Выбрать главу

— Пяцьдзесят, — лічыў Хрыстос. — Дзвесце…

Гандляру было ўжо цяжка трымаць. І тады Хрыстос, нагнуўшыся, чыкнуў нажом па ачкуры ягоных портак. Порткі ўпалі. Скупірака, увесь чырвоны ад ганьбы, баючыся выпусціць яйкі, да белых суглобаў учапіўся ў прыпол. Уцякаць ён таксама не мог: порткі звязвалі ногі ля самай зямлі. І таму ён казаў людзям і далей сваю непрыглядную галізну.

— Бачыце? — пад агульны рогат спытаў Юрась. — Сорам у лазні.

І тут Магдаліна з радасцю ўбачыла, што Карніла пачуў рогат і глядзіць сюды.

…Убачыў. Крануў каня ў натоўп. А за ім, клінам рассоўваючы гурму, рушылі коннікі. Пайшлі перад імі поп і два ксяндзы.

— Сорам, бачыце, толькі ў лазні. А сорам твой і ў натоўпе можна купіць. Усяго за дзве сотні яек. Ану, людзі, бяры астатняе. Бяры, баба, малому ў ручку дасі.

Рогат аж глушыў… Магдаліна бачыла, што побач з канём Карнілы ідуць поп і два ксяндзы. Ясна чаму. Каб агаласіць загад аб узяцці ад імя царквы. Аб усім падумалі. Яна зразумела, што сёння ж будзе вольная, што сёння ж уладкуе сваё жыццё. Ратма не забудзе яе — яна цвёрда ведала гэта.

Юрась рагатаў разам з усімі, выскаляючы белыя зубы. І раптам змоўк — гэта штурхнуў яго Тумаш. Знікла ўсмешка. Разразаючы натоўп, набліжаўся да іх закуты ў латы і кальчугі конны атрад. Бязлітасныя, дрымучыя вочы Карнілы сустрэлі ненатуральна вялікія і празрыстыя вочы Хрыста. Сотнік усміхнуўся.

Зразумеўшы нешта, змоўк і народ. Цяпер жалезны конь высіўся над самім Юрасём. Сотнік паклаў адну руку на эфес мяча.

— Адгуляўся, шалбер. Ланцуг сюды!

І працягнуў руку ў жалезнай пальчатцы:

— Узяць!

— Што такое? Хто? За які грэх? — шапталі паўсюль галасы.

І тады заспявалі галасы свяшчэннікаў:

— Прысуд духоўнага суда… Злодзей… Блюзнер… Зневажальнік Бога і царквы… Па загаду святой службы.

Пачуўшы страшную назву, людзі пачалі адступаць. Вакол невялічкай купкі людзей лягла шырокая паласа адчужэння і жаху. І тут раптам дзікім голасам, нібы на судны дзень, залямантаваў Раввуні:

— Я табе дам ланцуг, басяк! Ты на каго руку ўзняў, ты на каго!..

Змрочная, нежывая ўсмешка зноў рассунула сотнікавы вусны.

— Н-ну… На каго?

— На Хрыс-та! — раптам нясцерпна ўзвысіў голас Юрась.

Натоўп ахнуў.

— Так, на Хрыста! — раўнуў Фама. — Чулі, у Гародні?

— Ці-ха! — узняў пальчатку сотнік. — Гэта не той. Гэта самазванец і шалбер па імю Якуб Мялшцінскі, уцякач з Польшчы, якога даўно шукае за ерась і злачынства доказная інквізіцыя.

Аб Мялшцінскім многія чулі. Гэта сапраўды быў самазванец, які няўдала выдаў сябе за месію. Месіі ў той час раслі як грыбы.

— Мана! — сказаў Братчык. — Ісцінна я — Хрыстос.

— Калі ён Хрыстос, — звярнуўся да натоўпу сотнік, — хай прылюдна створыць дзіва.

Юрась маўчаў. На гэты раз яго, здаецца, сапраўды спаймалі. На гэты раз не выкруцішся. Усё. Маўчаў і натоўп.

У гэты момант Хрыстоў позірк упаў на сляпых, што сядзелі ля аднаго воза. Страшныя буграватыя верхнія павекі, безудзельныя твары. Магчыма, вырвуць вочы і яму.

І тут ён здзівіўся. Адзін са сляпых, карыстаючыся, што на яго ніхто не звяртае ўвагі, ва ўсе вочы глядзеў на беспарточнага гандляра, на сотніка і на яго, Юрася.

З радасцю адчуваючы, як вяртаецца жыццё, Юрась непрыкметна паказаў яму залаты (якое шчасце, што яго не праелі!) і спытаў вачыма:

«До?»

«До», — апусціў «сляпы» вочы і пачаў шаптаць нешта суседу, чалавеку такога ж бандыцкага выгляду, як і ён.

Ноздры Хрыстовы раздзімаліся. Ён ускінуў галаву, і ў прыціхлы натоўп ударамі сякеры ўпалі словы:

— Будзе цуд!

Кірмаш замёр. На сотнікавым твары было непаразуменне.

— Прывядзіце мне… ну, хаця б унь тых сляпых.

Людзі кінуліся да калек, узнялі іх і на руках даставілі да Юрася. Натоўп глядзеў са свяшчэнным жахам на бугрыстыя, відаць, ад старых язваў, павекі. Сумнення не было.

— Але найперш я хачу спытаць у іх, ці хочуць яны зрабіцца відушчымі? На такі паскудны свет, можа, лепей і не глядзець… Людзі, хочаце вы пачаць бачыць?

— Бацюхна, — застагнаў першы, — ратуй. Дзеці малыя! Хоць пару год. Білі мяне людзі пана Жабы карбачом па галаве.

