Выбрать главу

І тут Хрыстос, успомніўшы, што ідуць яны ўсё ж насустрач нявесце, сказаў:

— Трэба, Іуда, палатніны купіць. Ты паглядзі на ўсіх. Гэта ж хаўрус бандзюг, а не апосталы. Дзеўкі глядзяць на іх і хіхікаюць і, вочы хусткаю прыкрыўшы, глядзяць з-пад хустак.

Тады Раввуні пачырванеў, бо яго спаймалі на месцы злачынства, за растратаю агульных грошай, і сказаў:

— Купіць. На што купіць? У цябе ёсць лішнія грошы? Галоўнае, каб была галава і каб у гэтай галаве была ідэя палатніны, дзе яе дастаць, як сказаў… А хто яго сказаў?… Ну, няхай Хіва.

Ён выказаў погляды некаторых філосафаў аб тым, што толькі чалавечыя ўяўленні — рэальнасць, але не ганарыўся, таму што не ведаў, якое гэта адкрыццё.

Раздзел XXІ. Хрыстос і каменная баба, або «прарокі, прарокуйце…»

…дзе, да адной шляхцянкі прышэдшы ў адным сяле, раклі ёй: «Хрыстос табе, о нявеста, з сваімі апосталамі наветае. Пра то яму ся ахвяру, а будзе збаўлена душа твая».

«Кроніка Белай Русі»

Завесілі вушы каменнем каштоўным і не слухаюць слова Божага.

«Маленне Данііла» пра жанчын

Шляхецкі хутар трохі наводшыбе ад вёскі Вераскава быў багаты. Адрыны, стайні, дрывотні, бясконцыя гумны, млын-вятрак. Вялізная дубовая хата пад тоўстай шматгадовай страхой. На адхоне да самай ракі цягнуліся, снежна бялелі на зялёнай траве палосы палатна.

Пятро, падцягваючы люльку, з павагаю глядзеў на іх.

— Шляхецкі дом, а багаты які, — сказаў Тумаш.

Трапілі ў сенцы, пакруціліся там і, урэшце адшукаўшы дзверы, грукнулі ў іх.

— Конаўкай, галубочкі, конаўкай сваёю… Макітрай, — азваўся з хаты вісклівы голас.

Увайшлі, усё ж не скарыстаўшыся з парады. Хата з вышараванымі сценамі палілася па-беламу. Вісела над ложкам багатая зброя. Сажэнная, упоперак сябе таўсцей і крамяней гаспадыня з тупым тварам — вельмі ж падобная на каменную бабу — мясіла ў дзяжы цеста.

Цеста было бялюткае, яно пішчала і вухкала пад ударамі страшных рук. Як быццам пакутавала і прасіла аб літасці.

— Белае, — сказаў Тумаш няверны.

— А побач у Хадасах людзі мруць, — дадаў Іуда.

Баба ўзняла шырокі, каменна-нерухомы твар:

— Няхай мруць. І так гэтых галадранцаў развялося. Хутка на зямлі гэтай плюнуць няма куды будзе, каб у свінню нейкую двухногую не трапіць.

Агледзела лёзных людзей:

— Трэба што? Ну!

— Хрыстос табе, о нявеста, з сваімі апосталы навятае, — з не дужа вялікай рашучасцю сказаў Братчык.

— Ідзіце-ідзіце, — буркнула яна, — Бог падасць… Які яшчэ Хрыстос?

Іліяш, ён жа Сымон Канавіт, шныпарыў цыганскімі вачыма па хаце: па налаўніках, пляшках на стале, кублах.

— Сапраўды, баба ты дурная, з неба, — сказаў ён.

Тая выцягнула рукі. Цеста злучала яе пальцы з дзяжою, цягнулася. І адначасова наліваўся, наліваўся крывёю каменны твар.

Тадэй разумеў, што справа тут можа не скончыцца дабром. Таму ён пастараўся стаць так, каб шляхцянка не бачыла яго, зрабіў два няўлоўныя рухі рукамі, нібы кідаў нешта, і застыў. За імгненне да гэтага ягоныя грудзі былі пукатыя, нібы ў жанчыны. Цяпер хітон ляжаў на іх роўна.

Баба абводзіла вачыма грубыя хітоны, круцельскія страшнаватыя морды, але не баялася. Мо па тупасці.

— Якая я табе баба? Я дваранка! Хам ты! Мужык!

Тумаш крэкнуў, нібы ў кепскім люстэрку ўбачыў сябе. Затое мытар Мацей не стрываў. Сказаў са страснай з'едлівасцю:

— Я з такіх дваран мытарам апошнія штаны здымаў. Быдла ганарлівае.

Баба адарвала руку і языкамі цеста ляснула Мацея па мордзе. Пасля чамусьці Пятра. Пасля — зноў і зноў Мацея.

— Ходзяць тут. Ходзяць тут зладзеі. — Лясь! — Ходзяць усялякія. — Лясь, лясь! — Швэндаюцца. — Лясь! — Палатніну не пакладзі — сцягнуць.

Неабдымнымі каменнымі грудзьмі яна насоўвалася на апосталаў, і тыя паволі адступалі.

— Стой, баба, — сказаў Якуб. — Табе кажуць — Хрыстос прыйшоў.

— Няхай бы і сядзеў у сваёй царкве! — крычала тая. — Няма чаго яму бадзяцца, як сабаку.

