Камяні ляцелі ўжо градам. Але ў клікуш было крывава ў вачах ад ярасці, і яны кідалі свае снарады абы-як. Магдаліна бачыла белыя вочы, разверстыя раты, чырвоныя твары.
Яшчэ адзін камень ударыў яе ў грудзі. Пасля трэці — па галаве… Павісла рука. Зямля пад яе нагамі штохвілінна гусцей пакрывалася плямамі. Яна заплюшчыла вочы, убачыўшы, як здаравенны манах узнёс доўбню. І тут нехта прыціснуўся да яе грудзей спіною, закрыў.
…Юрась перахапіў доўбню, з сілаю, выкручваючы ворагу рукі, выдраў яе і шпурнуў пад ногі наступаючым. Там заенчылі.
— Ці-ха! — выгляд Хрыстоў быў страшны. — Кідай камяні! Нашто б'яце?!
— Не б'ём! — вішчаў народ. — Забіваем яе!
— Маў-чы-це! Маўчаць! Змоўч, ізуверкі!
Ён бачыў, што яго несамавіты крык прыцягнуў увагу мужыкоў з кірмашнага натоўпу і, значыцца, бабу, магчыма, можна будзе ўратаваць.
Было не да тонкасцей. Ён узяў Ганорыю загрудкі і адвесіў ёй страшэннага ляпаса.
Тумаш зрабіў тое самае з «мёртвай галавою» — аж ляснулі зубы.
— Адступі!
Фанатычкі замерлі.
— Імем Бога б'еце, а ў душы што? Зайздрасць?! Або свае грахі на іншых спіхваеце?! «Трымай злодзея»?! Ты, дзеўка, хіба сапраўды не кірмашны шлях?! А ты, чэрап, за што ёй цноту засведчыў?! А ў цябе хіба не бранзалет на назе?! А хто тут з вас па закутках не швэндаўся, мужу галаву не прыўкрашаў?!
Гіпнатычны погляд ненатуральна вялікіх страшных вачэй абводзіў гурму:
— Вось зараз вянкі ды наміткі ў любадзеек у неба палятуць. Каб з простай галавой хадзілі, як шлюхі!
Многія схапіліся за галовы. Ціхі смех прагучаў сярод мужыкоў.
— Пісанне чытаеце?! А там што сказана? Хто без граху — першы кінь у яе камень… Хто кіне?… Ты?… Ты?…
Камні пачалі падаць з рук. Ляскалі па каменных плітах часцей і часцей.
— А цяпер пакажыце ж і вы сваю ўладу, мужыкі! Бярыце іх, хто за што здолее, ды ганіце дадому, а каго — у касцёл, бо там іхні дом, і спяць яны, відаць па іх, са статуямі. Гэх, дурніцы! Не з вашай галавою ў словах папоўскіх разбірацца. З вашай галавою — у гароху толькі сядзець!
Мужыкі патроху пачалі разганяць гурму. Дзе віцамі, а дзе і хапаючы. Віск, гвалт, тупат. Некаторых — па ўсім відаць, тых, што схапіліся за голавы — мужы вялі за касу і штурхаючы пад бакі. Чакала іх горкая чаша.
Хутка вуліца апусцела.
— Устань, жанчына, — сказаў Юрась, бо Магдаліна ад слабасці ўпала на калені. — Ніхто не кране. Хадзем у гасцёўню.
Са скроняй, па якой сплывалі кроплі крыві, з апушчанымі рукамі (у адной з іх была клетка), яна пайшла за ім. Апосталы зноў расселіся на прыступках і сталі сачыць за гаротным Баўтрамеем.
Намачыўшы губку ва ўчарашнім віне, ён абмываў ёй галаву. На акне, у праменнях сонца, вуркаталі галубы.
— Ну, на галаве толькі моцны сіняк… А тут, ля скроні, скуру рассекла. Нічога. Вось і кроў спыняецца. Смолкай залепім — і ўсё…
Тая раптам заплакала.
— Во, дурына! Кінь. І шнар будзе пад валасамі. Будзеш гэткая самая прыгожая. Вельмі прыгожая. Прыгажэйшая за ўсіх. Што яшчэ?
— Грудзі. Дыхаць цяжка.
— Ці не рабрыну зламалі?
— Н-не ведаю.
Ён пачухаў патыліцу:
— Раздзявайся.
— Ты што?
— Ладна, кінь дурэць. Часу мне няма. Іначай уся гэтая апостальская банда зноў галодная ляжа. А ў жыхароў цыганіць нельга.
Яна раздзелася. Ён пачаў абмацваць бок жанчыны. Проста і натуральна, нібы рабіў гэта Тумашу або Іудзе.
— Цэлая, — урэшце сказаў ён. — Хіба, можа, маленькая трэшчынка. Сёння дастанем насілы — будзем цябе дні два несці. Пойдзем, відаць, на Вільню. Уцякаць трэба.
— Адкуль насілы?
— Гэта не твой розум. Адзявайся.
Пасля ён пагладзіў яе па плячы.
— Па галаве не рызыкую. Вось ужо як зажыве. За што ў вас там бойка была — не мая справа. Але разумніца, дзяўчынка. Смелая. Так ужо іх трапала! Ну, ляж, ачуняй. І супакойся. Мы іх, у выпадку чаго…
Ён пайшоў. Некаторы час яна сядзела моўчкі. Гучна завуркаталі галубы. Ім было добра ў праменнях сонца, якое яна сёння ледзь не ўбачыла ў апошні раз. Нічога. Усё абышлося. Цяпер трэба ўбачыць Ратму.
Яна дзейнічала машынальна, як заўсёды. З Лотрам не жартуюць. Гэта прэнг, і «велля», і расплаўлены свінец у роце, а там і вогнішча… Галубы… Значыць, запіска. Яна дастала маленькі скрутак танюткай паперы, ачыненае вераб'інае перайка, інкаўст[98] у скураной чарніліцы і пачала пісаць кірылаўскімі літарамі:
«Эядянмяэлсчюпялёэасўтўсокмфсяегнчёэгмэяілаўшфупяэйспбфшямоыўняэчшярсб…»
Гэта была «літарэя за адной пячаткай», старажытны беларускі тайнапіс[99]. Магдаліна пісала ім спрытна і хутка. Машынальна рухалася рука. Думак не было. Нібы нейкая запруда стаяла перад імі. Нібы кій трапіў у кола і застопарыў яго.
І раптам яна ўспомніла цеплыню чалавечай спіны на сваіх грудзях. Спачатку толькі яе. Яна была непадобная на ўсе іншыя цёплыя спіны. А яна памятала іх шмат.
Яна ашчаперыла пальцамі галаву і, нягледзячы на боль, сядзела так некаторы час. Пасля ўдарылася лобам аб падвоканне. І яшчэ. Яшчэ. Адзіная вялікая кропля крыві ўпала на пергамент. Жанчына скамячыла яго.
Лілася кроў. На палях, у катоўнях, на вуліцы. Шмат крыві.
Жанчына думала яшчэ некаторы час. Пасля адчыніла клетку, звыкла — лапкі між пальцаў, вялікі палец на крылах — вынула аднаго голуба і падкінула ў неба. Той затрапятаў крыламі ў блакіце, пакружыў і памкнуў на паўночны захад.
З другім голубам пальцы нібы развучыліся. Ён забіў крыламі, вырваўся ўрэшце і паляцеў за першым.
Трэцяга яна проста вытурыла з клеткі, выпусціла, як жанчыны выпускаюць птушак на вялікдзень.
…Тры хустачкі ператварыліся ў кропкі, зніклі за акаёмам. З хвіліну яна думала, ці не варта адкрыць усё Хрысту. І спалохалася.
Ведала — не кране пальцам, але не даруе ніколі. І ёсць яшчэ Лотр, які ўрэшце ўсё ж спаймае і яго і — цяпер — яе. Ён учыніць ёй «веллю» не на сорак, а на восемдзесят гадзін, парве вены і ўсё ж спаліць жывою.
Яна адчувала сябе злачынцаю. Толькі так! Ні гонару, ні ўдзячнасці не было ў душы — толькі сабачая прыніжанасць. Яна выканала б усё, што ні загадаў бы ёй кардынал. Але не гэта.
«Хай рабуе, хай блюзнерыць, хай нават павесіць самога Лотра або замахнецца на папу — я не магу… Я не магу выдаць гэтага чалавека».
Баўтрамей выскаляў рэдкія жоўтыя зубы над сваімі пляшачкамі:
— Вось тавар! Вось святы тавар! Наваліся, хто грошы мае!
Апосталы з Хрыстом сядзелі ўбаку, грэліся на вячэрнім добрым сонцы.
— Няўжо яму павераць? — спытаў няверны Тумаш.
— Усяму павераць, — змрочна сказаў Хрыстос.
— Добра, каб паверылі, — сказаў Гарганцюа — Якуб. — Здаецца, Валаамаву асліху з'еў бы. Бывала, на возеры мянёў напячэш, ды юшка з акунькоў…
Тумаш недаверліва круціў галавою.
— Але ж вера… Вера, яна…
Хрыстос раззлаваўся:
— І ахвота табе гаварыць. Ну вера, вера! Плявузгае. А ў пісанні даўно аб ёй сказана, што вось… калі будзеш мець веру велічынёй з гарчычнае зернейка і скажаш унь той Замкавай гары перайсці адсюль — яна пяройдзе.
— Ну, з зернейка ў мяне ёсць.
Ён утаропіўся на вежы, напружыўся ўвесь і заплюшчыў вочы. Пасля расплюшчыў іх — гара была на месцы.
— Храновіну гародзіш, ойча.
— Трэба практыкавацца ў веры, — сказаў Хрыстос.
— Добра. Пастараюся.
Маўчалі.
— Што Анея? — шэптам спытаў Раввуні.
— Ніч-чога. Невядома дзе. Нават апошнія чуткі заглохнулі. Сёння пойдзем на поўнач, на Вільню. Усё адно — голка ў стозе.
Да Баўтрамея падышоў багата апрануты мешчанін. Узяў бутэлечку, страсянуў:
— Ды яна ў цябе пустая.
— Не боўтай, не боўтай, кажу, пляшачкі, — узяў яго на перапуд ліцадзей. — Няшчасця хочаш? Я т-табе дам, пустая!!!
Ад гэтага тону, а яшчэ больш ад трагічнай маскі — твару, мешчанін сапраўды перапалохаўся.
99
Літарэя-тайнапіс, калі да кожнай літары падбіраюць пару і пушуць замест адной літары другую. «Пячатак» было да сямі. «Літарэя з адной пячаткай» — найпрасцейшая. Яна не патрабавала шыфру. Словы пісаліся злітна. Тут напісана (для зручнасці чытача, вядома, сучаснай моваю): «Ваша правялебнасць, вялікі Лотр. Злачынец вырваўся. Ідзе на Вільню. З дарогі паведамлю».