Дамініканец асадзіў ля іх ашчэранага каня. Худы, падборысты, з пранізлівым розумам у шэрых вачах, ён быў нават прыемны і гэтымі вачыма, і змяістай, ледзь улоўнай усмешкай. Хітрая старая ліса. З пачцівасцю паглядзеў на жанчыну, зразумеўшы, што ўсё вырашана, ухіліўся Лотру.
— Вам не нязручна з ёю, правялебнасць?
— Сваё я прывык адчуваць целам, а не бачыць яго на другім кані. Мне прыемна, і гэтага досыць.
— Ваша праўда, — сказаў дамініканец.
У маўчанні ехалі яны дарогай. Манах толькі аднойчы кінуў на кардынала дапытлівы позірк, а потым ехаў моўчкі, вонкава безуважны, разумеючы, што субяседнік скажа, калі захоча сказаць.
— Слава Ісусу, — раптам вельмі ціха сказаў Лотр.
— Я не разумею вас, — з зычлівай спакойнай усмешкай сказаў каплан.
— Марыце хутчэй скінуць расу?
— І тут сэнс сказанага вамі цёмны для вушэй маіх.
— Вы вучыліся ў Саламанцы? — перайшоў на лаціну кардынал.
— Доктар ганорыс кауза[19], — таксама па-лацінску адказаў каплан.
— Прывітанне ад сябра.
— Якога?
— Ігнацыя Лайолы.
— Каго?
— Хопіць, вось знак.
І ён працягнуў манаху далонь, а на ёй медальён са змяёю, што абвіла падножжа крыжа. Змяя ляжала ў пагрозлівай паставе, баронячы крыж.
— Унутры таксама ўсё, што трэба.
— Я не разумею толькі аднаго, — сказаў манах.
— Адкуль я ведаю?
— Але. Адкуль вы ведаеце, калі ідэя братэрства Езуса толькі зарадзілася ў галаве…
— Калі ідэя гэтая — дзве тысячы чалавек, здатных на ўсё.
— Вы і гэта ведаеце?
— Ведаю.
— Такое нешматлікае кола, — сказаў каплан.
— Гэтае кола скора будзе самым магутным ордэнам на зямлі. Самым магутным, бо самым нябачным.
— Не трэба аб гэтым. Папа яшчэ нічога не ведае і не зацвердзіў…
— Ён скора зацвердзіць. Мы паклапаціліся аб гэтым. Здаецца, ён схільны…
— Божа, такі нечаканы поспех.
— Чаму нечаканы, — усміхнуўся Лотр. — Чаканы і заслужаны. Трыста год існуюць францысканы-мінарыты. Жабрацтва здабывае ім людскую любоў, жыццё сярод людзей — веданне іх і ўплыў на іх. Але яны адметныя хаця б вопраткай. І трыста год існуе твой, дамініканскі, ордэн. Ён грызе ворагаў Бога, як пёс. Пачынаючы ад вальдэнсаў і катараў, вы знішчаеце ерасі, вы кіруеце інквізіцыяй, але вы таксама на вачах. Натуральна было б стварыць братэрства, якое жыло б сярод усіх, як мінарыты, і ведала б людзей, як яны, але адначасова рвала б ерэтыкоў, як псы гасподні. Не грубай сякерай, вядома, — пакінем яе вашаму… гм… цяперашняму ордэну, — а больш тонкай зброяй. — Пагайдаў медальёнам: — Хаця б вось такой. І гэты ордэн павінен быць нябачным і ўсёпранікальным, як смерць, ведаць усё і ўся, нават тое, што вораг пабаяўся падумаць. Тайны, магутны, розны па вопратцы, з магнатам — магнат і з хлопам — хлоп, з вальнадумцам — вальнадумец, з праваслаўным — праваслаўны, але заўсёды — атрута самога Бога ў целе ворага. Нябачнае войска ў кожнай краіне, якое вядзе войны, рыхтуе вайну забойствам моцных і выхаваннем малых дзяцей і ўсім, што стварыў д'ябал і што мы павінны зрабіць зброяй у абарону Госпада. Нашто грэбаваць нечым? А грахі нашы — замоляць. Каб вас не было — вас варта было б выдумаць. І шчасце, што вы знайшліся, а Лайола, такі яшчэ малады, зразумеў, што ён патрэбны, і адкрыўся нам.
