— Жыцця! Жыцця дай! Зажыва паміраем!
Тады ён стаў падымацца на гульбішча. Ён быў упэўнены: правільна ён зрабіў, што нанясе ўдар тут. Ён толькі не ведаў, што тут столькі тых, якія ішлі з ім на татар, якія ведаюць яго, з якімі яму будзе лягчэй.
Вось яны. Мора.
Каплан стаў перад ім, загарадзіў дарогу.
«Маленькі, падобны на бачонак, чалавек. Пэўна ў гэты час павінен правіць тут імшу. А за спіною ягонай — манахі, служкі. Гэтых не пераканаеш, што не хоча ён абразіць святыню, што ён проста хоча зрабіць тое, на што з ахвотаю пайшла б і сама вялікая Жытняя баба, маці ўсяго сутнага, якая толькі трохі змяніла тут свой твар. Маці. Гаспадыня беларускай зямлі.
Тая, якая дае сілу хлебу. Нашто ёй жыць, калі памруць тыя, хто верыць у яе».
— Стой, — сказаў каплан. — Ты хто?
— Хрыстос.
— Калі ты Хрыстос, дзе маці твая? Дзе сёстры і браты?
— Я маці яму! — крыкнула з натоўпу старая, што маліла аб карове.
— І я!.. І я!
— Мы яму браты! Мы сёстры! Мы! Мы!
І гэты крык прымусіў Братчыка забыць, што за ім палявалі, бо людзі кінулі яго. Гэты крык зрабіў тое, што свет неяк дзіўна затуманіўся ў яго вачах, і ён упершыню не асудзіў свой лёс.
«Магла ж сапраўды быць хата».
І ён нібы ўспомніў хату пад яблынямі… Старых на траве… Ціхую рэчку, дзе вадзіліся самы. Самога сябе, які пускаў на купалле вянкі.
І ўжо разумеючы: так трэба… так трэба дзеля святой прыналежнасці да гора ўсіх гэтых людзей, да радасці іх, да агульнага жыцця ўсіх людзей, ён сказаў (і гэта была праўда):
— Была ў мяне хата. Далёка-далёка. Там цяпер вогнішча. Попел. Прах. Як ва ўсіх вас. І вінаваты я, ведаю: забыў. У гонары сваім узнёсся, пагарджаў, ніжэй сябе лічыў, даруйце мне. А цяпер успомніў… Ану, гець з дарогі!
Са звонам вылецела вялізнае акно: як заўсёды, перастараўся Піліп.
— Даруй, маці Сутнага, Ціоця, Жытняя баба, Маці Божая, — сказаў Братчык. — Табе ж не трэба.
І ён прыгаршчамі стаў браць з алтара золата і каштоўныя каменні і сыпаць іх між сукнямі. Каплан, убачыўшы святатацтва, пабег, каб разам не загінуць ад немінучай нябеснай маланкі.
«…і кеды быў да алтара прыведзены, з рук іх вырваўшыся, яка шалёны прыпаў да алтара, на якім было поўна пенязей[104] і камыкаў, на афяру злажоных, і, хвацяючы пенязі, клаў іх сабе ў распор аж занадта. Мніх-каплан, каторы на той час мшу справоваў, ад страху ўцёк».
Народ на вуліцы чуў крыкі. Пасля сам каплан бачонкам скаціўся з гульбішча, кінуўся прэч:
— Да алтара прыпаў! Камні хапае! Матка Боска, ды лясні ты яго па галаве!
…Служкі схапіліся за мячы, — стаў на дарозе ў іх Тумаш. Выставіў наперад даволі магутнае, хаця і падупалае ад галадоўкі, пуза. Напнуў грудзі.
— За зброю хапаецеся? Пры Маці? Я вам хапану. Я вас зараз так хапану!..
Тыя сумеліся. І тады на Хрыста кінуліся ашаломленыя было манахі. Схапілі за пояс, здзерлі яго…
«Па ім (каплану) другі мнішы, адумеўшыся, прыпадуць пояс на ім абарваць, мнімаючы, бы пенязі клаў за кашулю занадта, але ад тамтоля толькі камыкі павыпадалі, а пенязі ся ў распоры, за падшыўкаю сукні засталі. Мніхі, здумешыся… думаючы, бы пенязі ў каменне ся абярнулі справаю дыявальскаю, пачалі заклінаць каменне і малітвы над нім модліць і псалмі спяваць, абы ся знову ў першую форму сваю абярнулі».
…На падлогу сапраўды высыпаліся каменьчыкі. І ўсе аслупянелі.
А пасля пачаўся шабаш і садом: стогны, плач, дзікае выццё ад жаху, выгукі. Ледзь не істэрычныя галасы на верхніх нотах выкрыквалі псалмы.
— Нечасцівыя не будуць прад вачыма тваімі: ты ненавідзіш усіх, хто робіць беззаконне.
Нехта рыдаў:
— Бо няма ў вуснах іхніх ісціны… Асудзі іх, Божа, хай падуць яны ад задумаў сваіх; па мноству нячэсця іхняга, адрынь іх, бо яны ўзбунтаваліся супраць цябе.
Яшчэ адзін гарлаў, як спалоханы змяёю бугай:
— Сакрушы мышцу нечасціваму і злому так, каб шукаць і не адшукаць ягонага нячэсця.
