— Плююцца, — апусціў звярыную галаву Іллюк. — Кажуць: «Гэта ўсё адно…»
— Ну, чаго замяўся?
— Не карайце… «усё адно як д'яблы анафематствавалі б анёла».
— Т-так, — сказаў Басяцкі. — А юроды крычаць? А ты?
— Крычым. «Сарамата галізны яго… Журба вялікая… Звер, вачыма споўнены спераду і ззаду». Як пажахлівей крычым, каб незразумела. «Сонца, як валасяніца! Мора робіцца крывёй! Сем тысяч імён чалавечых у адной Гародні загіне!»
Ён загікаў і закрычаў так, што ва ўсіх мароз прабег спінаю.
— А яны не зважаюць. Кажуць, усё адно жыцця няма. І сёння Кірык Вястун, каваль ды дудар «Братачка» гаварылі нейкаму вусатаму, каб ён заставаўся тут і памагаў… А мы, маўляў, выходзім і чакаем, а нейкі Занон (адзін Гаўрыла ў Полацку!) каб збіраў людзей, ды хадзем яму насустрач.
— Знайшлі? — спытаў Камар.
— Не, — адказаў Карніла. — Паспелі ўцячы. А Зянона ніхто не ведае. Пэўна, не з Гародні.
— Ч-чорт! — сказаў дамініканец. — Ну добра, пакуль нічога не здарылася. Менавіта пакуль. Небяспека ёсць, але пакуль толькі цень небяспекі. А вы то памылку за памылкай рабілі, а то галовы ад жаху пагублялі. Нарадзілі пачвару і не ведаеце, як утаймаваць.
Сказаў ціха:
— Іллюк, ты пакрыўджан. Знайдзі людзей, здатных раз ударыць нажом.
— Не выйдзе, — сказаў Іллюк. — Усе моляцца на адну ягоную памяць. А і я таксама баюся. На кавалкі расшкамутаюць. Вераць. Няхай сабе ён гэта і сілаю Вельзувела дзівачыць.
— Шкада. Мог бы атрымаць трыста злотых.
— Мёртваму што трыццаць, а што і тры тысячы.
— І ўсё ж паклапаціся аб нажы. Іначай…
— Пастараюся, — зразумеў Іллюк. — Пастараюся знайсці.
— І яшчэ пастарайся крычаць галасней, што гэта антыхрыст, што цяжка адразу разабрацца. Ідзі.
Іллюк пайшоў: сумёт бруднага меху і нячэсаных валасоў. Сінкліт маўчаў. Пасля Лотр буркнуў:
— Смурод які! І любіце ж вы гэтых шпіёнаў, віжоў, даносчыкаў. Сорам проста.
— А вы не любіце? — ціха спытаў дамініканец.
— Па-мойму, таксама глупства гэта, — сказаў біскуп Камар. — Не сачыць трэба. Не сачы, а сячы. Пій V мае рацыю[105].
Твар наліўся бурай крывёй, пенныя заедзі заварушыліся ў кутках рота:
— Памятаеце ягоную інструкцыю веніцэйскаму інквізітару? «Катуйце без жалю, шматуйце без літасці, забівайце, спальвайце, знішчайце вашых бацькоў, матак, братоў, сёстраў, калі выявіцца, што яны не аддадзены слепа вярхоўнай ідэі». Вось гэта па мне. Вось гэта так. І паўсюль добрыя гасудары так робяць: і наш, і французскі, і сам папа, і вялікі князь маскоўскі… хаця ён і схізмат.
Дамініканец кашлянуў.
— Залатыя словы, — саркастычна сказаў ён. — Толькі ваша вучоная галава, па занятасці, відаць, ведала інструкцыі Пія інквізітарам і не ведала інструкцыі таго ж Пія трыбуналам. А там сказана: «Завядзіце столькі шпегаў і даносчыкаў, колькі вы ў стане аплаціць. Абавяжыце іх назіраць за міранамі… і даносіць вам аб усіх грамадскіх і прыватных непарадках. Ніколі не стаўце пад сумненні іхнія паказанні, паражайце ўсіх, на каго яны вам будуць указваць, нявіннага або вінаватага, бо лепей умярцвіць сто нявінных, чым пакінуць у жывых хаця б аднаго вінаватага».
Мніх усміхнуўся:
— І вось таму я люблю абедзве інструкцыі і люблю шпегаў і займаюся з імі. Урэшце, я дамініканец, майму ордэну даверана святая інквізіцыя. І таму я займаюся і дазнаннямі адначасова. У той час, як вы толькі мянціце языком.
Камар у ярасці ўскочыў.
— Гэта вы ўжо занадта, — з дакорам сказаў Лотр. — Так абразіць вернага служыцеля царквы.
Басяцкі таксама патроху закіпаў:
— Вось што, мне гэта абрыдла. Збудуеш нешта стройнае — заплююць, заваляць, загадзяць у вачах усіх. Я не ведаю, як служаць царкве, як любяць Бога, — ён зірнуў на біскупа, — большасць клірыкаў. Але я ведаю адно — ведаю, што на вачах у людзей нельга распуснічаць так, як яны. На вачах… Бо гэта нараджае нелюбоў, нянавісць, гнеў, выбух, смерць!
— Аб чым вы?
