Хістаючыся, ён ішоў начнымі вуліцамі, кідаўся ў непрытомнасці туды і сюды і цягнуў за сабою свой звязаны чорны цень, які таксама не ведаў, куды яму бегчы, і кідаўся ў розныя бакі… А за ім, наводдаль, цягнуўся другі, каржакаваты цень.
«А ўцячы? А што тады з хлопцамі? Ды куды? Божа мой, Божа, за што ты пакінуў мя?!»
Маленькая, як цацка, каменная цэркаўка трапілася яму на вочы. Уся зеленаватая ў месячным ззянні з двума-трыма ўтульнымі агеньчыкамі ў маленькіх — з далонь — акенцах. Маленькая, чалавек на сорак — па тагачаснай модзе, толькі, відаць, для свайго вулічнага тупічка-кутка. Адтуль ціха-ціха даляталі спевы: ішла ўсяночная.
Ён мінуў яе, прайшоў яшчэ трохі і раптам спыніўся. Нібы адчуў грудзьмі мечнае вастрыё.
Цераз нізкі каменны плот ён убачыў глыбокі, патаемны сад, увесь са святла і ценяў, і дзяўчыну з караблікам на галаве.
Сыпалася з дрэў раса. Месячнае святло ляжала на траве. І дзяўчына ішла да яго, цягнучы рукі.
Ён прыпаў да плота. Яна падышла бліжэй, і ён убачыў безуважныя, скіраваныя на нешта вялікае і светаноснае за ягонай спіной, амаль лунатычныя цёмныя вочы.
— Ты? — ціха сказала яна. — Я іду да цябе. Я пачула.
— Я іду да цябе, — гэта сказаў нехта за яго.
— Ты, — сказала яна. — Ты. Я чамусьці ведала. Я адчувала. З тысяч нявестаў Гародні ты абярэш мяне. Хадзі сюды. Лезь цераз плот.
Неяк зусім безудзельна ён пералез. Ногі самі перанеслі. Стаяў нібы трохі ачумелы. І нічога ад Бога не было ў ягоным вобліку. Але яна была як сляпая, як навекі аслепленая веліччу Бога, што ішоў у славе.
І ён убачыў зусім блізка цёмныя, тагасветныя вочы і адчуў несамавіты боль, зайздрасць і сваю мізэрнасць. Але яна не ўбачыла і гэтага.
— Якія ў цябе вочы, Божа…
Ён успомніў уцёкі пасля свіслацкай містэрыі.
— Якія валасы.
І ён успомніў, як ён ляжаў на ганебнай кабыле, гатовы для бізуна і здзеку.
— Увесь ты стройны і моцны, нібы елянец.
Ён глядзеў толькі на яе і таму не заўважыў, як нехта таксама падышоў да плота.
— Сонца маё, нашто ты на мяне кінула промнем сваім?
Яны павольна ішлі ў святло і цень.
…Там, дзе садовы плот прымыкаў да царквы, у густым чорным цені стаяў нізкалобы сотнік і змрочна глядзеў на іх.
Лотравы пакоі ў трансэпце гародзенскага замка нагадвалі пакоі багатай і не суровай норавам радавітай дамы. Каменныя сцены завешаны кілімамі і габеленамі з трохі легкадумным зместам. Іконы, дзе яны былі, здзіўлялі ўвагаю мастакоў да жывой плоці.
А той пакой, у якім зараз сядзеў кардынал, быў увогуле легкаважны. Шырокае, на шасцёх, ложа пад гарнастаевай накрыўкай, крэслы з мяккімі падушкамі, нейкія каменныя і шкляныя пляшкі і флаконы на валошскім століку ля ложа. Пах якіхсьці салодка-гаркавых маслаў.
Адзіныя духоўныя рэчы ў пакоі былі статуямі святога Себастыяна і святой Інэсы, дый тыя давалі відавочна пабольшанае ўяўленне аб сутнасці мужчыны і жанчыны.
На ложы ляжала Магдаліна, ляніва пагойдвала перад вачыма залаты медальён. Басяцкі, што сядзеў на крэсле каля сцяны, імкнуўся не глядзець у той бок.
Ля ног яе, таксама на ложы, сядзеў Лотр:
— Ты, сотнік, пачакай. Я вось толькі зараз дам загад братам-дамініканцам.
Сотнік асцярожна сядзеў ля самых дзвярэй на пазалочаным, гнутаногім венецыянскім крэселку. За крэселка тое рабілася страшна.
— Дык вось, пан Фларыян, за чалавекам гэтым трэба сачыць, каб не зрабіў чаго непажаданага.
Карніла ўсміхнуўся, але тыя не заўважылі.
— Атачыце яго даглядам. Прыстаўце людзей асабіста да яго… Дарэчы, ці ўзялі гэтага расстрыгу-прарока? Гэтага… Іллюка?
— Узялі.
— Ён прарочыў прыход. Ён ублытаў нас у гэтую справу… Іл-лія! Пастарайцеся добра пагладзіць яму рэбры шчыпцамі… Каб ведаў: прарокі ў наш час — з'ява падазроная. А там можаце паціху адправіць яго — куды, самі ведаеце.
— Гладзіць яшчэ не гладзілі, — сказаў каплан, дачакаўшыся, пакуль Лотр выгаварыцца. — Дый няма патрэбы.
— Як?
— Ды ён усвядоміў, што не меў рацыі. І мы пазбеглі іх нараканняў у залішняй жорсткасці…
— Што, «велля»?[91]
— Ды мы, бачыце, проста адвялі яго куды трэба і растлумачылі значэнне і прынцып дзеяння некаторых прылад.
— Такі конь? Спалохаўся? Прарок?
