Выбрать главу

Зноў уразілі яго абліччы ўнізе. Не маскі, не сцёртыя праявы — твары, аблічча. І вочы з нязвыклым ім самім выразам, прыўкрасней за якіх не было нічога на свеце.

— Не люблю слоў халодных, як вяршыня ў снезе. Але як мы на вяршыні гары — хай будзе й казань нагорная. Калі ўжо так крычалі аб непатрэбным.

Ён узняў у паветра баявую сякеру — гізаўру.

— Блажэнны вялікія і добрыя духам, якія б малыя яны ні былі.

Агонь скакаў па лязе.

— Блажэнны тыя, што плачуць па сваёй зямлі, няма ім суцяшэння… Блажэнны тыя, хто ахвяруе людзям кроў сваю і свой гнеў, таму што на рахманых ездзяць.

Медзяныя ці бронзавыя ад агню твары, шуганне зыркіх языкоў і лес дзід. І ў паветры — чалавек з узнесенай гізаўрай.

— Блажэнны міратворцы, калі не прыніжаны чалавек… Блажэнны выгнанцы за праўду… Блажэнны, калі выходзіце са зброяй за просты, бедны люд і падаеце… Таму што тады вы — соль зямлі і святло свету. Любіце і мірыцеся. Але і ненавідзьце тых, хто замахваецца на вас і вашу любоў. Мячом, занесеным над моцнымі, над хцівымі, над забойцамі праўды, дайце ўсім простым мір. І як спытаюць, нашто прыйшлі, адкажыце: адпусціць змучаных на свабоду, рабоў — з ланцугоў, бедных — з халуп, мудрых — з турмаў, гордых — з ярма.

Ён гаварыў няголасна. Але чулі ўсе. Перадсвітанкавы змрок пачынаў радзець. Святлела на ўсходзе. Ляцелі з абозу свежыя, рэзкія галасы пеўняў.

— А цяпер хадзем, — сказаў ён. — Ідзіце як мага цішэй.

У гэты момант ён убачыў, як вочы людзей нібы цьмянеюць, глядзяць некуды з прадчуваннем нядобрага. Пасля пачуў хрыпатае, гартаннае карканне.

Ад пушчы цягнулася на кармленне велізарная, як вокам акінуць, чарада крумкачоў. Якраз над табарам. Густая, зменлівая чорная сець.

— Чуюць, — сказаў нехта. — Нас чуюць. Кепска.

Яму не хацелася, каб згасла тое, вышэйшае, прыўкрасней за якое не было на зямлі, тое, што ён бачыў у гэтых вачах. Каб згасла ад глупства, ад палёту небывала вялікай чарады вугальна-чорных птушак. Гэта было так падобна на тое, калі б сціснуўся, пачуўшы крумканне, цёмны звер: «Нехта ідзе, крочыць нешта нязнанае, перад чым мы павінны затачыцца ў нетры».

І таму ён узняў гізаўру і загарлаў, сам адчуваючы, як раздзімаецца ад крыку шыя:

— Птушкі! Збірайцеся на вялікую вячэру Божую! Каб пажэрці трупы цароў, трупы моцных, трупы тысячаначальнікаў, трупы коней і тых, што сядзяць на іх.

Адказам быў крык. Дрыжэла ў паветры зброя, рухаліся мускулы на голых грудзях, узляталі магеркі з ільняных, чорных, залатых галоў. Узносіліся ў паветра авальныя шчыты.

Пасля ўсё сціхнула. Пачуўся шолах травы пад тысячамі асцярожных ног.

Раздзел XLІ. «Вось мой народ, як ільвіца, ўстае…»

Уздайце ёй так, як і яна ўздала вам, і ўдвая ўздайце ёй па справах яе… Колькі славілася яна і раскашавала, столькі ўздайце ёй пакут і гарот. Бо яна кажа ў сэрцы сваім: сяджу царыцаю, я не ўдава і не ўбачу гароты… І ўсплачуць, і ўзрыдаюць аб ёй цары зямныя, што распуснічалі і раскашавалі з ёю, калі ўбачаць дым ад пажару яе.

Апакаліпсіс, гл. 18, ст. 6, 7, 9

Шырокае, трохі спадзістае поле канчалася лагчынай і пасля зноў трохі ўзвышалася. На гэтым узвышшы цьмяна блішчэлі, чырванелі, залаціліся рознакаляровыя мазкі. Стаялі коні, закутыя ў жалеза, і сядзелі на іх такія самыя, жалезныя, коннікі. Абвісала барва, золата і бель сцягоў. Коннікаў было многа, да жудасці многа. Трохкутныя і авальныя сталёвыя шчыты, султаны, дзіды, залатыя — а болей варанёныя — латы.

Наперадзе ўсіх узвышаўся Карніла, падобны на помнік самому сабе.

Лагчына перад імі была глыбока-зялёная — аж сіняя — пасля нядаўніх дажджоў. Нават босаму хлапчуку было добра вядома, як прыемна спружыніць на такіх месцах пад пяткай зямля. Але гэтыя ніколі не хадзілі босыя. Карніла спадзяваўся, што мужыкі не насмеляцца палезці на конны, жалезны строй: убачаць і адступяць.

Іншая гурма, расцягнутая на мілю, калі не больш, стаяла вышэй, за лагчынай, на полі. Белая палатніна, турынай скуры шчыты, доўбні, бусакі, прашчы. Карніла не ведаў, што яны рыхтуюцца нападаць. А нават каб і ведаў, не паверыў бы.

Ад гэтай гурмы аддзяліліся і пачалі спускацца па схіле Тадэй і Іуда. Крычалі нешта. Панскае войска змоўкнула, і тады Карніла зразумеў: ярыльшчыкі.

— Гэй, касаротыя! — гарлаў Лявей. — Гэй, гародзенцы-гракі! Смала чарнамазая! Азадак шылам! Святога Айца на кныра змянялі!

Абразы былі агульнавядомыя і таму страшныя. Ланцуг абаронцаў выбухнуў ярасцю.

— Хамы! — наліўшыся крывёю, крычалі з яго. — Мужыкі! Галовы лубяныя!

— Паны! На саломе спіцё — зубамі ішчацеся!

І тут страшны, нетутэйшы лямант абарваў пералай.

— Басякі! — крычаў Раввуні. — Каб вы, як свінні, толькі мёртвыя на неба глядзелі, каб вы, як свяцільня, кожную раніцу згасалі, каб вы пустыя заўжды былі, як вашыя вацкі, як сабачая міска ў дрэннага гаспадара, у сабакі гэтай, Жыкгімонта!!!

— Іудзей, — сказаў нехта.

— Гэй, — здзекліва кінуў Карніла, — пачым зямля гаршчэчніка?!

— Табе такі гэта трэба ведаць, калі ўжо Хрыста прадаць сабраўся.

Сёй-той у жалезных шэрагах апусціў галаву. І тут Лявей зрабіў тое, што перапоўніла чашу цярпення. Ён працягнуў руку, і на далоні ягонай невядома скуль з'явілася зайчанятка. Ён апусціў яго, і яно лупянула ўздоўж поля — ратавацца.

— Вось! Пазычце ў яго мужнасці!

Карніла зароў і падаў знак. Войска спусцілася ў шырокую лагчыну. Сакавіта зачмякала пад капытамі коней. Перад жалезнымі ляжала вялікае поле, і па ім скакалі да войска два коннікі ў лёгкіх кальчугах з пласцінамі і наплечнікамі: Братчык і Фама.

— Гай! Гай! Давай дваіх на паядынак.

Карніла крэкнуў, зірнуў на сотніка Пархвера:

— Га?

Пархвер кіўнуў галавою.

Братчык на белым кані і з лёгкім мячом ды Фама на рыжым круціліся перад імі, дражнілі. Чакаць доўга не давялося. Насустрач ім памчалі Карніла і на грузным біцюгу волат Пархвер. Карнілаў конь быў вараны, Пархвераў — вараны з белымі палосамі, грываю і хвастом.

Пагрозна былі нацэлены дзіды, лямантавала і калацілася пад капытамі зямля. Коннікі імчалі, цяжкія і страшныя, як брантазаўры, на конях, закутых у сталь. Братчык убачыў, што конскія ногі вышэй бабак у панчохах гразі, падміргнуў Тумашу.

— Хай пастаяць астатнія, пакуль мы тут біцца будзем.

Ярыльшчыкі паспешна рэтыраваліся, і ніхто іх за гэта не асуджаў. Яны сваё зрабілі, прыйшла чарга больш сур'ёзнай справе.

Горы жалеза ляцелі на мужыцкіх байцоў, і ў радах абаронцаў горада трыумфальна завылі, загалёкалі. Ясна было — канец. У адным Пархверы сажань і шэсць дзюймаў. І тут здарылася нечаканае. Калі жалезныя былі ўжо зусім блізка, Тумаш і Хрыстос паставілі коней дыбам, павярнулі іх у паветры і шэнкелямі прымусілі зрабіць скачок у бакі. Дзве гары, з разлёту, прамчалі паўз іх. Юрась умудрыўся дагнаць Карнілу і плазам мяча ляснуць яго па жалезным азадку. Загуло. Зарагатала мужычае войска. Узлаваны Карніла паспрабаваў зрабіць тое, што не дазвалялася і што было памылкаю: цераз плячо, як латай, агрэць праціўніка дзідаю. Юрась перахапіў яе і, выдзершы, кінуў на зямлю.

Карніла схапіўся за меч. Цяпер ён не меў перавагі адлегласці і вагі, як тады, калі меў дзіду. Цяпер ён быў у пройгрышным стане: мячы былі аднолькавай даўжыні, а вораг быў больш рухомы. Заставалася спадзявацца на непрабіўны міланскі панцыр.

Дзве пары ваякаў біліся сярод поля, і тысячы вачэй глядзелі на іх.

— Ану, ану, — задорыў Фама. — Дав-вай, сабачая костка. Дзе табе!.. Мы… ад Усяслава.

— Я сам… ад Усяслава, — рохкаў Пархвер.

— Ад шашка ты, а не ад Усяслава. Ад тхара і свінні.

Пархвер сапраўды пацеў. Але Фаме даводзілася цяжэй. Нягледзячы на вялізную сілу і вагу, перад сотнікам ён быў драбнаваты.

— Хам!

— Сам хам!