Народ змоўк. Ён не ведаў, што гэта круцялі, але свята ім верыў, занадта ўжо звычайныя рэчы яны казалі:

— Дзеля цябе выпаліла мне вочы ў маскоўскім паходзе.

— Божа! — лямантаваў трэці. — Дзеля цябе ў катоўні мне святлом у вочы цэлы тыдзень білі.

Натоўп ашчацініўся. І тут, разумеючы, што справа пакуль ідзе не на карысць сотніку, папы пачалі галасіць.

— Не слухай, люд наваградскі… Гэты ерэтык, а не Хрыстос!.. Злодзей!.. Схапіце! Выдайце святой службе. Не выпрабоўвайце Бога гуслямі чарнакніжнымі… На прэнг іх!

Нехта стаў перад імі:

— А я табе, папоўскае адроддзе, зараз дам, то ты і азадак небу пакажаш. Не перашкаджай. Хрыстос ці не — самі вочы маем. А сляпых не руш — бачыш, павекі якія? Ды ці не ў цябе яшчэ ў катоўні, дамініканская ты падла, яго і асляпілі.

Людзі моўчкі насоўваліся на раснікаў. Запанавала маўчанне.

Юрась шапянуў Тумашу:

— Ну, брат, калі выблытаемся, я ім пакажу. Думаў яшчэ, ці рабіць нам той фокус. А раз яны, царкоўныя пацукі, так з намі — ну, мы ім…

— Прабач, люд наваградскі, — у цішыні сказаў дамініканец.

— То ж бо… Давай, чалавеча.

Хрыстос схіліўся, чарпануў з-пад ног гразь і левай рукой узяў «сляпога» за руку. Залаты перайшоў «сляпому», і той моўчкі схіліў галаву: «До». І тады Хрыстос мазануў гразёю ўсіх трох па вачах.

— Ідзіце. Абмыйцеся. Будзеце бачыць святло нябёсаў… Людзі, адвядзіце іх да ручаіны, пакіньце на хвіліну адных.

Каб ён ведаў, якую памылку ён ледзь не дапусціў, ён бы пахаладзеў. Але ўсё, на шчасце, абышлося добра.

…«Сляпыя» ўмыліся ля крыніцы.

— Во халера, — сказаў адзін. — Як плюхнуў па вачах! А што, хлопцы, калі мы зараз яго кінем ды ўцячом? Залаты ў нас.

— Не кажы, — сказаў той, што глядзеў на Юрася. — А раптам дагоняць. Скажуць, ён вас вылечыў, а вы замест падзякі яго — на прэнг. Не, брат, давядзецца вярнуцца.

— Дый гразь нейкая смярдзючая, — сказаў трэці.

— Нічога, — сказаў ініцыятар. — Мы з яго за гэтую гразь ды за тое, што не ўцяклі, лішнія залатыя возьмем.

— Бедны, — сказаў першы.

— Чорт з ім. Ды яшчэ і з гледачоў здзяром. Пайшлі. Вымай гарох.

Яны вынялі з-пад павек пакладзеныя туды палавінкі гарошынак, праміргаліся і, заплюшчыўшы вочы, пайшлі назад.

Карніла з тупой іроніяй глядзеў на бадзяг. Убачыў, што сляпыя набліжаюцца, што вочы ў іх заплюшчаныя, і ўсміхнуўся:

— Што, выкручвацца хацеў? — не памагло?

Сляпых падвялі. Юрась перахрысціў іх.

— Бач! — загадаў ён. — Глядзі на Бога ў славе ягонай!

Сляпы «з цяжкасцю» прыўзняў павекі.

— Пане Божа, — крануліся шэптам вусны. — Бачу… Бачу, Пане Божа… Сузіраю светлы твар твой!

Зірнуў на сотніка:

— А гэта што за багабрыдкае рыла?

Сотнік разгубіўся. Два другія былыя слепакі глядзелі на яго з кепска прыхаванай агідай.

— Чорт, — сказаў адзін.

— Ясна, што сатана, — сказаў Раввуні. — Толькі рогі пад валасамі.

Два мешчаніны падышлі да сотніка.

— Н-ну, рыла. Гэта як жа? На Бога руку ўзняў. Саўл, пачэ калу смярдзяй.

Карніла наліўся барваю. Вырваў меч.

— Ці-ха, хлопы!

Гэта ён зрабіў дарэмна. Наваградскім мяшчанам, як і ўвогуле тагачасным мяшчанам, зброяю пагражаць не варта было. Рык натоўпу дайшоў да шалёнай раз'юшанасці. Гулка лопнуў аб галаву Карнілы пусты гаршчок. Коннікі пацягнулі з піхваў мячы. І тут белае, сіняе, чырвонае, золатавалосае, стракатае ад доўбняў, кіёў, кордаў, кляўцоў і дзід мора кінулася на іх з усіх бакоў. Паляцелі дзежкі, паленні, зафырчалі ў паветры бручыны.

Спалоханыя крыкам, аслепленыя, коні ярыліся і ўставалі дыбам, а потым чуйдух прабіліся праз натоўп і паляцелі прэч. Наўздагон ім для постраху пусцілі з дзесятак стрэл. Магдаліна ў адчаі глядзела на шалёныя ўцёкі латнікаў, ведала, што раней чым праз пару дзён (і то, узяўшы падмацаванне ў Любчы) Карніла сюды не вернецца. Ведала, што Хрыстос цяпер нагострыць адсюль лыжы, і, значыць, зноў дарогі, самыя глухія, дзе нават галубіных станцый няма, значыць, трэба ісці і кінуць Ратму.