Выбрать главу

— Я не лаяў, — паўтарыў мужчына. — Пустое месца не лаюць. Я проста казаў, што не дазволіў бы Ён такіх пакут добрым, каб быў.

— Адвядзіце… Па агавору сазнаўся… Наступны…

Падвялі шляхцюка. Вельмі пацертая вопратка ў пыле розных дарог, збітыя чобаты. Відаць, бяздомнік. Маленькі, нягеглы сабою, ужо ў гадах. Тварык з кулачок, рэдкія вусы, галодныя і вартыя жалю вочы.

— Імя, — перад шляхцюком камісарый здаваўся асабліва сытым, няспешным, грамагласным, як асёл.

— Варган Будзіміраў пан Коцкі, — усміхнуўся чалавечак.

— Ты раскажы пра сябе.

— Яно, пане… з сагнаных я. Перавялі з зямлі нашы магнаты ўсіх нас, бедалагаў, у загонавую шляхту. Яно можна б і жыць, ды толькі нобіль наш упаў вокам на маю дачку… Прыёмную. Сябра нябожчыка… Я, прызнацца, і жанаты не быў… Шкада стала сірату. Пайшоў беззямельнікам з ёю. А яе і задумай адабраць, — голас у чалавека быў слабы, ён нібыта мяўкаў. — Яно… моцныя людзі — што скажаш? Але і на моцных ёсць Бог… Ёсць!.. Яна таго не вынесла. Прасіўся я, каб мне хаця вусы мае на ганьбу выдралі, ды не чапалі дзіця… Не вынесла… Каб ганьбы не было — павесілася… Няўжо яна пеклу душу сваю аддала, каб гонару не страціць? Не можа быць такога жорсткасэрддзя. Што можа бяссільны?… Вось і хаджу ўжо дзесяць год. Бог смерці не дае… То курачку было насіў з сабою. Дзе гной на дарозе або зерне нехта рассыпаў — выпушчу, падзяўбе. А яна мне часам — яечка. Ды ад старасці няспрытная стала. Забіў яе капытом магнацкі конь… Беленькая, так яна крывёю і аблілася… Сям-там і я, як яна, падзяўбу. Ды вось учора прыйшоў сюды ды ў карчме малака трохі купіў. Даўно не піў малака, а тут…

— До, — сказаў камісарый. — Агаварыў цябе той самы чалавек.

— Ды ў чым, ойча? Мне і памерці даўно трэба, і ў турме мне лепей будзе, сыцей, дый усё адно. Але ж праўду таму чалавеку шанаваць трэба. У чым?

— Ты пераўвасоблены чорны кот, што належаў раней мясцоваму касцельнаму арганісту.

— Зроду не быў катом… Вы мне, можа, растлумачыце?

— Спачатку ты растлумач і давядзі, што гэта не так.

Лягла паўза.

— Бачыш, не можаш. А мы давядзём. Мы ўсё ведаем, і ты нам пра курачак не брашы. Ты паглядзі на сваю Богу брыдкую морду.

Аблічча ў чалавека было сапраўды падобнае да аблічча старога гаротнага ката. Маленькі круглы тварык, зеленаватыя галодныя вочкі, выцертыя кароткія валасы на галаве — чорныя, у проседзь, вусы — рэдкія, спрабуюць тырчаць.

— Ты на сябе паглядзі. Вусы рэдкія, унь якія — раз.

— Раз, — паўтарыў пан Коцкі.

— Прозвішча — два.

— Каюся, два.

— Ты з'явіўся, а ў той самы дзень кот знік — тры.

— Не ведаю я гэтага. Нашто мне кот? Я і сам вечна галодны.

— Арыштавалі цябе, калі піў у карчме малако, — чатыры.

— Піў. Хацеў малачка.

— Бачыш? А які добры хрысціянін з таго часу, як першая карчма з'явілася, піў у карчме малако?! Га?!. Пераўвасобіўся воляй сатаны.

— Ды я… Што ж мне рабіць, ойча?

— Пераўвасабляйся назад, бо шкоду прынёс ты арганісту. Лаві мышэй.

— Зроду я мышэй не лавіў, — жаласна ўсміхнуўся чалавечак. — Не магу.

— Упарціцца, — сказаў камісарый. — У памылковых думках непапраўны. Адвесці да тых.

Стары апусціў галаву. І раптам Хрыстос сам адчуў, як цяжка, са свістам, ён дыхае, адчуў цеплыню нагрэтай рукаяці корда. Ён агледзеўся, нібы непрытомнасць толькі што пакінула яго.

Яны адарваліся ад усіх. Побач з ім стаяў пузаты Фама, сціскаючы шаблю. Побач з Фамою — іудзей, Ільяш, яшчэ пара апосталаў. А супраць іх стаяла некалькі дзесяткаў латнікаў з дзідамі і мячамі. Маленькі натоўп павольна знік перад вачыма Хрыста. Ён шумна ўздыхнуў.

— Нічога не здолеем, — ціха сказаў ён. — Роўна нічога. Адыдзем, Тумаш. Памаліся ты свайму Богу, Іуда, а ты, Фама, свайму. Можа, мы вымалім праклёны на іхнія галовы і на ўсё гэта паскуднае жыццё.