— Вы льяце бальсан на маю душу, як…
— Я здагадваюся, аб якім яшчэ сваім знаёмым вы хочаце сказаць. Бог даў вялікаму Томасу[20] доўгі век, семдзесят восем год, пэўна, дзеля таго, каб даць яму нацешыцца перад вечнымі пакутамі пекла, куды ён несумненна трапіў.
— Ён?
— Ён. Таму што ён сек з пляча. Дзесяць тысяч спаленых, выгнаныя з Іспаніі марыскі і іудзеі. Рамеснікі, гандляры, упартыя земляробы і ткачы шаўкоў — дзе яны? І, галоўнае, дзе іхнія багацці? Яны ў Афрыцы, заклятыя цяпер нашы ворагі. Рана ці позна яны зробяць нейкую такую інтрыгу… А адных грошай, якія ён выдаткаваў на дровы дзеля гэтай ілюмінацыі і касцюмы дзеля гэтай камедыі, хапіла б, каб зрабіць з гэтых людзей, або хаця б з іхніх дзяцей, такіх самых, як і ён. Я не супраць вогнішчаў, але да іх не трэба звыкаць, як да штодзённага абеду, сядзення на гаршку або штодзённай шлюхі ў тваім ложку, — гэта не пра цябе, дзіця, — імі трэба захапляць. Маўры, яўрэі і ерэтыкі таксама людзі…
— Што вы кажаце?! — не ведаючы, выпрабоўвае субяседнік або гаворыць шчыра, абурыўся манах.
— …і з іх зрабіць мярзотнікаў, і апошнюю навалач, і багоў, і воінаў веры, і забойцаў, і катаў ніколькі не цяжэй, чым з усіх астатніх двухногіх. Хрыстос быў іудзей і — да пары — ерэтык, і Паўла, і… Лютар, а цяпер на іх моліцца большая ці меншая колькасць людзей. Ерэтыкі толькі датуль ерэтыкі, пакуль яны слабыя. І кожнаму такому нельга дазваляць зрабіцца моцным. Вы разумееце мяне?
— Здаецца, зразумеў. Гэта думкі Ігнацыя. Толькі… гм… завостраныя да небяспечнасці.
— А я і не кажу, што прыдумаў бы такое сам. Я ведаю, на што здатная мая галава, і ў гэтым мая сіла. То што?
— Паколькі былая «ерась» Хрыста, а цяпер яго «вера» ёсць наша вера — нам непатрэбна існаванне іншых ерасяў, якія таксама могуць зрабіцца верамі і тым саслабіць нашу веру і нас. Усё адносна, і сённяшнія цары — заўтра дзярмо, а сённяшняе дзярмо — заўтра цар.
— Т-так, — усміхнуўся Лотр.
— І таму ваюй за сваё, а асабліва супраць самай страшнай ерасі, чалавечага самамнення і жадання думаць, ваюй супраць самай страшнай ерасі, якую ў Італіі завуць гуманізмам, таму што гэта рошчына вечнага неспакою, таму што гэта адзіная ерась, якая не стане верай і догмай, але калі стане — нам усім, і давеку, прыйдзе канец.
— Ого, — сказаў Лотр.
Ён глядзеў на гэтага сённяшняга дамініканца, а заўтрашняга езуіта з жахам і амаль з захапленнем. І адначасова з болем адчуваў, што сам ён — толькі пераносчык чужых думак, што ён ніколі не здолее да канца развіваць іх і рабіць з іх такія далёкія, канчатковыя высновы, што ён — твар царквы, але ніяк не сэрца, не розум, не зброя яе.