— Аб тым. Завялі голад у той час, як хапіла б і моцнага недаядання. Хацелася мець лішні шэлег, а страціце ўсё. А адсюль і няўдачы з гэтым аспідам, і ганьба з татарамі, і тое, што мы ўвесь час сячом сук пад сабою і ляснемся азадкам або, прабачце, мордай у гной. Абжэрліся салодкім жыццём — і нарадзілі, магчыма, сваю смерць. Знемагалі ў празмерных асалодах, а цяпер круціцеся. Як тут не ўспомніць прыказкі аб пчолах?
Сінкліт маўчаў. За вузкімі вокнамі былі цішыня і ноч, але яны слухалі гэтую цішыню і не верылі ёй.
Раздзел XXXVІІ. Набат
Я плакаў, мора ўбачыўшы. Я плакаў,
Калі з каўчэга зноў убачыў сонца.
Святой службе і ўвогуле царкоўнай і магістрацкай, раднай эліце, роўна, як і нобілям, было аб чым непакоіцца. 13 жніўня шматтысячны натоўп выйшаў з Вільні на гародзенскую дарогу. Некаторыя летапісі казалі пазней аб «багамольцах», але на самай справе гурмы былі далёка не такія аднародныя. Акрамя пілігрымаў, былі тут рамеснікі з поўначы (даўно ўжо ў іх не было працы), найміты, разлічаныя па заканчэнні жніва, моладзь з пачынкаў, шкаляры, але галоўную частку гурмы складалі ўцекачы з разоранага, выпаленага татарамі поўдня і сярэдзінных земляў Белай Русі. Наўрад ці ім у гэты час было да багамолля. Проста і ў Вільні яны не знайшлі хлеба для жыватоў і зерня дзеля пустых сваіх ніў. Нельга было купіць нават за грошы, што прыдбалі яны дзёрзкасцю Юрася Братчыка, рачонага Хрыста. Быў неўраджай.
Яны ішлі абы ісці. Большасць не ведала, куды падацца, і рушыла на гародзенскую дарогу, бо на яе выйшаў Хрыстос з апосталамі.
Рухала імі не мэта, а немагчымасць заставацца на месцы.
А галоўнае, усімі гэтымі тысячамі рухаў голад або прывід блізкага голаду.
Нішто яшчэ не прадракала наступных падзей, калі яны, адтупаўшы ў той дзень блізка сарака (нямераных, вядома, ані імі, ані кім яшчэ тады) кіламетраў, сталі начлегам ля нейкай невялікай вёскі. Паныласць валодала імі. Раніцай частка хацела ісці на поўнач, у балтыйскія гарады, частка на поўдзень, бо спадзявалася, што ўцякло зашмат народу, што поўдзень моцна абязлюдзеў і магнаты, з нявыкруткі, будуць даражыць працоўнымі рукамі. На Гародню амаль ніхто не хацеў ісці. Ведалі, як звязвацца з бацькамі царквы і прыснымі.
І, магчыма, нічога б не было, каб загад аб анафематстваванні прыбыў у вясковую царкву днём пазней і не сустрэўся тут з чалавекам ад Іллюка, які спяшаўся ў Вільню, не ведаючы, што Хрыстос выйшаў з яе, што ён ужо тут і, галоўнае, не адзін.
Выпадковасць, падрыхтаваная голадам, нашэсцем, хцівасцю багатых і моцных, зрабілася раптам заканамернасцю і прынесла праз некаторы час свае страшныя, крывавыя і велічныя плады.
У стане ўжо дагаралі вогнішчы (ночы пасля дажджоў зрабіліся цёплыя, нібы ў ліпені, а гатаваць дужа не было чаго), калі ў царкве, наводшыбе ад вёскі, запалалі вокны, а праз некаторы час пачуліся спевы.
З цікаўнасці людзі рушылі туды, пачулі страшны, чэраўны рык дыякана, знаёмыя словы аб пракажэнні, удаўленні і імгненнай смерці розных там ворагаў людства, зразумелі, што ідзе анафематстваванне, а пасля ўчулі, што анафему спяваюць чалавеку, які пабіў татар (аб ягоных выбрыках у Наваградку яны, вядома ж, не ведалі, а каб і ведалі, то не паверылі), разагнаў гандляроў і вось толькі зараз даў ім грошай, чалавеку, які стаіць сярод іх і нават з цікавасцю слухае страшныя, глухія, закасцянелыя словы праклёнаў.
Натоўп застыў.
Яны б, вядома, менш былі ўражаны, каб даведаліся, што анафему спяваюць паўсюль, куды дасягне лапа святой службы і гародзенскіх папоў.
Але яны ў той час не думалі пра гэта. Для іх менавіта ў гэтай вось драўлянай царкве, што тырчала перед вачыма, увасобілася зараз галоўнае зло.
— Чуеш? — спытаў ваўкавыскі мужык.
— Гэта яны за тваё дабро, Хрыстос, — сказаў сівавусы.
Натоўп маўчаў, але яшчэ не ведаў, што рабіць. Нейкі шэры чалавек, увесь гнуткі, нібы бяскосты, пачуўшы імя, названае сівавусым, праштурхаўся праз натоўп і стаў, гледзячы Юрасю ў рот цьмянымі, нібы ў крата, вачыма. Чакаў.
105
Адкуль біскуп Камар і дамініканец Басяцкі маглі ведаць, што скажа венецыянскаму інквізітару і трыбуналам Пій V, пантыфікат якога прыходзіцца на 1566–1572 гады, ледзь не на пяцьдзесят год пазней за нашы падзеі, аўтар не ведае. Але прадбачэнне імі будучыні трэба таксама аднесці на кошт промыслу Божага. Геніі празараюць праз дзесяцігоддзі і нават стагоддзі.