Хрыстос стаяў над гэтым стоўпатварэннем і ўсміхаўся. Зараз ён пагарджаў толькі гэтымі.
Музыка змянілася. Нехта, відаць, зняверыўся ў псалмах і пачаў заклінаць, як цёмныя яго бацькі:
— Чорт Савул, чорт Калдун — паступіцеся. Пане наш Пяруне, Езус наш найлітасцівы, Вялес, быдлячы Бог і Ўласі святы, рассейце, забурыце падкопы, зрабіце, каб каменні ў першую форму сваю абярнуліся.
Пасля гэтай дзікай какафоніі звалілася раптоўная цішыня. Мніх схіліўся над каменьчыкамі і асцярожна, як жар, памацаў іх:
— Н-не памагло.
Твары былі збянтэжаныя і расчараваныя. І тады мніх узняў евангелле, псалтыр і заклінальную кнігу і шваркнуў іх аб падлогу:
— Калі такога д'ябла не бачылі — ідзіце з ім самі да ўсіх д'яблаў!
«…але калі тое каменю нічога не памагло, мніх кнігі свае заклінальныі, разгневаўшыся, кінуў аб зямлю, мовечы: ежасмы такога дыявала не бачылі, пойдзеце там з ніх да ўсіх д'яблаў».
Гучна, страшна бразнуліся аб каменныя пліты цяжкія тамы ў скуры, дрэве і золаце. Якуб Алфееў заплюшчыў вочы.
Яму здалося: ударыў пярун, і д'ябал, дзіка зарагатаўшы, з'явіўся ў агні, схапіў кнігі пад пахі, што смярдзелі потам, серай і паленымі грэшнікамі, зрабіў непрыстойны рух у суправаджэнні гэткага ж гуку і пярунападобна ўзляцеў.
Ён узняў вейкі і зразумеў, што гэта коцяцца сходамі, уцякаюць манахі. Кнігі па-ранейшаму ляжалі на падлозе.
Хрыстос кідаў з гульбішча ў народ ахапкі караляў і грошы:
— Спакойна падыходзьце, людзі. Бярыце па залатому або па жамчужыне. Хопіць гэтага на зіму, абы было дзе купіць. Бярыце! Не патрэбна гэта ні Жытняй маці, ні мне. Нясіце дзецям! Жывіце! Дзеля каго, як не дзеля сябе, сабралі ўсё гэта яны?!
Залаты дождж падаў на рукі людзей. І за ўвесь гэты час ніхто не штурхнуў другога, не наступіў на нагу, не вылаяўся, не ўзяў больш адной жамчужыны, або адной манеты, або — калі сям'я была дужа вялікая — дзвюх. Грошы належалі Жытняй маці, іх нельга было шарпаць.
— Хіба яны пастыры? Яны аддаліся распусце так, што робяць усялякую нечысціню з ненаеднасцю. Морды іхнія горш за д'яблаў азадак. Мацей яшчэ аб іх сказаў — праўда, Мацей?…
— Н-но…
— Любяць, мярзотнікі, прадузляжанні на бяседах і старшынствы ў сінагогах… І прывітанні ў народных сходах і каб людзі звалі іх: «Настаўнік! Настаўнік!»
Моўчкі, сурова слухаў люд.
Раздзел XXXVІ. Што любяць паскуднікі, або шпіён
І не дзіва; таму што сам Сатана прыймае выгляд анёла святла.
Не еш занадта цукру — завядуцца ў цябе там, дзе не трэба, пчолы.
Яны сапраўды любілі тое, аб чым казаў людзям з гульбішча Братчык. Але зараз ім было не да гэтага, таму што больш за ўсё яны любілі свой спакой, сваю ўладу і саміх сябе. Першае паляцела сёння да ўсіх д'яблаў, разам з віленскім ганцом, і можна было меркаваць, што калі так пойдзе і далей, то палятуць другое і трэцяе.
Таму не было больш шчадралюбага сходу за ўсю гісторыю ў вялікай суднай зале. Усе зліўкі сабраліся тут сёння бараніць сваю любоў.
Сядзелі ўсе духоўныя асобы, як каталіцкія, так і праваслаўныя, бо любоў іх была аднолькавая; сядзелі радцы і войт, бо яны падзялялі тую любоў. Сядзеў Карніла, бо яму загадвалі ад імя любві. Сядзеў бурмістр Юстын. Па прывычцы хутчэй, бо першых дваіх любовей яго паспяхова пазбаўлялі, і таму ён не мог любіць і паважаць сябе.
Перад любяшчымі стаяў расстрыга Іллюк, раней прарок па схільнасцях, цяпер — па заданні:
— Вось і ўсё… А людзі ў горадзе гавораць, што неадменна ён цяпер за Гародню возьмецца… Маўляў, хай толькі пакліча — усе пойдзем… Маўляў, вось гэта сапраўдны Хрыстос наш. На што ўжо татары ды іудзеі — і тыя яго чакаюць. Назва, кажуць, імя — гэта справа дзесятая. Па-іхняму ён Хрыстос, па-нашаму «месія», «махадзі» і чорт яго ведае яшчэ як.
— Добра, Іллюк. Але ж мы адразу анафему яму агаласілі, — сказаў Лотр. — Як гэта слухаюць? Няўжо няма постраху?