Выбрать главу

— Калі я татар біў — вы маліліся. А цяпер наляцелі на гатовае.

Басяцкі добразычліва здзівіўся:

— Ты? Але ж паўсюль ужо ведаюць, паўсюль паведамлена, па храмах, весях, гарадах, што паграміла іх наша рука. Што ты без царквы? Што гэты мізэрны люд без царквы, без нашых модлаў і нашага духу?

— Э-эх, чарвякі гнойныя, — сказаў Хрыстос. — Зляцеліся на храбрую смерць, трупы абрахалі. Сцярвятнікі хаця не брэшуць.

Мніх усміхнуўся аднымі вуснамі.

— Гардыня? Так. І неразумнасць. Без царквы, улічы гэта, сын мой, не было б перамогі. Без царквы нічога не бывае, такі закон. Ва ўсіх летапісях, што ты там ні ведай і ні крычы, запісана, што мы не ўцяклі, не кінулі вас адных, што мы падрыхтавалі гэты страшны адпор, што «татаре да беларускай зямлі ўварваліся, але царква, з малым людзем выступіўшы, народ паганскі за воляю Божаю і помашчю неспадзявана ўразіла і паграміла і лупы паадбірала».

Ён чаканіў гэта, нібы апускаў на плечы бессаромны, невыносны цяжар.

— Мачыся вам у вочы — скажаце: Божая раса, — буркнуў Багдан Роскаш. — Ну, а ён?

— А ён, мілы наш Тумаш, паўсюль запісаны як шалбер, які «імя Божае сабе прыўлашчыў».

— Нічога, — сказаў Раввуні, — праўда ёсць.

— Не цягніся, любы, — сказаў каплан. — Праўды ў такіх справах не было і не будзе. Царква перамагла, а не ён, не народ. — Словы ягоныя сачыліся нібы смярдзючым, усепераможным гноем. — Усе подзвігі, усе дзівы, усё чалавечае — ад яе. — Ён прыніжаў, бы ў разлічаным, халодным экстазе. — Гэта мы патаемна кіравалі вамі. Дый маліліся мы… Ты што гэта пішаш, іудаіст?

— Тое, што сказана. — Раввуні спакойна вадзіў стыласам. — І потым, ты па слабасці мазгоў не так назваў нас. Разумееш, я не іудаіст. А ён, Хрыстос, не католік. А унь Фама не праваслаўны. Гэта такая ж праўда, як тое, што ты не чалавек, а гніда, якой трапіла панства…

— Хто ж вы, цікава?

— Мы — людзі, — адказаў чалавечак. — Мы людзі, таму што мы адрынутыя ўсім гэтым светам хлусні. Але мы, адрынутыя, абылганыя паклёпам, бітыя, мы і ёсць людзі ва ўсёй праўдзе сваёй. І няма ніякай іншай праўды — ні праўды Шамоэла, ні праўды Лотра, ні праўды Яхве, ні праўды Хрыста… А калі ёсць, калі нясеце яе нам в ы, то…

— На храна нам такая праўда, — дакончыў Фама.

— Правільна, — пацвердзіў Раввуні.

Каплан зразумеў, што размовы не будзе. Азірнуўся. І адразу Карніла з бразганнем пацягнуў меч. І тут побач з ім спакойна сказаў нейкі мужык:

— Ану, не руш! Не руш, нашай мовай кажу табе, падла ты свінячая, Божая ты гліста.

Басяцкі абводзіў вачыма натоўп. І раптам спалохаўся, убачыўшы, што мужыкі трымаюць напаўнацягненымі страшныя лукі з турыных рог. Некалькі такіх лукаў глядзелі на яго. Вось ён падасць знак, і мужыкоў пасля больш-менш доўгай сутычкі самнуць… Але ён ужо не ўбачыць гэтага. Хто спадзяваўся, што тут не сякеры супраць мячоў і дзід, што гэта — паляўнічыя з поўдня? Сякера — глупства. Нават меч не бярэ міланскіх лат. Але супраць такіх лукаў яны — шкарлупіна яйка.

«Ініга Лопес дэ Рэкальда, — у думках паклікаў каплан. — Друг, Ігнацы Лайёла. Парай, што мне рабіць. Табе трыццаць, але ты разумнейшы за ўсіх нас, разам узятых. Парай, друг».

І ён убачыў твар дона Ініга. Заварушыліся вусны.

«Кінь, — сказаў Ініга — Ігнацы. — Адступі. Грэх не пакараць адступніка адразу. Але патаемны грэх — дараваны Богам грэх. Ты ж не ехаў сюды з намерам адступіць? Усё ад абставін. Менавіта ў іх мудрасць уладара. Дай ім слова, ну».

Мніх засмяяўся.

— Супакойцеся, людзі, — мякка сказаў ён. — Тысячнік пагарачыўся. Але гэтая гарачнасць заслужыць дараванне ад Бога, як і ваша непачцівасць. Царква нікога не кране («у гэтую хвіліну», — дадаў ён у думках), клянуся вам. Разыходзьцеся. Арыце. Мы сыходзім да вас. Як ні цяжка, а можа, падзешавее хлеб. Магчыма, мы саб'ём, дзеля вас, цану на сёе-тое…

— На мыла і на вяроўкі, — уголас сказаў Хрыстос.

