Выбрать главу

— Мала таго, — паспрабаваў замяць размову Волесь. — Вы можаце купіць тое, што Маці Божая перад смерцю сама з'явіцца да вас, каб асабіста аднесці душу вашу ў рай.

— Жанчына нясе ўласнага гвалтоўніка. Думай, што гаворыш.

— Слухай, сатана, кінь вывяргаць гразь!

— Гразь — справа твая…

Магдаліна, сама не ведаючы чаму, паспрабавала затрымаць яго, але ён вызваліўся. І яна зразумела: усё. Час, прызначаны Лотрам, настаў. Дзень пройдзе, два, тры. І тады давядзецца ёй займацца іншай справай. Лотр наўрад ці верне яе да сябе. Давядзецца, відаць, сапраўды спакусіць таго хлапчука з Наваградка.

— Чорт яго ведае, што там напісана, — сказаў Хрыстос. — Можа, лаянка?

— Прачытай! — з бруднай мніхавай пашчы ляцела сліна.

— Адкуль ім чытаць?

— А хто забараняе?

— Папа Сабініян, як вядома, пад пагрозай анафемы забараніў простым вучыць грамату.

— Дык ці не паўтарыць таго і нам?

— Да таго ідзе.

Натоўп ажывіўся і зашумеў.

— Забараняйце, — чырванеў Братчык. — Усіх запішыце ў манахі. А хто вас тады будзе гадаваць? Гэта ж яны і без таго, як жывёлы… Урэшце дай і мне адну індульгенцыю. На адзін грэх. Колькі?

Мніх усміхнуўся:

— Дзесяць грошай. Бачыш, і цябе праняло. Наш папа гэта табе не папярэднік, не паршывец Юлі Другі. Вялікая розніца.

— Вядома. Абодва хворыя на неапалітанскую хваробу. Адзін ад яе памёр. Другі дзякуючы ёй прыдбаў тыяру.

— Блюзнерыш? — мніхавы вочы зрабіліся вострыя. — А святая служба?

Юрась паказаў яму кавалачак пергаменту.

— Дзеля таго і купіў. Маўчы.

Народ засмяяўся.

— Блюзнеру цяпер колькі хачу, аж пакуль не спынюся… Дзіўна, як гэта ў вас. Паскуднік Баніфацый VІ праклінае мярзотніка Фармоза І, Стафан VІІ праклінае Баніфацыя, а труп Фармоза аддае публічнаму ганьбаванню[96], Раман І адмяняе ўказы Стафана наконт Фармоза і бэсціць Стафана… Леў бэсціць Юлія. І кожны аб'яўляе, што ён непагрэшны, а папярэднік — адроддзе Сатанііла, і выкрывае яго ўтрапёна і з жывёльнай нянавісцю. То хто мазурыкі, мы ці яны?… Ёлупы! Сячэце сук, на якім седзіцё. Трэба ж мне навучыць хаця адну тваю дурную галаву. Раз падманулі… два… дзесяць. Аднаму раскрылі твар, другому… сотаму. І яшчэ думаеце, што вам будзе нехта верыць. Ужо і зараз ведаюць людзі, што то за птушка — Леў.

Змоўк.

— Скончыў? — спытаў мніх. — Вось і добра. Індульгенцыі!.. Індульгенцыі!

— Можаш прадаць яшчэ адну, медналобы?

— Колькі пажадана будзе, — нахабна сказаў Гіменіус.

— Адрэж яшчэ на адзін учынак.

Волесь пачаў арудаваць нажніцамі. Юрась кінуў яму манету.

— К-колькі пажадаеце.

— Вось дзякуй, — сказаў Хрыстос.

І раптам адвесіў манаху пярунападобную поўху. Той вякнуў, адлятаючы. Братчык паматляў рукою ў паветры. Вакол зарагатаў народ.

— Не маеш права падымаць руку на пасланца папы, — захныкаў Гіменіус.

— А на Маці Божую, значыцца, маю, варта толькі паперку купіць? Чуеце, людзі?

Служкі Гіменіуса пачалі былі набліжацца.

— Вось добра, — сказаў Хрыстос. — Гэтым я і без грошай морду наб'ю. Тры чалавекі. Па трыццаць тры з трэццю грошы за рыла. Даволі танна. Увесь век хадзіў бы дый лузаў.

Служкі спыніліся. Манах варушыў сківіцай, але прыходзіў ужо да прытомнасці.

— Спаймаў ты мяне, невядомы, — няшчыра ўсміхаючыся, сказаў манах. — Ну, індульгенцыі! Індульгенцыі!

Хрыстос паклаў руку на рукаяць корда:

— Тады прадай яшчэ на адзін учынак.

Мніхавы вочы забегалі:

— Ну, гэта ўжо занадта. До, людзі! Да заўтра, а мо і на тры дні ятка зачыняецца.

— Ятка толькі адчыняецца, — сказаў Юрась. — Ану, людзі, слухайце. Імем сваім, імем сына Божага кажу, што вам брэшуць. Мне і Айцу майму ўсё гэта патрэбна, як дзесятая дзірка ў целе.

— Ты хто? — спытаў нехта з натоўпу.

— Я — Хрыстос…

Натоўп загуў. У Магдаліны мільгнуў у зрэнках жах. Гурма крычала.

— Ці-ха! Імем сваім вінавачу ўсё гэтае быдла ў хлусні і рабунку, у зневажанні Маці Божай! Калі вы мужы, а не садаміты — шэлег вам кошт, калі не заступіцеся за яе! Імем сваім загадваю — натаўчыце гэтай торбе з гноем у каршэнь, выкіньце з Любчы, а нарабаваныя грошы аддайце на сірот і дзяўчат-беспасажніц…

— Ура! — загуло ў натоўпе. — На беспасажаніц! На сірот!

