Выбрать главу

Крануліся з месца гадзін у дзевяць раніцы, але было ўжо нясцерпна горача. Увесь папярэдні дзень і ўсю ноч выспявала, відаць, ды так і не выспела навальніца. Пыл курэў пад нагамі, нябачныя былі ў святле сонца агеньчыкі над воскам свечак, блішчэла сталь і медзь, калыхаліся крыжы ў руках манахаў, анёльскімі галасамі спявалі адпраўныя малітвы цнатліўкі.

Прачыталі ад імя суда прысуд, у якім гаварылася пра здзек з царквы і замах рачонага Хрыста на сапраўдную веру, пра тое, што рачонага Хрыста магістрат, якому царква таго Хрыста аддала, прысудзіў (пры адным праціўніку, бурмістру Юстыну) пакараць, з хлуслівым сваім крыжам, літасціва і без праліцця крыві.

Латнік шліхтануў Юрася бізуном, каб лепей запомніў.

— Ясна, — сказаў той, ускідваючы на плячо цяжкі крыж. — Чаго б яны яшчэ пралілі? Кроў яны выпілі даўно, і з мяне, і з людзей.

І пайшоў па Ўзвозе ўгору. Вельмі-вельмі павольна. Цяжка было, дый спяшацца не было прычыны.

Лотр яшчэ гадзіну таму даслаў да Жабы ганца. Ля Ўздыхальні ўжо два дні назад быў падрыхтаваны касцёр дроў і слуп, і паводзіны войта, які адмовіўся змацаваць скарыстанне вогнішча сваім подпісам, выглядалі, па меншай меры, дзіўна. Трэба было даведацца, што гэта азначае, і, калі войт падпісваў канфірмацыю п'яны, дабіцца, каб закрэсліў свой подпіс і вярнуўся да старой сваёй прапановы, да кары агнём.

Кардынал стаяў на замкавым гульбішчы разам з Басяцкім, Камаром і свецкімі ўладамі, чакаў, слухаў, як далятаюць ад Нёмана анёльскія спевы, і глядзеў, як паўсюль — на вежах, на дахах, на мурах, на шпілях, у вокнах і на брамных кратах — стаіць, вісіць, туліцца, гамоніць, варушыцца народ.

А па Ўзвозе паўзла і паўзла ўгору стракатая і пыльная ўжо змяя працэсіі. Братчыку было пакутна цяжка ісці. Сонца паліла, ногі вязнулі ў пыле і пяску, якія былі за лета стакрот перамяшаныя нагамі, коламі грузавых павозак, капытамі коней. Увесь гандаль Гародні праплываў ад караблёў да складаў і ад складаў да караблёў гэтай дарогай. На ўвесь гэты гандаль ён, Юрась, і замахнуўся, ім быў прададзены.

Цяжка ісці. Пот лье з ілба. Каб уторкнулі ў рот заткала, як прапаноўвалі, не ўзышоў бы. Гэта і прымусіла іх адмовіцца. Гэта і яшчэ тое, што добра арганізаваны «справядлівы гнеў народны» заглушыць любыя ягоныя словы, каб нават і ўздумаў кідаць іх людзям. Цяжка! Вялізны крыж гне амаль напалам. Вось і канец камедыі, на ўдзел у якой яго сілком штурхнулі некалькі месяцаў назад.

Якраз у гэты час да гульбішча падляцеў ганец, скочыў з каня, узбег па сходах, пачаў шаптаць нешта на вуха Лотру.

— Хто? — пабарвавеў той.

— Невядома. Раніцай толькі і знайшлі. Не любіў ён, калі яго ад таго занятку адрывалі. Кажуць, манах нейкі заходзіў.

Лотр і Басяцкі глядзелі на натоўп. Манахаў пад капюшонамі там было сапраўды безліч і страшэнная сіла.

— Мо агледзець усіх? — ціха спытаў дамініканец.

— Ад вас, казалі, манах, — яшчэ цішэй сказаў ганец.

Пёс Божы збялеў:

— Не-не… Не будзем… Гэтага яшчэ не хапала, каб думалі, што гэта я руку прыклаў. А мне нашто? Мне з ім зручна было. Болей ужо мы такога дурнога войта не знойдзем, не тым хай будзе памянуты нябожчык… Добра, ідзі.

Яны глядзелі б на натоўп яшчэ з большым страхам, каб ведалі, колькі сярод людзей у расах ілжэманахаў, якія не разумелі па-латыні і слова, ніколі не жылі ў келлях і не праходзілі пострыгу.

— Дык што ж, — сказаў Лотр. — Подпіс зменены не будзе. Вогнішча?

— Вогнішча нябожчык не ўхваліў. Шыбеніца.

Басяцкі ўсміхнуўся:

— Залёгка думаеце яго жыцця пазбавіць.

— Не ведаю іншых спосабаў, каб без праліцця крыві.

Мніх-каплан зашаптаў нешта яму на вуха. Лотр падціснуў вусны:

— Ці не будзе занадта падобна да таго? Небяспечнае падабенства. Прымхлівасць чалавечая толькі таго і чакае. Такія чуткі ды легенды пойдуць.

— Лухта. Затое застрашліва. І ці не горш за вогнішча. Тое што, найбольш гадзіна. А тут найменш суткі.

Кардынал маўчаў. І ўрэшце кіўнуў галавою. Адважыўся.

