— Мне здаецца, я бачыла цябе раней.
— Мне таксама так здаецца,— зазначыў Дыгары.— Ты даўно тут?
— О, вечнасць,— сказала дзяўчынка.— Прынамсі, не ведаю, вельмі доўга.
— I я таксама,— адказаў Дыгары.
— Няпраўда,— сказала яна.— Я толькі што бачыла, як ты з’явіўся з таго возера.
— I сапраўды,— збянтэжана пагадзіўся Дыгары.— Я й забыўся.
Потым яны абодва доўга маўчалі.
— Слухай,— сказала дзяўчынка праз некаторы час.— Цікава, мы сапраўды некалі бачыліся? Я ўзгадваю — нібыта малюнак у галаве — хлопчыка і дзяўчынку, падобных да нас, якія жывуць недзе ў зусім іншым месцы і робяць розныя рэчы. Магчыма, гэта проста сон.
— Думаю, мне сніўся такі ж сон,— адказаў Дыгары.— Пра хлопчыка і дзяўчынку, якія жылі ў суседніх дамах... і пра нейкае поўзанне сярод бэлек. Я памятаю, што ў дзяўчынкі быў брудны твар.
— А ты нічога не блытаеш? У маім сне брудны твар быў у хлопчыка.
— Я не памятаю яго твару,— сказаў Дыгары і потым дадаў: — Што гэта там?
— Нішто сабе! Гэта марская свінка,— здзівілася дзяўчынка. I сапраўды — гэта была тлустая марская свінка, якая нешта вынюхвала ў траве. Пасярэдзіне тулава яна была пераматаная стужкай з замацаваным яскравым жоўтым пярсцёнкам.
— Глядзі! Глядзі! — закрычаў Дыгары. — Пярсцёнак! I зірні! У цябе на пальцы такі ж. I ў мяне таксама.
Цяпер дзяўчынка села, нарэшце сапраўды зацікавіўшыся. Яны вельмі пільна паглядзелі адно на аднаго, спрабуючы ўзгадаць. I потым, у адзін і той жа момант, яна ўсклікнула: “Містар Кэтэрлі!” а ён: “Дзядзька Эндру!” — і дзеці зразумелі, хто яны, і пачалі прыгадваць усю гісторыю. Праз некалькі хвілін жвавай гутаркі ўсё было высветлена. Дыгары распавёў, якім бесчалавечным аказаўся дзядзька Эндру.
— Што будзем рабіць? — запыталася Полі.— Возьмем марскую свінку і вернемся дамоў?
— Нам няма куды спяшацца,— сказаў Дыгары, шырока пазяхаючы.
— Думаю, ёсць,— адказала Полі.— Тут занадта ціха. Тут так... так сонна. Ты амаль задрамаў. Калі мы абодва заснем, то так і будзем ляжаць і спаць вечна.
— Тут вельмі добра,— запярэчыў Дыгары.
— Так,— пагадзілася Полі.— Але нам трэба вяртацца.
Яна паднялася і асцярожна пайшла да марской свінкі. Але пасля перадумала.
— Лепей пакінем яе тут,— сказала Полі.— Тут яна шчаслівая, а твой дзядзька зробіць з ёй што-небудзь кепскае, калі мы вернем яе.
— Не сумняваюся,— адказаў Дыгары.— Дастаткова ўзгадаць, як ён абышоўся з намі. Дарэчы, а як нам вярнуцца дамоў?
— Скокнуць назад у возера, думаю.
Яны ўдваіх падышлі да краю азярка і спыніліся, гледзячы ў спакойную ваду. Яна адлюстроўвала зялёныя, поўныя лістоты галіны, і таму азярко выглядала вельмі глыбокім.
— У нас няма ў чым плаваць,— сказала Полі.
— А нам нічога і не трэба,— адказаў Дыгары.— Можна нырнуць і ў вопратцы. Ці ты не памятаеш, што мы не намоклі, калі трапілі сюды?
— А ты ўмееш плаваць?
— Крыху. А ты?
— Ну, не зусім добра.
— Не думаю, што давядзецца плысці,— сказаў Дыгары.— Мы ж хочам спусціцца ўніз, так?
Ім абодвум не вельмі падабалася ідэя скокнуць у возера, але ніхто не вымавіў гэтага ўголас. Яны ўзяліся за рукі, сказалі: “Адзін — два — тры — давай!” — і скокнулі. Атрымаўся вялікі ўсплеск, і, вядома, дзеці зажмурыліся. Але, калі Полі і Дыгары расплюшчылі вочы, аказалася, што яны ўсё яшчэ пасярод зялёнага лесу, трымаюцца за рукі і стаяць у вадзе, якая ледзь даходзіць да шчыкалатак. Возера, відаць, было ўсяго некалькі сантыметраў глыбінёй. Яны пашлёпалі назад, на сухую зямлю.
— Чаму ў нас нічога не атрымалася? — спыталася Полі спужаным голасам, але не настолькі спужаным, як вы маглі б падумаць, бо ў тым лесе было складана сапраўды спужацца. Ён быў такі мірны.
— Зразумеў! — сказаў Дыгары.— Вядома ж, не атрымалася. Жоўтыя пярсцёнкі ўсё яшчэ надзетыя. Яны для перамяшчэння ў Іншае Месца. Зялёныя перанясуць нас дамоў. Трэба памяняць іх. У цябе ёсць кішэні? Добра. Пакладзі жоўты пярсцёнак у левую. У мяне два зялёныя. Вось адзін табе.
Яны надзелі зялёныя пярсцёнкі і вярнуліся да возера, але тут Дыгары ўсклікнуў: “Чакай!”
— Што здарылася? — запыталася Полі.
— Мне ў галаву толькі што прыйшла цудоўная ідэя,— сказаў Дыгары.— А што ва ўсіх іншых азярках?
— Што ты маеш на ўвазе?
— Глядзі: калі мы можам вярнуцца ў наш свет, скокнуўшы ў гэтае возера, мы, пэўна, патрапім куды-небудзь яшчэ, калі скокнем у іншае. Што, калі на дне кожнага возера знаходзіцца іншы свет?