— І таму, калі мы не хочам памерці — з пляча не сячы. Бо ў гідры адрастаюць галовы. А адсекшы, атруткай прымаж, ваюй брудам за чыстую Божую справу, плёткамі ды агаворамі — за праўду, нашу праўду. А лепей забяры дзяцей, іх прымусь з самага пачатку думаць па-свойму, забі ерась гуманізму яшчэ ў калысцы, няхай сабе і самай вялікай хлуснёй. Тады і мячы не спатрэбяцца. Бо нашто ж сваіх біць? Гэта толькі вар'ят сярод тысяч дурняў рабіць можа.
— Правільна, — уздыхнуў Лотр. — І таму рыхтуйся. Можаш касцёл дамініканаў ужо цяпер у думках зваць езуіцкім, а калегіюм пры ім — езуіцкім калегіюмам. Па часе скінеш гэтую расу, каб не насіць ніякай. Вы будзеце моцныя, мацнейшыя за ўсіх. Магістр ваш будзе не магістр, а «шэры папа», не розумам шэры, а непрыкметнасцю і ўсёпранікальнасцю, таму што шэрае — паўсюль. Рыхтуй дзяцей… Колькі ў цябе зараз тваіх людзей?
— Больш тысячы.
— Будзе дзесяць тысяч. Войска Езуса. Пашырай яго, пашырай уладанні свае на ўсю зямлю, палюй за ерасямі і за гэтымі італьянскімі трызненнямі. З людзьмі можна зрабіць што хочаш. І трэба прышчапіць усім ім свой мозг, і рабіць гэта хутчэй, бо вось яны выдалі сваю Біблію і цяпер пачнуць чытаць самі; бо вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю, а свет ужо не схаваеш у крыштальную скрыню Казьмы Індыкаплова, і трэба, каб уся зямля, колькі яе ні ёсць, была ў новай, нябачнай скрыні, скрыні нашага духу і нашай веры.
— Зробім.
— Веру. Паўсюль. Вытравіць назаўжды. Каб забылі назаўжды. Каб па ўсёй светавай імперыі забылі, што яны «цары натуры», «мысліцелі», «тыя, што самі думаюць і самі шукаюць», а помнілі і ведалі толькі адно — што яны рабы Бога, адэпты нашага вучэння, што яны не сумняваюцца ні ў чым і думаюць, як усе. І ні на гран больш за нас.
Езуіт схіліў галаву. Задаволеныя адзін адным, яны з палёгкаю ўздыхнулі.
І тут здарылася дзіўнае і небывалае. Хто паверыць — той малайчына, а хто не паверыць — таму няма чаго і чытаць далей, і няхай кіне.
Таму што, калі яны ўздыхнулі, дзве невялікія істоты, нібы вызваленыя гэтымі ўздыхамі, выляцелі ў іх з ратоў. Былі яны, як малюнкі «душы» на некаторых іконах, кропля ў кроплю падобныя да сваіх гаспадароў. Хто ніколі не бачыў такіх ікон — хай паедзе ў Кіеў і там, ля ўвахода ў лаўрскія пячоры, агледзіць ікону аб блуканні па пакутах душы святой… а халера яго ведае, якой святой, забыўся. Але душа падобная на паменшаную ўтрая копію сваёй гаспадыні. Вось гаспадыня памерла — і душа ў празрыстым хітончыку стаіць побач, вылезла. Вось душу вядуць за ручку па пекле. Вось д'яблы смажаць кагосьці… Вось вісяць грэшнікі, падвешаныя менавіта за тыя часткі цела, якімі грашылі пры жыцці… хабарнікі за рукі, паклёпнікі за язык… ну і гэтак далей… А вось і душу прыводзяць у рай.