— …Пойдзем, людзі, пакінем іх. Ім ёсць аб чым падумаць. Бывай, вясёлы цудатворца.

Варта з атрадам, што прыяднаўся да яе, паскакала ад вогнішчаў у ноч.

І ледзь сціхнуў пошчак капытоў, як гэтыя вогнішчы пачалі сычэць і рваць парай, бо іх залівалі вадою.

Да Хрыста падышоў той мужык, што гаркнуў на Карнілу.

— Ну вось… Мы сваю справу зрабілі, не далі цябе. Цяпер — выбач.

— Я разумею. Вы ж не багі, каб без страхі жыць.

— Але ты — Бог, — мужык зямно схіліўся перад ім. — Ты ўзнясіся. Ты, ведаеш, з вясною прыходзь. Як адсеемся.

І яны засталіся адны, а вакол была ноч. Хрыстос моўчкі глядзеў у змрок бліскучымі вачыма.

— Бачыш, як яны, — сказала Магдаліна. — Пойдзем… Бачыш, як яны з табою…

— Не, — з пераціснутай глоткаю сказаў ён. — Я іду да іх. Я яшчэ толькі не ведаю як. Але гэта беднае мора… Без грошай, без зямлі, без магчымасці ісці куды хочаш, без вачэй, без мовы — Бог мой, што перад гэтым мая шкура, што перад гэтым усе храмы!

Ноч падала зорамі. У цемры, здавалася, не было дарогі.

Хрыстос устаў.

Раздзел XXXІV. Болі нараджэння

І з'явілася на небе вялікае знаменне — жанчына, адзетая ў сонца; пад нагамі яе месяц, і на галаве яе вянец з дваццаці зорак. Яна мела ў чэраве і крычала ад боляў і пакут нараджэння.

Апакаліпсіс, гл. 13, ст. 1, 2

Перапёлка! Ты не ві гняздзэчка блізка ля дарогі, перапёлка!

Песня

У тым жніўні цэлы тыдзень лілі страшэнныя ледзяныя дажджы, нібы стаяў кастрычнік або нават лістапад. Не было дня, каб не выпаў на зямлю град. Перанасычаная глеба не магла больш усмоктваць залеву, і воды шырока разліліся палямі.

І па гэтай дарозе, што была нават не гразёю, а плынню, ішлі на поўнач чатырнаццаць чалавек. Знемагалі, падалі і зноў ішлі. Шмат дзён яны галадалі. Нават за грошы, якіх было мала, па ўсім поўдні нельга было купіць і лусты хлеба. Яны калаціліся ў азнобе, і ім недзе было не толькі пераначаваць, але і абсушыцца, бо вёскі былі спалены.

І ўсё ж яны ішлі на поўнач не толькі таму, што там былі цэлыя хаты і хлеб. Нават зусім не таму. Каб толькі гэта — Хрыстос пайшоў бы ў Гародню. Проста за імі ішлі па слядах. Відаць, паўсюль былі разасланы загады, бо некалькі разоў іх хацелі схапіць, і ўратаваліся яны толькі дзівам.

Гойсалі дарогамі раз'езды. Правяралі каля весніц. Начуючы ў лесе, не раз чулі яны сабачы брэх. І варта ім было торкнуцца спачатку на паўночны захад, а пасля — на захад — начыналася ўтрапёная аблава. Пэўна, па нейкай лініі былі выстаўлены пасты.

Часта чулі яны на начных дарогах крокі, галасы, тупат, часам немы лямант. Яны хаваліся ад усіх людзей і таму не ведалі, што не адны яны бягуць на поўнач.

Беглі натоўпамі. Беглі ад холаду і разарэння, ад бізуноў і падаткаў. Беглі, каб не памерці. Вандравалі цэлыя вёскі. Некаторых спынялі і вярталі назад. Але Юрась і яго паплечнікі не ведалі гэтага. Ім не было да гэтага справы. Іх кінулі ў момант, калі больш за ўсё ім была патрэбна дапамога. Вера ўзвяла іх на вышыні, вера і скінула. Усе ведалі, што Хрыстос — усемагутны.

…Па чарзе неслі саслабленую жанчыну. Стакрот на дні паміралі і заставаліся жывыя, і ў непаразуменні былі, калі ж народзіцца праўда. Нешта каля тыдня беглі яны.

І Хрыстос зразумеў у гэтыя дні, што ў сець трапляюць вялікія рыбы, а малыя выскакваюць з яе. А ў сець жыцця, у нерат, пастаўлены моцнымі, трапляюць адны маляўкі, а для вялікай рыбы яна не існуе.

Ён таксама быў дробнай рыбай. І толькі касяк такіх, як ён, мог прарваць браднік, заведзены лёсам. Нельга бясконца адступаць.

Ля самай дарогі было гняздо перапёлкі. Коні і каровы маглі растаптаць яго, пастушкі падабраць яечкі, конюхі разнесці вартыя жалю сцябліны, з якіх яно было звіта. Але з кожнага цэлага яйка мог вылупіцца гнеў.

…Іх гналі, як малявак на водмелі, як перапёлак у жыце. Трэба было спыніцца і хаця слабаю дзюбай пачаць дзяўбці, каб не загубіць навекі душы.

Нельга больш было бегчы. Трэба было паказаць зубы, хай сабе цаною жыцця.