— Коні таксама хочуць жыць. І потым, ён не прарок, а шарлатан.
— Добра, — сказаў Лотр. — Хай цяпер прыходзіць штотыдзень за тлумачэннямі і прарочыць тое, што патрэбна нам… Што там у цябе, Карніла?
— Удваіх, — сказаў сотнік. — У садзе ў Палянак. З Анеяй, дачкой мечніка.
Абодва жахнуліся, убачыўшы вочы кардынала.
— Ідзі, — глуха сказаў ён. — Схапі.
— Мяркую, позна, — сказаў Карніла.
Словы ягоныя міжвольна прагучалі, як жарт.
— Выйдзі, — кінуў кардынал жанчыне.
Тая надзьмула вусны.
— Табе кажу.
Марына незадаволена ўзнялася. Пагойдваючы клубамі, пайшла да дзвярэй.
— В-вох, — ні з пушчы ні з поля сказаў Карніла. — Спакуса!
Усе маўчалі. Лотр сядзеў з заплюшчанымі вачыма. Белы, як сала. Калі ён расплюшчыў вочы, яны не абяцалі даравання:
— Дачка мечніка Палянкі Анея. Святая. Жонка пана Хрыста… І яна ўпэўнена, што ён — Хрыстос?
— Іначай, пэўна, нічога б і не было, — сказаў Карніла. — Яна славілася чысцінёю і цнотай. Яна ў вялікай веры жыла.
— Змоўч, — шэптам сказаў кардынал.
— Ведаеце, што з гэтага будзе? — плоскія вочы Басяцкага нядобра ўсміхаліся. — Гэты круцель цяпер не адмовіцца ад самазванага імя. Таму што збаіцца страціць яе.
— Гэта так, — шэптам сказаў Лотр.
— Калі яна даведаецца аб падмане — яна плюне яму ў твар. Ён цяпер не адмовіцца.
— Забіць, — ціха сказаў Лотр. — Абаіх.
Дамініканец усміхнуўся.
— Ненадоўга ж вас хапіла, — ён перайшоў на лаціну. — Казалі аб тым, што Ігнацы, што сябры ягоныя, што я — пачынаем велізарную справу. Што папа хай сабе праз дзесяць — пятнаццаць — дваццаць год прызнае нас. Што саюз наш будзе наймацнейшым саюзам зямлі. «Сыны Езуса», «Братэрства Езуса», ці як яно там. Казалі, што сіла наша ва ўсёпранікальнасці і патаемнасці. Казалі, што мы не павінны апаганьваць наш шлях яўнымі і адкрытымі расправамі. І вось цяпер ледзь нейкая дробязь закранула вас — вы забылі ўсё. Дарэмна браты адкрылі вам нашу таямніцу. Нас мала, мы пакуль вымушаны маўчаць і хавацца, як першыя хрысціяне. Але гора нам і мы прапалі, калі стаў на пачатку нашай дарогі такі, як вы. Я вымушан буду ўзняць голас перад людзьмі, якія здолеюць дабіцца ў папы Льва, каб ён заняўся гэтым сам і праверыў, ці адпавядаеце вы месцу, на якім сядзіце…
Лотр змежыў вочы. Мніх сказаў ужо мякчэй:
— Мне няма справы да жыцця і смерці гэтых людзей. Але схапіце іх тут, забіце іх тут — і мы ўбачым паўтарэнне таго, што было нядаўна. І на гэты раз нас не ўратуе нішто. А калі мы і ўцячом — увесь хрысціянскі свет зацікавіцца тым, што тут робіцца. Тое, што прыйдзе канец вашай славе, а магчыма і жыццю — дробязь. Але тое, што справа ратавання веры, мая будучая справа, справа майго братэрства выйдзе на свет — за гэта не будзе нам даравання ад улад і Бога. Тут і індульгенцыі не дапамогуць. Гэта вам не Тэцэлева дурацкае абяцанне[92], гэта вам не на Дзеву Марыю зрабіць замах.
Ён даў Лотру абдумаць свае словы і спытаў:
— Н-ну?
— Ты Хрыстова нявеста? — Лотр сказаў гэта праз зубы. — Што ж, будзеш Хрыстовай нявестай. Карніла, адразу, як гэтае адроддзе пекла пойдзе ад тае шлюхі, схапіце яе, схапіце… патаемна, — гэтае слова далося кардыналу з цяжкасцю. — І зараз жа адвязіце яе ў Машкаўскі кляштар, на пострыг. Хай замольвае пралюбадзейства. — І дадаў: — Мараль вышэй за ўсё.
— Вось такі вы на месцы, — усміхнуўся каплан. — Ты прыдумаў дзівосна. Ты нават сам не ведаеш, чаму тое, што ты прыдумаў, дзівосна.
Лотр знакам адпусціў сотніка. Годныя людзі засталіся адны.
— Ведаеш, чаму гэта добра? — спытаў мніх. — Ён адразу ж кінецца шукаць яе, і такім чынам мы пазбавім ад яго Гародню. Без шуму пазбавім… «Добры наш народ, чакай. Ён з'явіцца яшчэ. Хрыстос з апосталамі сваімі пайшоў хадзіць па краю, казаць слова Божае і памагаць людзям».
91
«Велля» — «неспаннё». Падсуднага катавалі тым, што пазбаўлялі сну на працягу сарака гадзін.
92
Саксонскі манах Тэцэль казаў, гандлюючы індульгенцыямі: «…яго свяцейшасць надзяліў мяне вялікай уладай — ад аднаго голасу майго брама нябёсаў адчыняецца нават перад такімі грэшнікамі, якія адчувалі пажадлівасць да святой Дзевы, каб… апладніць яе».