Народ рынуў наперад.

У тую ж ноч, калі яны ўцякалі з Любчы, над змрочнай зямлёй ляцеў у вышыні асветлены апошнімі промнямі сонца і ружовы ад яго камячок жывой плоці. Ён нёс звестку аб тым, што рачоны Хрыстос узняў руку на майно царквы і загад самога папы, якога, да таго ж, бэсціў несамавіта разам з царквою. Ён нёс вестку аб тым, што рачоны Хрыстос забыў сваё месца і тое, што ён махляр, і падбухторыў натоўп на рынку. Ён нёс вестку аб тым, што вядомы царкве чалавек распусціў чутку аб вядомай жанчыне, якая нібыта знаходзіцца ў наваколлі наваградскім і зараз вядзе Хрыста з апосталамі ў цэнтр ваяводства, дзе і паспрабуе затрымаць іх на тры дні. Вядомы чалавек прасіў, каб сотнік з атрадам паспяшаўся.

Голуб ляцеў, і промні апошняга сонца згасалі на ім, а на перайкі клаўся сіні водсвет ночы.

Калісьці ён нёс Ною вестку аб дараванні і міры. Цяпер ён нёс бразганне мячэй, прэнг і ганебную смерць.

Раздзел XX. Грашовая скрынка Іуды

У Іуды была скрынка.

Іаан, гл. 13, ст. 29

Не ўсім дастаюцца порткі, хто ім жадзён.

Прымаўка

Яны ўцякалі ўначы, бо ведалі: за тое, што зрабілі ў Любчы, мала ім не будзе. Яны не ведалі аб тым, што па слядах іхніх імчыць Карніла, але, пабойваючыся любчанскага кашталяна, блыталі сляды, ідучы непрамою дарогай.

Адну ноч, замятаючы сляды, яны ішлі прэч ад Наваградка, на поўнач, начавалі ў пушчы, а потым рушылі кружным шляхам, кіруючыся на Ўсялюб. Апоўдні наступнага дня наблізіліся яны да сяла Хадасы.

Магдаліна ішла з Хрыстом, быццам баючыся, што вось цяпер ён можа ўзяць і знікнуць. А ён, апусціўшы галаву, думаў пра сваё, не заўважаючы нічога вакол… Усё ж гэта былі чуткі. Зноў чуткі. Толькі чуткі. А мінулі тыдні, і лета ўвайшло ў панаванне сваё. І невядома, ці сапраўды Анею схавалі, ці яна сама кінула яго.

І трывога разрывала ягонае сэрца. І нічога ён не заўважаў. А заўважаць было што. Вёска нібы вымерла. На прыгуменні ля першай хаты дзікага выгляду чалавек трыбушыў карову з уздзьмутым жыватом, выбіраў нейкія кавалкі, і мухі віліся над ім хмараю.

На хатах нідзе не было стрэх.

Яны ішлі праз чорнае ад гора сяло. Хрыстос глядзеў у зямлю. Апосталы балбаталі пра нешта сваё. А ззаду ўсіх цягнуўся цыбаты і, аднак, невялікі ростам недалужны Іуда з грашовай скрынкаю цераз плячо.

Змрочныя вочы на худым і цёмным твары варочаліся туды і сюды.

Іудзей аніяк не мог уцяміць, у пекле ён ці на зямлі, пакуль не зразумеў:

— Голад!

Голад. Чорная гразь на дарозе. Чорныя хаты. Чорныя сады.

І ля кожнай хаты сядзелі дзеці, падобныя на старых. Безнадзейна праводзілі вачыма прахожых апосталаў.

Не прасілі. Толькі глядзелі.

І ўспомніў ён усіх кінутых і галодных, і абурыўся ў сэрцы сваім.

І, праходзячы паўз кожную чарговую хату, рабіў ён непрыкметны жэст рукою. Колькі дзяцей — столькі і жэстаў.

Дзеці непаразумела глядзелі ў кулачкі на маленькія жоўтыя сонцы. І ўсё ніжэй і ніжэй, у бяссіллі сваім, апускаў галаву Раввуні.

…Толькі за весніцамі дагнаў ён Хрыста.

— Ты што гэта такі лёгкі? — спытаў той.

Іуда зірнуў на неба і перарывіста ўздыхнуў:

— Нашаму слонімскаму рабіну — а ён, трэба вам сказаць, быў проста аж царскі дурань — кожны вечар клалі на пуза гарачую мокрую палатніну. Дык ён меў звычай казаць, калі яму дакаралі: «Мяса мірнай ахвяры ўдзячнасці належыць настаўніку з'есці ў дзень прынашэння яе; не трэба пакідаць ад яго да раніцы». У гэтым сэнсе ён ведаў Біблію і Талмуд нават лепей за мяне.

Ненарокам ён страсянуў скрынкаю, і ў ёй зазвінела самотная манета.

вернуться

96

Папа Стафан загадаў выкапаць згніўшы труп Фармоза (быў пахаваны ўжо сем месяцаў), прыцягнуць за ногі, пасадзіць на трон, надзець на галаву тыяру. Над трупам учынілі суд з адвакатамі, але тыя адмовіліся бараніць яго і пачалі абвінавачваць. Пасля труп адлучылі ад царквы, папа ўдарам нагі скінуў яго з прастола. Труп распранулі, адсеклі тры пальцы правай рукі, пераламалі рукі і ногі, адсеклі галаву, пасля кінулі астанкі ў Тыбр.