Выбрать главу

Юрась стаяў, як прыбіты:

— То «паехала» ці «сілком павезлі»?

— А я ж, дзядзечка, не ведаю. Цётка тая казала — «сілком», але «паехала». Можа, і сілком, але я, каб цётка Анея крычала, дык не чуў. Я тады ў каморы сядзеў, бо вяршкі злізаў. Яны толькі выехалі, а тут мяне матка і выпусціла, дараваўшы, дзякуй ёй Божа, а тут і цётка пернік прынесла.

Юрась задумаўся. Што ж тут было? Сапраўды выкралі? А можа, адчула душою падман і з'ехала сама? Не даравала? Бацька, загадам князя, у Менску збройнікаў вучыць. Маці няма. То, можа, з'ехала да яго?… Але трывога ўсё нарастала. Чаму не дачакалася? Не можа быць, каб да бацькі. Калі выкралі — то хто і нашто? І хто пасмеліцца ўзняць руку на дачку мечніка? А калі з'ехала сама, адчуўшы, што ён не той, успомніўшы яго начныя словы, якіх не чула тады, — то як, як яму тады жыць?!

Ён страпянуўся:

— Дзякуй, сынок.

— Вы яе знойдзеце. Яна мяне любіць. А я… ну, з бацькамі, ясна, яе аберагаю.

«Гэх, хлопча, — падумаў Братчык, — кепска ты яе аберагаў. Ды я не скажу табе гэтага».

— Мы з ёю сябры — не разлі вада.

— Я знайду яе, сынок.

Юрась пабег.

Раздзел XVІ. Саронская лілея

…Кажуць таксама, што жыціе гэтай святой пачалося з таго, што, не маючы чым заплаціць пагоншчыку мулаў, яна заплаціла яму натурай.

Апокрыф

Было ўжо зусім цёмна. За акном Братчыкава пакоя свяцілася ў змроку чырвоная стужка зары.

Свяцільнік ледзь мігцеў, вырываючы з цямноцця лысіну Баўтрамея, жывое, бы ў малпы, аблічча Іліяша — Сымона, доўгія валасы і юродскія вочы Ладыся — Іаана, ды яшчэ, далёка ад святла, вузкую руку Хрыста, што бязвольна звісала з каленяў. Вышэй за яе трывожна блішчэлі Юрасёвы вочы.

Апосталы не маглі зразумець, што здарылася. Братчык з'явіўся змрочны і ніякіх загадаў не аддаваў, толькі шпурнуў Піліпу ледзь не трэць усіх грошай і сказаў:

— Віна… Вячэраць.

Гэта было добра. Значыцца, галава раздумаў ісці з горада на галодныя і пыльныя дарогі. Раздумаў, прынамсі, на некалькі дзён.

Апосталы радаваліся. Але, з другога боку, словы Юрася аб небяспецы і магчымай пласе ўсё ж запалі ім у вушы, дый Фама, пасля адыходу Хрыста з Іудам, добра такі ўклаў усім розуму ў галаву. Княства княствам, а сваё жыццё даражэй.

І вось таму яны зараз і радаваліся, што застаюцца, і адначасова пабойваліся і хацелі пайсці і знікнуць.

Тумаша не было. Даведаўшыся, што будзе віно і вячэра, ён спытаў у Хрыста:

— Дзевак хіба паклікаць?

— Дзеля сябе і іншых — як хочаш, — думаючы пра нешта другое, сказаў ілжэ-Хрыстос.

Фама крэкнуў з многім значэннем, але той не раззлаваўся, і шляхціц, зразумеўшы такі стан як згоду, пашыбаваў у горад раскідаць свой брэдзень.

І вось усё было падрыхтавана ўжо, а яго не было, і ўсе моўчкі чакалі, і толькі Іуда ў куце пра нешта такое шаптаўся з Хрыстом:

— Ну, і што ты думаеш рабіць?

— Пэўна, чакаць. Сюды, можа, дойдуць звесці, а там… голка ў стозе.

— І я-ткі пайшоў бы.

— Іосія, мілы. Што я магу ведаць? Я нават не ведаю, а можа, яна сама пайшла ад мяне? Можа, яна зразумела ці нехта адкрыў ёй вочы? І вось… не сцярпела падману, прыніжэння, таго, што сама кінулася.

— А можа, ёй зараз так кепска, што… Можа, чакае паратунку?

— А можа, шчаслівая, што мяне няма.

— Гм, рацыя, — сцвердзіў Іуда. — І, аднак, думаць трэба. Шукаць. І заўваж, тут шукаць непрытульна. І можа прыйсці час, што ты не здолееш і думаць. І я не здолею думаць. Чаму? Таму што думаць можна, калі ёсць чым думаць, а калі чым думаць няма, то і думаць няможна. Скажу толькі адно, каб табе, можа, было лягчэй. Што можа зрабіць Іуда? Ён можа кінуць друга? А друг кінуў яго аднаго ў Слоніме? Ці ён можа, каб сябра павесілі?

У гэты момант адчыніліся дзверы, пачуўся вясёлы рогат і віск, і ў пакой пачалі плысці, не датыкаючыся нагамі зямлі, дзеўкі.

Адна, дзве, тры, чатыры, пяць… За імі з'явіўся, сапучы, наліты крывёй, шчакасты Багдан Роскаш. Дзеўкі віселі ў яго на працягнутай руцэ. Але гэта быў яшчэ не канец. Тумаш бокам зрабіў яшчэ крок, і другі, і трэці — і вось яшчэ чацвёра дзяўчат віселі на другой ягонай руцэ і матлялі нагамі ў паветры.

— Вось, — сапучы, сказаў Тумаш. — Добры вечар у хаце… Яны прыехалі… Меў ласку даставіць.

Апусціў дзяўчат на падлогу.

— Гэта не ўсе. Чатыры ішлі самаходам.

— Не здолеў, ці што? — спытаў Іліяш.

— Чаму не здолеў? Месца на руках не хапіла. Гэта ж не зморкі нейкія… Бачыце? Гэта ж ёсць што абняць!

Запалалі свечкі. Іх сталі ляпіць дзе можна, і скора ў пакоі стала светла, бы ў царкве на Вялікдзень.

Асвяціўся вялікі, на ўсю падлогу, кілім і на сярэдзіне яго — смажаны баран, дзве шынкі, тры гусі, дзесяткі два смажаных курэй, паляндвіцы, місы з калдунамі, паранай рэпай, агуркамі салонымі, мочанымі яблыкамі і проста тушаным мясам і іншай рознасцю.

А паміж гэтага строем стаяла безліч бутэлек, пляшак, глякоў з гарэлкай, мёдам, крупнікам і віном.

Фама пастараўся. Нездарма так доўга хадзіў. Дзеўкі былі ўсе маладыя, літыя, цвёрдыя і гожыя. А калі некаторыя і не дужа, то шляхціц меў рацыю: абняць было што. Румяныя, белазубыя, вочы ад чакання выпіўкі і ўзбуджанасці блішчаць. Чырвоныя, блакітныя, аранжавыя кабаты-шнуроўкі, андаракі — як вясёлка. Істужкі, рознакаляровыя кабцікі[93] на нагах.

Пакой зацвіў, як весні поплаў. Адразу запахла нечым цяжкавата-духмяным, зарабацініла ў вачах, і, нават без выпіўкі, пачалі круціцца галовы… Усе з рогатам сядалі за сталы, на хвіліну здзіўляліся, што Пан Бог адзін, а пасля вырашылі, што так, відаць, і трэба, гэта ж не апостал там нейкі, і пачыналі тармасіць кожная свайго.

…Хутка віно палілося ракой, — усе гаварылі кожны сваё, не слухаючы іншых, цалаваліся, рагаталі. Некаторыя пачыналі ўжо думаць, што трэба трохі стрымаць сябе, а то яшчэ звалішся з галерэі, на якую выходзілі іхнія дзверы, або не трапіш у свой пакой.

Галас, віск, смех. Суседка кусала Акілу за вуха, а той толькі жмурыўся ды бубнеў:

— Ай, ну… Ай, не трэба… Гэна… Казытліва.

Лілося ў пашчы віно. Гожанькая суседка Роскаша скосу паглядала на Раввуні.

— А гэта нібыта не на-аш… Нібыта з біблейскіх мясці-ін. Пане Божа, а як жа ціка-ава!

— Нічога цікавага, — буркнуў Фама. — Такі самы, як і ўсе.

У Іуды ляжала на каленях дзівосная каштанавая галава. Вочы прыплюшчаныя, вусны чакаюць. І ён нахіляўся і цалаваў гэтыя вусны. Яму доўга давялося ісці. Але вочы яго, калі яны сустракаліся цераз галовы п'яных з вачыма Юрася, былі сумныя. Ён усё разумеў, нібы адчуваў сябе вінаватым, і, аднак, нічога не мог зрабіць, акрамя як пакінуць яго. Уначы — кожны за сябе. Адзін з горам, другі — з жанчынай, да якой ён доўга ішоў.

Юрась сядзеў над гэтай карчмою змрочны. Сплёў рукі між каленяў, глядзеў, слухаў, піў.

— Пі, Хрысце, Божа наш, — дзерся Багдан. — Пі, аднойчы жывём!

— Заганарыўся наш Езус, — з падступнай усмешкай сказаў Пятро. — Падумаеш, Бог. Я, можа, сам незаконны сын караля Аляксандра.

— Дзверы шырэй адчыніце! Душна!

— Навальніца будзе. Бач, бліскае.

На дварэ сапраўды часам бліскалі далёкія, бязгучныя яшчэ, маланкі. Рассякалі цямноцце, асвятлялі наводдаль вежы і грыфельны дах замкавай базілікі. Кожны раз лявей і ніжэй вежаў нешта шырока налівалася чырвоным святлом: Нёман, які пасля весняга разліву яшчэ не зусім увайшоў у берагі.

Затрапяталі раптам агеньчыкі свечак. Усе ўзнялі галовы.

Жанчына стаяла ў дзвярах. У цёмным дарожным плашчы паўзверх багатага ўбору. Вочы трохі грэбліва глядзелі на хаўрус. Пасля яна ўздыхнула і стомлена, нібы неахвотна, пераступіла парог.

І гэта была сапраўды такая журботная, дасканалая і нейкая смертаносная прыгажосць, што ўсе прыціхлі. Адзін Ян Зеведзееў ускочыў, каб прыняць яе плашч, і замітусіўся вакол яе.

вернуться

93

Боцікі.