Выбрать главу

Усе думалі, што іх даўно няма ў жывых. Вястун сам бачыў Фамову «смерць» пад звонам, і таму радасці не было канца, тым больш што пры нападзе на эшафот загінула вельмі мала людзей, а астатнія рассеяліся і былі ў бяспецы.

Фама і Вус прынеслі дзіўную вестку.

…Наступнага дня пасля няўдалай галгофы тысячнік Карніла запрасіў Лотра і Камара да сябе «на пачостку». Атрымаў згоду. Калі ж тыя ўвайшлі ў трапезную дома Карнілы, то ўбачылі там Ратму і зразумелі, што гэта ўсё. Людзі Ратмы між тым абяззброілі ў двары варту пастыраў і сталі ў дзвярах трапезнай.

На пытанне, што гэта ўсё азначае, Карніла адказаў, што ўсё жыццё ён верыў і выконваў загады і нават лічыў за святую праўду, што вось Паўла знішчаў хрысціян і менавіта таму яго ўзвялі ў апосталы і святыя. Цяпер жа ён вырашыў, што астачу жыцця трэба, хай сабе і кепска, а думаць. І першае, што ён надумаў, гэта паглядзець, якое права мелі яны аддаваць яму загады, ці іншая, ці лепшая ў іх кроў.

Прапанаваў вырашыць справу Божым судом: адзін супраць дваіх. Прычым, тыя будуць біцца за сябе, а ён бярэ на сябе абарону Братчыкавай праўды. Пакляўся і прымусіў паклясціся Ратму, што калі ён загіне — пастыры выйдуць з двара цэлымі і вольна вернуцца дамоў:

— Паколькі… гэта… толькі Ян Непамук мог гуляць з уласнай галавою пад пахай.

Пастыры біліся не горш за кожнага ваяку. Амаль гадзіну стаяў у трапезнай бразгат мячоў, луналі выгукі, чулася дыханне трох глотак, падаў посуд, ламаліся лавы і сталы.

…А яшчэ праз гадзіну Ратма са сваімі людзьмі вырушыў з Гродні ў Наваградак. На насілках неслі зраненага Карнілу, які перайшоў на службу новаму магутнаму ўладару разам з найбольш адданымі са сваіх людзей, а адзін з воінаў вёз у туга завязанай скураной торбе дзве адсечаныя галавы. Галовы не былі запэцканыя ў кроў, бо іх адсеклі ўжо ў мёртвых.

Ваявода спяшаўся. Ён спадзяваўся яшчэ ў дарозе нагнаць сяго-таго і аддаць яму доказ, што клятва выканана, што чалавек той можа быць спакойны.

Хрыстос, дачуўшыся аб нечаканым абаронцы ягонай праўды і выканаўцы Божага суда, бязмерна здзівіўся, але і задумаўся. Дзіўныя рабіліся справы. Ён, такі спачатку бездапаможны і слабы, застаўся жыць, а з тых, магутных, што калісьці навязалі яму страшную тую гульню, не засталося ніводнага.

Трэба было, аднак, кідаць хутар і падавацца далей. Хрыбтовічу ніхто нічога не здолее зрабіць. Ён магутны магнат, і, пры ягонай дабрыні, не толькі войска, але і простыя людзі не кінуць яго. А моц караля моцна падсечаная.

Але сюды, на гэтую зямлю, могуць нагнаць, пасля ўсіх падзей, войска, узмацніць пільны нагляд за ўсім. Трэба было ісці.

…Магчыма, калі-небудзь я раскажу вам, што было запісана двума сведкамі, Фамой і Іудам, у іхняе «евангелле», калі былі яны на схіле дзён. Раскажу, як жыў мужыцкі Хрыстос далей, якія рабіў справы, як знайшоў з Анеяй свой шлях і сваю зорку, як прыдбаў сабе і сябрам разуменне, вечную славу і вечную маладосць, але цяпер досыць аб гэтым. Я канчаю пісаць, і рука стамілася трымаць пяро.

Скажу толькі, што Фаўстына з Кляонікам, вядома, засталіся на хутары, і з імі застаўся Марка Турай, а астатнія, на чале з Хрыстом, вырашылі ісці на поўдзень, у нечапаныя пушчы на мяжы Палесся і Белавежы, у месца, якое ведаў Хрыстос. Ісці, карчаваць і паліць там ляды, будавацца, жыць вольным жыццём і чакаць, чакаць святла.

Вырашылі перад адыходам застацца яшчэ на некалькі дзён, каб памагчы маладым і іхняму сябру прывесці да ладу зямлю. Ужо і так зрабілі нямала: хату перасыпалі і занава пакрылі, дабудавалі да яе два асобныя трысцены, дзеля Маркі (ажэніцца ж, пэўна, калісьці), узвялі новую пуню, дагледзелі сад.

Трэба было цяпер памагчы ім араць, патрэсці іхнія нівы жытам і пшаніцай-зімкай. Хай маладыя хаця першыя месяцы свайго жыцця больш будуць адно з адным, не аддаюць усёй сілы зямлі. Мацнейшае будзе каханне.

