Выбрать главу
Скарына

Мы пацалуем папу ў зад, таму што зад у папы, вядома, ёсць. Пра гэта сказана ў нашых дэкрэталіях. Калі ж ёсць папа — значыцца, у яго ёсць і зад. Калі б у свеце перасталі існаваць зады, значыць, не стала б і папы.

Рабле

Ужо некалькі дзён хадзіў па вуліцах Гародні дзіўны чалавек. Галава і амаль усё аблічча абматаныя суровай палатнінай. З-пад яе выглядаюць вока і адзін вус, тупы і кароткі. На плечы накінуты цёмны, грубага сукна плашч. Прыпол плашча ззаду ўзняты, відавочна, канцом мяча, што вісіць пад гэтым плашчом пры боку. Суконны сіні кітлік цеснаваты, як толькі не лузне на грудзях і плячах. На рукаве кітліка нашыты белы крыж.

Людзі адхіналіся ад яго на вуліцах, адступалі ўбок. Пайшла пасля «ночы крыжоў» і трымалася яшчэ некаторы час гэткая паршывая мода: не адпорваць знака крыжа і не здымаць павязак, як быццам невядома якое геройства рэзаць сонных і сячыся з заспетымі неспадзеўкі. Усе гнілыя фацэты фарсілі так.

Вось і гэты — па ўсім відаць — хвалько і забіяка, адарвірог. Рукі ледзь ад крыві адмыў, а ўжо вокам свідруе. Вусы абцяў (падсмаленыя, відаць, былі), варушыць імі. Меч пры боку, а сумлення ў душы чорт ма.

Каб гэтыя самыя людзі мелі магчымасць сачыць за дзіўным чалавекам па працягу цэлага дня, яны б здзівіліся яшчэ больш. Чалавек снедаў у якой-небудзь кепскай карчомцы, а пасля ішоў у нейкі касцёл (цэркваў пазбягаў), хрысціўся пад плашчом (справа налева), а пасля клаўся на падлозе крыжам і ляжаў так гадзінамі. Вочы ягоныя былі заплюшчаны, дыханне глыбокае. Страшэнна, відаць, перажываў чалавек нейкія свае грахі. І падумаць толькі, што нечы забойца, а такі набожны!

Дзе ён начаваў, ніхто не ведаў і не бачыў. Цалкам магчыма, што нідзе, бо ўначы рэдкія прахожыя часам таксама бачылі яго на вуліцах.

Людзі здзівіліся б яшчэ больш, каб даведаліся, што гэтага чалавека ўжо колькі дзён беспаспяхова шукаюць па ўсім наваколлі сокі і служкі доказнай інквізіцыі. Шукаюць, але не могуць нават падумаць, што ён тут, побач, у самым логаве. У чалавека не было страхі над галавою, і таму начамі ён хадзіў, і таму, будучы праваслаўным, хадзіў у касцёлы. У царкве, стоячы на нагах, не дужа разаспішся, а тут лёг крыжам і… Страшэнна зручная вера каталіцызм!

Чалавека звалі Багдан Роскаш, а падчас Хрыстовай эпапеі — Тумаш Няверны, званы Блізнюк.

Ён кружляў па горадзе, сам не ведаючы чаго. Проста тут сядзеў Хрыстос, а Фама быў не з тых людзей, што кідаюць друга ў бядзе.

Тады, аглушаны ўдарам звона, ён амаль суткі праляжаў непрытомны пад кучай забітых латнікаў. Пасля неяк ачомаўся. На галаве ў яго была страшэнная, небывалай велічыні і афарбоўкі гуля, а чэрап гудзеў так, нібы ў ім святочна званілі тры Вялікія Зафеі. Ён убачыў заваленую целамі вуліцу, цвёрда сціснуў тоўстыя вусны. Зняў з забітага кітлік з белым крыжам, цеснаваты, узяў у манаха медны таўкач і засунуў яго за пояс. Падабраў меч і нечы кісцень.

Пасля здагадаўся, што пазнаць яго — дурная, няхітрая справа. Адпілаваў нажом канцы сваіх вусоў, гонару свайго, і спрэс забінтаваў галаву, пакінуўшы глядзець на свет толькі адно вока. Асцярожна абмінуў звон, спусціўся на вуліцу.

І вось некалькі дзён дарэмнага гойсання вакол замка, ратушы і зноў вакол замка. Фама ўтрапёна шукаў хоць маленькай магчымасці ўбачыць, прабрацца, памагчы. Ніводнай шчылінкі, ніводнага выпадку, ніводнай нагоды. Удзень і ўначы, удзень і ўначы. Так ходзіць ваўчыха вакол леснічоўкі, у якой звязаныя ляжаць яе ваўчаняты. Ходзіць, пакуль не наторкнецца на стралу.

Шукаў ён і сяброў, з якімі можна было напасці на замак ці ратушу і, у горшым выпадку, загінуць. Шукаў, не думаючы аб тым, што і сябры не дурні, каб з'яўляцца ў горадзе з адкрытымі тварамі, а значыцца, ён не пазнае іх, як і сябры не пазнаюць яго. Часам ён упадаў у роспач, але ўсё адно хадзіў і шукаў. Хаця б маленькую зачэпку! Шчылінку!.. Бяссілле прыгнятала яго.

…Напярэдадні пакарання смерцю, за некалькі гадзін да размовы Юстына і Хрыста, яму пашанцавала, хаця і не так, як ён хацеў. Знясілены, зайшоў ён да карчмы і ўбачыў манаха-дамініканца. Той сядзеў і выпіваў, а каля ягонага локця ляжаў цыліндрычны скураны каўчэг-пенал, у якім носяць пергаментныя і папяровыя скруткі. Круглы твар манаха льсніўся, вочы былі масленыя. Ужо ўзяў.

Сам не ведаючы чаму, хутчэй за ўсё дзеля пенала (апошнія дні ўсё справаводства Гародні працавала на працэс аб паўстанні мужыцкага Хрыста, і ў пенале магло быць сёе-тое цікавае аб кімсьці з паплечнікаў), Фама сеў непадалёку ад манаха.

— Сябра, — сказаў той, — ну і ўпрыгожылі ж яны цябе, гадаўцы.

— Не кажы. Як далі па галаве — аж я ўсіх пап, пачынаючы ад святога Дамаса і да нашага, да Льва, адначасова ўбачыў.

— Нічога, — суцешыў манах, — за ўсё ім рыгнецца. Убачаць заўтра, як гэтага іхняга антыхрыста, зрэбнага апостала, шарачковага папу прыпякуць.

І ён паляпаў далонню па пенале. Машынальна.

Фама заказаў вялікі гляк гарэлкі і закуску. Пасунуўся бліжэй да дамініканца.

— За папу, — наліў яму Фама.

Выпілі. Закусілі свежага пасолу рыжычкамі.

— Папа наш — ого! — сказаў манах. — Я зрэў папу. Я цалаваў пантофлю папы.

— За пантофлю папы.

Выпілі. Закусілі вэнджанай гусяцінкай.

— Кажу табе — пантофлю я ў яго цалаваў. А і ручкіножкі расцалаваў бы. Таму што — леў.

— За ручкі, за ножкі, за тое, што леў.

Закусілі гарачым — румянымі калдунамі.

— Папа ўсё можа, — сказаў Тумаш. — Давай за тое, што папа ёсць, што ён усё можа.

— Не буду я піць за папу. Не магу.

Фама пахаладзеў. Размова пачынала смярдзець ерассю, а — праз яе — вогнішчам. Сярод гуляк маглі быць віжы. Ён жыва ўявіў, як пад'язджае пад дзверы карчмы «кошык для спаржы» і як яго валакуць туды, узяўшы пад белыя рукі, два здаравені ў аднолькавых плашчах.

— Г-гэта чаму?

— А ты мне наліць забыўся. Г-гы! Што, добра я пажартаваў?

— Тфу! Каб з табою павек так жартавалі… Ну, дык за тое, што папа ўсё можа. — Лёгкі туманец хмелю ад гэтага жарту выветрыўся з Фамовай галавы.

— А і папа не ўсё можа, — занатурыўся манах.

— Як гэта не ўсё?

— А так. Папа, як і царква, літасцівы павінен быць. Асудзіць ён можа. А выканаць прысуд — дудкі. І кардынал так. Для выканання прысуду міранам справу перадаюць.

— Брэшаш!

— Я табе брахну. Вось тут, — манах паляпаў па пенале, — справа антыхрыста. Нясу, каб войт подпіс паставіў. Вогнішча. «Без праліцця».

— А як не паставіць?

— Чаго ж гэта ён не паставіць? Памрэ хіба або з'едзе.

— Г-га. Растлумачыў ты мне. Добра. Дык давай за літасць папы, за тое, што і ён не можа.

Выпілі. Падкусілі падсоленымі ядрамі арэхаў. Манах пачаў нешта расказваць. Гэта было цікавае, змястоўнае, доўгае апавяданне. Шкада толькі, што Фама амаль нічога ў ім не зразумеў.

— Ідувойта справе… Колькожна сядзець?… Важліправа… Справеры… Антыхрыста — судзіць!.. Безпралікрві… Пекла… Галакрык! Д'ячэрці! Чэр'явалы!.. Сядзець — ані, спяшаюся. Павінныць паслухаднымі, вось, бо мы манахі. М-мы, братка!.. Дзяцалую. Пайду.

Ён устаў і, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй. Фама разлічыўся і, стоячы ў дзвярах, глядзеў, як ідзе манах… Так Роскаш даведаўся, які лёс чакае Хрыста.

…Дамініканец прыйшоў да дома Жабы толькі гадзіны праз паўтары, трохі, відаць, працверазіўшыся дарогай, таму што падышоў да брамніка даволі прама і, працягваючы каўчэг-пенал, уладна кінуў з-пад капюшона:

— Ад святой службы да войта. Прыкласці руку.

Яго прапусцілі. Жаба сядзеў ля нязменных начовак, і фігуркі ўжо былі расстаўлены на дне. Пачцівы дзеяч займаўся сваёй улюбёнай гульнёй.

— Што перадае святая служба?

— Зрабіце ласку прыкласці руку.

— Пасля. Пасля, — сказаў Жаба. — Пазней падпішу. На Замкавую плошчу прывязу.

— Павешанне?

— Што вы, ойча. Ды тут і вогнішча мала.

Жаба пусціў ваду, і яна пачала заліваць — каторы ўжо раз — шчаслівую даліну. Манах з цікавасцю глядзеў на гэта.

— Да жывёлаў і гадаў, — сказаў Жаба.

— Гэта што такое? — спытаў манах.

— Спроба. — Войт глядзеў, як фігуркі варушаць рукамі над галавой. — Заўтра трэба хутчэй з гэтай лухтою, з гэтым вылюдкам роду чалавечага скончыць. У мяне ўжо і людзі падрыхтаваныя. Пайду, адразу як дагарыць, па ваяводству з войскам. Чысціць трэба. Чысціць. Распусціліся. Брыду ў дзяржаве развялі. Вальнадумства. Здраднікі.