— Мяшчане славутага месца! Войт наш хуткім чынам памрэ. Але якая б вялікая ні была наша журба — упадаць у роспач мы не павінны. Нам належыць перамагчы сваё сэрца і, спадзеючыся на волю Божую, тварыць далей справу ягоную. Царква не лье крыві. Войт не згадзіўся на вогнішча, і мы павінны паважаць яго апошнюю волю. Але, калі не змацаваны пячаткаю ўлады агонь…

Над натоўпам вісела мёртвае маўчанне.

— …хай вісіць гэта адроддзе пекла на хлуслівым сваім крыжы. Не прыбіты, як Збаўца наш, які выкупіў першародны грэх чалавечы (не, мы не будзем ганьбіць падабенствам смерці гэтага махляра вялікую смерць Езуса), а прывязаны, чым падоўжацца пакуты ягоныя ў выкупленне грахоў сваіх.

Ціхі плач узнік сярод лахманоў. Але роў захаплення заглушыў яго, і ніхто не пачуў, як ахнуў, пачуўшы гэта, адзін чалавек.

Чалавек гэты стаяў на кутняй вежы, што навісла над Нёманам. Проста пад ім, пад мурам і стромай, ішоў па Ўзвозе чалавек з крыжам на плячы.

— Дапамог.

На вежы, акрамя чалавека, стаялі яшчэ двое, якія таксама, відаць, здолелі сунуць у лапу кустоду вежы. Трохі наводдаль стаяў маўклівы, як статуя, манах у плашчы з капюшонам. А бліжэй шалеў ад захаплення, галасіў і ляпаў па плячах то чалавека, то манаха, нібы збіты са сваіх хлябоў, хлебнік.

— Распні яго! Распні! — Ён пляваў уніз. — Тфу на цябе! Тфу! Сабака! Ерэсіярх! У пекла пойдзеш, а я да Пана Бога. Тфу! Распні! Распні!

Чалавек крэкнуў, нагнуўся, нібыта каб паправіць рэмень поршня. І раптам жалезнай хваткай схапіў хлебніка за ногі, ірвануў і перакуліў цераз парапет. Хлебнік з крыкам паляцеў уніз.

— Бач ты, як ён да Бога спяшаецца, — сказаў чалавек, з пагрозай гледзячы на манаха.

Але манах глядзеў не на яго, а на тое, як хлебнік грукнуўся аб зямлю, як падскочыла і пакацілася ўніз па схіле, стукаючыся аб камяні, ягонае цела, як яно нерухома ўпала на дарогу амаль ля Хрыстовых ног.

Хрыстос пераступіў цераз труп.

І тады манах высунуў з-пад плашча кісці рук. Рукі былі залатыя.

— Фама, — сказаў ён чалавеку з завязанай галавою. — Брат. Ты жывы?

— Вус, — голас Фамоў сарваўся. — І ты жывы? Гора якое. Ты нашто тут?

— Ды вось… можа, хаця цела ад ганьбавання ўратую. Фама абняў яго. Рукі ягоныя калаціліся.

— Браце… Мілы… Пачакай… Мы двох… У мяне сілы ў сто разоў прыбыло. Мы яшчэ ім справім нештачка.

У натоўпе між тым нехта спытаў:

— Чаго гэта там крык?

— Ды вось, з вежы нехта зваліўся. Цікаўнасць усё.

— А-а.

Братчык стаў. Яго паспрабавалі былі падганяць бізунамі, але ён не рухаўся, глядзеў назад, на працэсію, якая цяпер была ўся як на далоні.

— Ты што? — вызверыўся вартавы.

— Змоўч, нікчэмнасць. Бач, які ў мяне эскорт ганаровы. — Ён цяжка дыхаў, але гаварыў з'едліва. — Табе такога за ўсё жыццё не заслужыць, як ні пніся. Манахі… У саванах… Кожны, як Лазар, калі ён, тры дні ў магіле пралежаўшы, прагуляцца выйшаў. І смярдзіць, як той Лазар. Мёртвыя. А можа, таму, што ўсё жыццё не мыюцца.

Пайшоў далей. Твар ягоны быў амаль ля зямлі, і кроў з рассечанай галавы падала ў пыл.

Перад самым крутым пад'ёмам ён зноў спыніўся. Яму прыйшло ў галаву, што будзе і непрыгожа і ганебна, калі ён вось так, ніца схілены, амаль паўзучы, будзе ісці праз гэты разубраны, нахабна-сыты, варожы натоўп.

Хрыстос умацаваў ногі, напружыўся і ўскінуў крыж сабе на карак. Прытрымаў яго раскінутымі рукамі. Так насілі гакаўніцы разбойнікі і пастухі.

Выпрастаўся.

Пайшоў, вязнучы ў пяску.

Фама і Вус з жахам і шкадобай глядзелі на гэта. Пасля не стала сілы глядзець. Яны спусціліся з вежы і пачалі штурхацца праз натоўп.

— Бачыш, што ў мяне? — Фама паказаў Вусу схаваны пад плашчом лук.

— Эх, браце, нічога ты ім не зробіш, — уздыхнуў Ціхон. — Два нас. Толькі два.

Каб яны ведалі, колькі ў натоўпе замаскіраваных сяброў, іхні адчай саступіў бы месца цвёрдасці. Але яны да самага канца так і не даведаліся пра гэта.

Ішоў праз натоўп чалавек, на якім манашы плашч падазрона тапырыўся. І ў спіну гэтаму чалавеку буркнуў нейкі рамеснік: