— «Лепей быць п'яным, чым цвярозым», — казаў у падобных выпадках Саламон, — сказаў Жаба. — Лепей быць вялікім і мудрым, чым маленькім і дурным. Што ёсць — тое ёсць, чаго няма — таго няма. У нашых парсюках наша будучыня… А парада мудрага…
Яго ўзялі пад рукі і вывелі.
— Ну вось, — сказаў Лотр. — Астатнія могуць ісці рыхтаваць воінаў. За работу. Ты, Фларыян, застанься, а ты, Карніла, прывядзі ката.
— За што?! — з усмешкай, трагічным шэптам спытаў мніх.
— Тфу, — сказаў Лотр.
Сябры ў сатане засталіся адны.
— Мяркую, ты ведаеш, аб чым будзе размова?
— Але. Думаю, Хрыстос можа ўзяць горад. Прыйдзе гаспадар, а вы гэтага страшэнна не любіце.
— Цярпець гэтага не магу, — усміхнуўся Лотр. — Ход падземны хаця не абваліўся?
— Што ты. За ім сочаць. Гэта ж не муры… Дык што, заставацца мне?
— Але. Адразу. Пастарайся, калі ён не згодзіцца, калі раздору не будзе, вярнуцца цішком. Мы скажам, што ты паскакаў у Вільню за падмогай. А ты тым часам пяройдзеш у цёмны схоў. Да гэтага можа не дайсці. Усё ж водкуп, раздор, магутнае войска, бітва… Але як дойдзе — мы правімся ў Ваўкавыск за падмогай. Там крэпасць не ўзялі крымчакі. Там моцнае войска. Прывядзём. Суцяшае тут…
— Суцяшае тут тое, што ягоныя мужыкі не будуць сядзець доўга. Разыдуцца. Земляны чарвяк не можа без зямлі. Застануцца хіба мяшчане. Ты зразумеў, што табе рабіць?
— На гэты выпадак, ведаю. Калі ты падыдзеш — дай знак. Я пастараюся да таго часу сабраць багатых цэхавых, сярэдніх, купцоў і іншае такое. Ды як на мядзведзя — адным махам.
— Так. Гульня наша не ўдалася. Усё здарылася не так, як хацелі. Значыцца — карты пад стол ды па зубах.
— Ты непапраўны. За такія параўнанні на тым свеце…
— Нам усё даруюць на тым свеце, калі мы раней за нас адправім туды гэтага Хрыста. А калі не яго аднаго, ды яшчэ з вялікай крывёй — тым болей.
— Ну вось, — уздыхнуў Басяцкі.
— Ну вось. А цяпер забудзь. Гэта проста размова да крайняга прадбачлівых людзей. Водкуп вялізны. Такіх грошай ніхто з іх не бачыў у вочы. А не разбягуцца ад золата — разбягуцца ад мяча. Дзіваў не бывае.
Прыйшлі Карніла і кат.
— Слухай, — сказаў кату Лотр. — Табе загад такі: як толькі я дам ведаць, дзеўку, што ў цябе, прыдушы. — Нейкая думка прамільгнула ў яго на твары. — Слухай, а што, калі згуляць на ёй? Заложніца.
— Месяц назад атрымалася б, — змрочна сказаў дамініканец. — Ад радасці ўцёк бы з ёю хаця ў Влохі, хаця ў Турцыю. А цяпер… Ты кепска ведаеш такіх людзей. Памрэ пасля ад тугі, а тут палічыць, што гэта не варта ягонай годнасці. Узвысілі вы гэтага махляра сабе на шыю.
Кат глядзеў на іх млява і спешчана. Рот жорсткі і іранічны, а ў вачах меланхолія.
— Ты аб чым думаеш? — спытаў Лотр.
— Птушачка, — паказаў кат на жалезнага арла. — Леўчык. Або не, гэта воўчык.
— Ну і што?
— Непарадак. Клетачку б. Вось займуся.
— Займіся ты, пакуль жывы, тым, што загадана.
— «Жалезнай дзевай»?
— Чым хочаш.
— Значыцца, белы ліст. Ціка-ава як. Дзякуй, ваша правялебнасць. А што далей?
— Калі такі загад будзе — далей рабі, што хочаш.
— Прысягу, значыцца, здымаеце з мяне?
— Здымаю… Калі не навек.
— Ну, добранька. Я знайду, што рабіць, падумаю.
— Ідзі.
Яны засталіся ўтрох.
— А ты рабі вось што, тысячнік. Адмовіцца ён, не адмовіцца — збірай усе сілы ды выводзь на тое месца, дзе зліваюцца лідскі і віленскі шляхі. Усіх, нават гандляроў, бяры. Яны яму гісторыі з рыбай не даравалі. Прымуць водкуп — ганіся, бі паасобку. Не прымуць, падыдуць туды — разбі іх. Гані і рэж да апошняга. А Хрыста цягні сюды.
Лоб у тысячніка здаваўся яшчэ ніжэйшы таму, што быў Карніла падстрыжаны пад гаршчок. Гэты лоб не моршчыўся. І раптам Карніла сказаў дзіўную рэч:
— Самі кажаце, Хрыста?…
— Ды гэта ж мы яго…
— Ну, вы… Раней аб'явілі. Пасля ўсе людзі паверылі. Дзіваў столькі нарабіў. Татар адлупасіў. Мяне два разы прагнаў. І Матка Вастрабрамская нічога з ім не зрабіла… І вось «хапай». Непарадак.
— Ты што, сябе з Маткай Вастрабрамскай раўняеш?
— Таксама сіла і я. Не бывала такога, каб мяне білі. А тут: на мурах — раз, на рынку — два, пасля бярозаўскага разгрому — тры… Не да ладу. Ды яшчэ і Матка… Непарадак. Нешта тут не тое.
— Ну, ты ж можаш яго пабіць.
— Дзіва што. Канонаў столькі. І адзін латнік з мячом, аркебузай, пулгакам усяго на чатырох сівалапых у палатніне. Тут і думкі не можа быць: першай коннай атакай, адной вагою расціснем, перакулім і яшчэ раз у блін расціснем. А толькі — непарадак.
— Шашок ты, — раззлаваўся Лотр.
— Ну і няхай. А загады сабе супярэчыць не павінны. Непарадак.
— Чакай, Лотр, — сябар Лайёлы ўсміхнуўся. — Ты, Карніла, мяне паслухай. Ты што, свяцей святога Паўлы?
— К-куды там. Ён ля Бога самога сядзіць.
— А Паўла між тым «дыхаючы пагрозамі і забойствам на вучняў Пана Бога».
Карніла пакутна моршчыў рот. Як гэта было цяжка. Чаго хоча ад яго гэты? Тысячнік, урэшце, дадумаўся.
— Дзе гэта? — недаверліва спытаў ён.
— Клянуся табе, што гэта так. Гэта дзеянні апосталаў, том дзевяты.
— Хіба што том дзевяты, — з палёгкаю сказаў тысячнік. — Слухаюся.
— Ідзі, — сказаў Лотр. — Будзе ўцякаць — не бяры жывога. Так нават лепей.
— Што ж, мае рукі ў крыві?
— Дурань. Чым болей ён для ўсіх — тым меней дзеля сябе, тым мацней, тым больш небяспечны нам.
Карніла нічога не зразумеў, і гэта, як заўжды, супакоіла яго. Ён кіўнуў.
— Таму вось табе загад: вязаць, забіваць усіх, хто прызывае імя Гасподне.
Гадзінай пазней Лотр і Басяцкі на чужых конях і ў звычайных ваўняных плашчах з капюшонамі, што хавалі амаль увесь твар, ездзілі па горадзе і прыслухоўваліся да таго, што гавораць.
Горад гудзеў, як вулей, у які нейкі гарэза кінуў каменьчык. Паўсюль спрачаліся, а сям-там справа даходзіла і да грудзей. Але паўсюль фонам размовы было:
— Мужычы… мужычы… мужычы Хрыстос!
І толькі вяртаючыся дамоў, на Старым рынку, калі замак быў рукою падаць, трапілі яны ў непрыемны пераплёт.
На Старым рынку лаяліся, лаяліся да зубоў і пены. Ішоў дыспут між маладзенькім бялявым шкаляром і мажным сівым манахам. Манах відавочна перамагаў. А ўбаку стаялі і з цікавасцю глядзелі на ўсё гэта людзі, якіх Лотр не любіў і пабойваўся ледзь не болей, чым ілжэ-Хрыста, што зараз ішоў на горад.
«З тым ясна, махляр, бунтаўшчык, і ўсё, — думаў Лотр. — А хто гэтыя? Хто гэты юнак Бекеш? Ён багаты, бач якая рука! Што прымушае яго з пагардай глядзець на цудоўна ўладкаваны свет? І хто гэты Кляонік, што стаіць побач з ім? Разьбяр багоў, пачэсная работа. Што яму? І што гэтаму Альбіну-Рагвалу-Алёйзе Крыштофічу ў францысканскім белым плашчы? Мяцежнікі? Ды не. Бязбожнікі? Пакуль, здаецца, не. Чаму ж яны так непакояць? Можа, таму, што ад гэтых ухвалы не дачакаешся, што яны бачаць усё, што кожная дзея высокіх людзей для іх — да апошняга дна зразумелы, малапачцівы фокус? А можа, таму, што яны ўсё разумеюць і ўсё раз'ядаюць сваёй думкай, нібы царскай гарэлкай. Нават золата багатых. Так вось гэта, відаць, і самае страшнае. Думаюць. І ўсё, што было дагэтуль, не вытрымлівае, па гэтай думцы, ніякай крытыкі, не можа быць фецішам. Адзінае бажышча — чалавек, якога пакуль няма. Ну, а калі ён, чалавек, іхнімі намаганнямі і верай ды дарасце да такога бажышча?! Падумаць страшна. Памяць знішчаць. Магілы аплююць».
Бес асцярожна аддзяліўся ад Лотравай спіны і знік. Кардынал стаў слухаць.
— Дык вось, — «дабіваючы», сказаў манах. — Калі папа Ян XXІІ казаў, што за забойства бацькі і маці чалавек плоціць у канцылярыю 17 ліўраў і 4 су, а забіўшы біскупа — 131 ліўр і 14 су; ён не казаў гэтым, што можна забіваць бацьку ці біскупаў, а проста паказаў цёмнаму народу ў адзіна зразумелы для яго спосаб, што такое людзі плоці, хаця б і самыя дарагія, і што такое людзі духу, людзі вышэйшай ідэі.
Шкаляр маўчаў. Ён не ведаў «Кодэкса апостальскай канцылярыі», якому было дзвесце год.
— Нават тупыя мазгі хама могуць зразумець такі просты спосаб ацэнкі, — трыумфальна агалашаў манах. — Вось што такое плоць і што такое душа!