Яны адышлі на старое месца, адчуваючы, што яны — як пабітыя псы. Камісарый, відаць, заўважыў іхні дэмарш і сказаў голасна:

— Нагадваю жыхарам, што пры спробе вызваліць ерэтыкоў вёску спаляць, а жыхароў аддадуць святой службе… Наступны!

Падвялі бабу. Не звязаную. Стаяла яна незалежна. Камісарый, відаць, спяшаўся скончыць суд:

— Вінавацяць цябе, што адбірала ў кароў малако, крала цёплыя захады і насылала чырвоныя, што прарочаць раннія зазімкі.

— Ідзі ты ведаеш куды, поп, — сказала баба. — Калі я і вінаватая ў чым, то хіба ў тым, што рэпа мая буйнейшая, чым у жонкі агаворшчыка, святой курвы Тэадоры…

У Хрыста пацямнела ў вачах.

— Кошт буйнай рэпы, — сказаў ён.

— Д'яблавай сілай, — камісарый трымаўся за гэтыя словы, як п'яны за плот. — Ясна. Адвядзіце… Наступны.

Наступны, малады чалавек, быў настолькі зламаны катаваннем, што ледзь ішоў. Манахі спрабавалі былі падтрымаць яго пад рукі — ён гідліва адштурхнуў іх.

— Забойства клірыка, — нагадаў камісарыю пісец. — Жонка дужа веруючая.

— За што забіў? — спытаў камісарый.

— Справа не твая, казёл, — сказаў падсудны.

— Т-так, — сказаў камісарый, відаць, палічыўшы, што ў гэтым выпадку трэба даць нейкія тлумачэнні. — А між тым існуе закон, прыняты яшчэ пры пантыфікаце Стафана Восьмага, які забараняе такім мужаланам, як ты, адразу хапацца за мяла або цэп. — Ён узняў палец. — Ведай! «Міране не маюць права ніколі вінаваціць свяшчэннікаў, нават калі спаймаюць іх са сваімі жонкамі або дочкамі. Веруючыя павінны ў такіх выпадках думаць, што клірык пажадаў даць іхнім блізкім блаславенне ў больш цёплых, сардэчна-сяброўскіх і інтымных абставінах…» Н-ну? Што скажаш ты цяпер?

Твар маладога мужчыны быў бледны.

— Дай я па галаве за гэта звычайнаму чалавеку, суседу — копны суд судзіў бы за «бойку з рэўнасці». Але дай я за гэта заступніку перад Богам, уладару — і вось вы пачынаеце казаць тое, што казалі мне на прэнгу. Ужо не бойка, ужо «збіццё карыснага дзеля царквы чалавека, блажэннага дзеяча яе». І тады суда нам, простым, няма, акрамя смерці. Ужо мы зрабілі гэта, бо мы «ў змове», бо «назнарок хацелі забіць», бо «ерэтыкі і схізматыкі-дысыдэнты падбухторвалі нас». Ужо мы «змоўшчыкі, чарнакніжнікі, ворагі і паўстанцы, віжы і шпегі». Суд толькі для нас, а вы — без суда… І вось я падумаў, а чаму так? І калі няма на вас суда Божага і чалавечага, то ці не я — суд? Можа, нехта другі падумае, перш чым беспакарана рабаваць і гвалціць.

Кулакі яго сціснуліся. З лікаваннем у голасе ён сказаў:

— Я не браў мяла і цэпа. Вось пад гэтым кулаком расселася, як шкарлупіна яйка, галава гэтай збрадлівай жывёліны. Я не шкадую, абы і другія рабілі так… Таму што вы — грамада зброду, шыбенікаў, уладалюбцаў і бруднай свалаты.

— Адвесці.

У гэты момант вочы Хрыстовы зірнулі ўбок, і ён ледзь не анямеў ад здзіўлення. Тыя манахі, якіх ён сустрэў, вялі па плошчы гаспадара. Ён ішоў увесь светлы і ўсё паскараў хаду. Падышоўшы да стала, зямно схіліўся камісарыю:

— Дзень добры, сонца наша яснае. Слава Хрысту.

Камісарый гартаў паперы.

— Гэта ты іх агаварыў? — спытаў урэшце глава доказнай інквізіцыі.

— Я, — ударыў сябе ў грудзі гаспадар. — І не шкадую ў руплівай дбайнасці сваёй да царквы.

— А ўчарашні самаагавор нашто? З глузду з'ехаў?

— Н-не! На сябе данёс! Таму — думку, мысль, у сябе адчуў.

— Якую?

— Нашто Пан наш Бог у патопе жывёлін тапіў? Яны ж граху не імуць. Каб гэта веруючаму нейкаму выгадна было — тады ясна… Ну, а падумаў — спалохаўся. Што ж гэта будзе, калі кожны — думаць?… Каюся, ойча!

Камісарый зрабіў знак, каб гаспадара адвялі да іншых.

Раздзел XXV. Бог наш — агонь, які паядае

Не давайце святыні псам.

Мацей, гл. 7, ст. 6