Іліяш ужо засунуў у кішэнь пляшку са стала і збіраўся юркнуць у дзверы, але тут Каток — Тадэй узняў рукі. І выгляд ягоны быў такі дзіўны і страшны, што каменная баба заміргала вачыма.

— Жэно! — магільным голасам сказаў ён. — Наракальніца! Хлеб ставіш, а хлябы ўжо гатовы ў цябе ў пешчы тваёй.

І ён лапатаю з печы выбраў два боханы. Ударыў па адным нажом — пацягнулася пара. Баба войкнула:

— Каторага ж там ніхто не саджаў…

— Ад Бога ўсё, — грозна паказаў пальцам Тадэй. — Ад яго!

Баба кульнулася ў ногі.

— Пане Божа! Даруй мне, дурніцы!

— Давай палатніну, — узяў быка за рогі Баўтрамей. — Садзі за стол. Давай яму ахвяру, будзе збаўлена душа твая.

У бабы сквапна забегалі вочы:

— А галубочкі! А я ж ведаю, што не тыя вы хадасоўскія галадранцы. Ужо вам бы я дала. Не скупая… Але мужа дома не маю. Не магу так без волі яго ўчыніці, хаця б хацела.

Якуб з тугою паглядзеў на дарэмна аддадзены хлеб.

— Вы ўжо лепей, галубкі, ідзіце далей. Па дарозе ў вёсках не спыняйцеся, таксама дохнуць. А ідзіце проста на Ўсялюб. То там, можа, у каго і муж удома будзе.

— Маеш якую палатніну або лён да пасвячэння? — спытаў Пётр.

— Пага-аненькая, — яна падала гнуткі сувой.

— То мы з сабою возьмем, — Якуб усміхнуўся. — А Хрыстос цябе будзе бласлаўляць, абы табе кудзелю хутка прала.

— Кажы другое палатно, утканае, калі маеш, — падступныя Пятровы вочы нібы чаравалі. — А мы табе будзем пасвячаць.

— Людзі мруць, — ціха сказаў Юрасю Раввуні. — А гэтая… Во каб пярун яе спаліў.

Баба з сумненнем падала Пятру таўсценную штуку палатна. Пётр узвёў вочы і зашаптаў нешта сам сабе. Ніхто не заўважыў, як ён непрыкметна выбіў у сярэдзіну сувоя жарынку са сваёй люлькі:

— На. Будзь блаславёная за дабрыню да нас.

— І да суседзяў, — з іроніяй дадаў Раввуні.

О, каб ён ведаў, што словы тыя трэба казаць не з іроніяй, а з пагрозай!

…Баба паклала палатно ў скрыню і зноў пачала ласкава насоўвацца на іх грудзьмі.

— Прабач, Пане Божа. Прабачце, Божыя госцейкі. Я ўжо і затрымаць вас не магу.

Яна выціснула іх у сенцы, а пасля на двор.

— Ані на хвіліначку не магу. Па кароўкі ў чараду бегчы трэба… Хаця якія ўжо там кароўкі. Два дзесяць нейкія разоў па сем. Вы ўжо як калі-небудзь яшчэ пойдзеце, можа, то заходзьце, заходзьце.

І хаця ўсе — і яна сама — разумелі, што па каровы ісці рана, усе зрабілі выгляд, што так і трэба.

— Мужык калі вернецца? — падступна ўсміхнуўся Пятро.

— Заўтра, любенькія, заўтра.

— То перадавай яму прывітанне ад Хрыста з апосталамі, — усміхнуўся Пятро. — Яшчэ раз будзь блаславёная за дабрыню.

Ён ведаў такіх людзей.

Яны рушылі сваёй дарогай, а баба пабегла сваёй.

І калі яны адышлі ўжо вельмі далёка, Лявон — Пятро раптам зарагатаў. Усе пачалі распытваць, і тады ён расказаў ім усё. Хрыстос аж збялеў.

— Вернемся.

— Позна. Цяпер, пэўна, яна з лазінай да чарады ідзе, а са скрыні з усіх шчылін дым валіць. Пакуль дойдзем… Пакуль тое… А ты што, Езус? Пагоні баішся? Мужык заўтра вернецца.

— Можа, яна гэта таму сказала, каб мы вечарам не вярнуліся, — баязліва сказаў Андрэй.

— Глупства! — сказаў Пятро і раптам зноў зарагатаў. — Каб жа яна не была гэткая разумная ды не выжыла нас адразу з хаты. Ну, пачаў бы кубел смылець — пачула б. А то… «кароў-кі». «Хай зды-ха-юць…» Во, цяпер яна, пэўна, да чарады падыходзіць… А дым ужо з акон.

— Вось што, — сказаў Хрыстос. — Праўда, вяртацца позна. То сядай, кабета, на мула і едзь. А мы за табою. І — бегма! Каб усе гэтыя вёскі бокам абысці, за сабою пакінуць. Каб начаваць ва Ўсялюбе, а то і далей. Спаймаюць — галаву адкруцяць. А табе, Пятро, за такія штукі я ў другі раз усе кіі абламаю аб лысую тваю пустую конаўку.

Яны ішлі хутка. Яны амаль беглі за мулам. Але Пятро ўсё адно часам спыняўся і захэкана рагатаў.