Фама падстрэліў дзеля іх два дзікі, а Вус саліў мяса і вэндзіў шынкі сваімі залатымі рукамі. Хрыстос з кавалём пусцілі дзесяткі два адборных ліп, завезлі іх да хутара і вольным кастром, каб сонца не даставала, а вецер прадзімаў, склалі іх пад паветкай. Гады праз два будзе ў разьбяра запас вытрыманага, сухога, непатрэсканага дрэва на ўсё жыццё. А Іуда пайшоў некуды, пагаварыў з кімсьці і прывёз два вазы ўжо гатовага, даспелага дрэва, той жа ліпы і грушы. Працуй узімку, колькі рукі вытрымаюць.

Пачынала трохі асянець. Маладыя і Марка малілі або заставацца да вясны, або ісці зараз, бо не ў мярле ж з мядзведзямі жыць, трэба ж мець страху над галавой, запас мяса, і ўсё такое.

Хрыстос, аднак, толькі адмахваўся. Па-першае, ёсць трайная доля грошай, закапаная імі асобна ад іншых (нібы ведалі). Тых грошай, што здабылі, абдзёршы скарбонкі ў Наваградку (усё адно, не аддаваць жа расафорным!). Па-другое, ён абяцае ўсім хату. Вялізную прасторную хату ў пушчы, у тым месцы, дзе яны будуць жыць і чакаць. Абяцае хату і ўсё, што патрэбна дзеля жыцця, пакуль не прыйдзе першае жніво на новых лядах. Усе ведалі: ён не лжэ.

…У той дзень, падрыхтаваўшы ўсё да пасеву, сядзелі яны ўсе разам каля могілак. Дах капліцы трохі прасеў, пахілены драўляны купалок нібы кланяўся рачулцы пад гарой, спакойным безыменным магілам, празрыстаму асенняму паветру і далёкім дрэвам, што палалі на ўзгорках.

Гэта было добрае, сапраўднае жыццё! І таму, што хутка яны павінны былі пакінуць тут трох людзей і, магчыма, ніколі больш не ўбачыць іх, у сэрцах гарэла сумная любоў да іх, да ўсіх сяброў, што сядзелі тут, да ўсіх на свеце добрых людзей.

Хрыстос ціскаў у далоні камяк зямлі:

— Яны праўдзіва рабілі, калі адыходзілі. Сеяць сапраўды даўно трэба.

Кучаравілася вакол капліцы сонечная шыпшына, расшытая лакіраванымі аранжавымі і чырвонымі ягадамі. Сонца прайшло зеніт і пачынала добра хіліцца да захаду.

— Гэх, — уздыхнуў Фама, — вось папрацуем добра, сядзем уначы вячэраць. Пад яблынькай, пад зорамі… Тут бы самы смак выпіць… І карчма недалёка… Выпіць ды яблычкам, проста з галіны, закусіць.

— Бач, ласунчык, — сказаў Хрыстос. — Бач, малімончык. Цукар губа чуе. А вось я вас спытаю, пакуль грошы не выкапаем, на якія такія даходы вы, высакародны лыцар, выпіваць будзеце? Як адзін сябар казаў: «У гарэлку ўткнуўшы лыч, задрамаў Фама-шляхціч».

— Сам ведаю, — сумна сказаў Фама. — А добра было б — задрамаць не задрамаць, а хаця б лыч уткнуць.

— Ну, — сказаў Іуда, — то ў чым, я пытаюся, цяжкасць?

— Грошы, — сказаў Хрыстос. — Не разумееш?

— Вуй, дурныя галовы, — сказаў Іуда. — І не ведаюць нічога! А трыццаць срэбнікаў, што я ў Мацея адабраў?

— Няўжо адабраў? — ахнуў Вястун.

— А нягож, — сказаў Іуда. — Тады, як вы мяне з чаўна вынімалі. Памятаеце, адстаў я?

Вус і Кляонік з Маркам зарагаталі ўтрапёна. Смяяліся, стоячы ўбаку і абняўшыся, Фаўстына з Анеяй.

— І, па-мойму, няма чаго нам думаць. І, па-мойму, Хрыстос, нам з табою зараз самая справа іх разам прапіць.

— А я? — спытаў Фама.

— Ну і табе трохі дамо, — сказаў Іуда. — Усім трохі дамо. Хіба я кажу, што мы не дамо?

Хрыстос, рагочучы, узяў дзве амаль паўвядзёрныя біклагі і аплеценую лазой суляю. Падаў іх Іуду:

— Тады лупі. — Ён зірнуў на сонца. — Яшчэ паспееш. Гэта сапраўды самы нечаканы канец гісторыі: прапіць разам трыццаць срэбнікаў.

Падхапіўшы біклагі і бутлю, цыбаты Іуда, як жораў, лупянуў па ворыве.

…Вус надзеў на шыю Юрасю сявеньку.

— Ідзі першы, — сказаў ён.

Хрыстос, смеючыся, праводзіў Іуду вачыма. Пасля пераступіў цераз паваленае страхлелае распяцце і стаў на мяжы ворыва.

Прыладзіўся, пайшоў, працуючы адной рукой. Раўнамерна, са свістам, у такт крокам правай нагі, разляталася насенне. І Вус падумаў, што на тым месцы, дзе так працуюць, абавязкова ўзыдзе раўнюткая, сіне-зялёная, а з самага пачатку чырванаватая, рунь.

Хрыстос азірнуўся. За ім ішлі, паловай жураўлінага ключа, астатнія. Фама сеяў дзвюма рукамі і высалапіў Хрысту язык: «Ведай шляхту!»

І тады Хрыстос прымерыўся і таксама пачаў працаваць дзвюма. Шырока, роўна клалася ў раллю зерне.

Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую, мяккую зямлю.