольныя ад агульных правілаў і адрэзаныя ад агульных радасцяў. Нам прыгатаваны вышэйшы і самотны лёс, мой хлопчык.
Сказаўшы гэта, ён уздыхнуў, выглядаючы так урачыста, высакародна і загадкава, што на секунду Дыгары падумаў: дзядзька Эндру сапраўды сказаў нешта слушнае. Але потым хлопец узгадаў агідны выраз на дзядзькавым твары за імгненне да таго, як знікла Полі, і адразу зразумеў, што хавалася за пафаснымі словамі. “Гэта азначае,— сказаў Дыгары сам сабе,— што ён думае, нібыта яму дазволена рабіць усё, каб атрымаць, што ён хоча”.
— Вядома,— працягваў дзядзька Эндру,— я доўгі час не наважваўся адчыніць той куфэрачак, бо ведаў, што ў ім можа быць нешта вельмі небяспечнае. Мая хросная была асаблівай жанчынай. Рэч у тым, што яна была адной з апошніх смяротных у гэтай краіне, якія мелі ў сваім родзе фей. Яна казала, што ў яе час было яшчэ дзве такіх. Адна — герцагіня, а другая — прыбіральшчыца. Насамрэч, Дыгары, ты зараз размаўляеш з апошнім чалавекам, у каго хросная была фея. Вось так! Табе будзе што ўзгадаць, калі станеш стары.
“Яна была злая фея”,— падумаў Дыгары і прамовіў:
— Але што наконт Полі?
— Ды што ты прычапіўся да гэтай тэмы! — усклікнуў дзядзька Эндру.— Гэта ж неістотна! Спярша я, вядома, вывучыў сам куфэрак. Ён быў вельмі старажытны. Ужо тады я ведаў дастаткова, каб зразумець, што ён не з Грэцыі, не са старажытнага Егіпта, Вавілона, Хецкай дзяржавы ці Кітая. Ён быў куды старэйшы за ўсе гэтыя нацыі. О, гэта быў вялікі дзень, калі я спазнаў праўду. Куфэрак быў са зніклай выспы Атлантыда. Гэта азначала, што ён існаваў на стагоддзі раней за любыя рэчы з каменнага веку. I ён не быў падобны да гэтых грубых недасканалых вырабаў. Бо на пачатку часоў Атлантыда ўжо была вялікім горадам з палацамі, храмамі і адукаванымі людзьмі.
Ён спыніўся на імгненне, нібыта чакаючы, што пляменнік нешта скажа. Але дзядзька Эндру з кожнай хвілінай падабаўся Дыгары ўсё меней і меней, таму ён нічога не сказаў.
— Прайшоў час,— працягваў дзядзька Эндру,— і рознымі шляхамі (было б няправільна адкрываць іх дзіцяці) я даведаўся пра Магію агулам. Гэта значыць, што я меў даволі выразнае ўяўленне пра тое, што магло быць у куфэрку. Праводзячы розныя эксперыменты, я змог звузіць колькасць варыянтаў. Мне давялося пазнаёміцца з некаторымі, ну... некаторымі надзвычай дзіўнымі людзьмі і прайсці праз некаторыя страшэнна непрыемныя рэчы. Ад гэтага ў мяне пасівелі валасы. Бо нельга проста так узяць і стаць чараўніком. У выніку маё здароўе было падарванае. Але я ачуняў. I вось урэшце я пра ўсё даведаўся.
I хаця ніхто не мог іх пачуць, ён нахіліўся і амаль прашаптаў:
— У скарбонцы з Атлантыды было штосьці з іншага свету, прынесенае тады, калі наш свет толькі пачынаўся.
— Што? — запытаўся Дыгары, які нечакана для сябе моцна зацікавіўся.
— Толькі пыл,— адказаў дзядзька Эндру.— Дробны сухі пыл. Нічога асаблівага. Але калі я паглядзеў на яго (я прыклаў усе намаганні, каб да яго не дакранацца) і падумаў, што кожная пылінка была ў іншым свеце,— я не маю на ўвазе іншую планету, ведаеш, бо яны — частка нашага свету і да іх можна дабрацца, калі паляцець дастаткова далёка,— у сапраўдным Іншым Свеце, іншай Прыродзе, недзе, куды б ты не здолеў дабрацца, нават калі б ляцеў скрозь космас вечна; у свеце, куды можна трапіць толькі з дапамогай чараўніцтва,— вось!
Тут дзядзька Эндру пацёр рукі так, што костачкі затрашчалі, як феерверк.