Выбрать главу

Ляскалі мячы. Праменні заранкі гулялі па латах. Усё гэта нагадвала вясёлую і жудасную гульню.

— Трым-майся, Хрыстос.

— На, табе.

— Гы-ых! — адбіў удар мячом Карніла.

— Добра, што ты стралу выняў, — выскаляў зубы Юрась. — Нязручна было б з ёю… на… кані.

Мячы звінелі ўтрапёна. Карніла шумна выдыхаў і лаяўся.

— Жартуеш груба, — кінуў Хрыстос. — Мазгі ў цябе курыныя.

— Вернаму… мазгі… без патрэбы.

— Дык я іх табе зараз… зусім вышыбу.

Няўлоўным выпадам ён адбіў Карнілаў меч і ашаламіў тысячніка. Той крутануўся і грузна, цяжка ахнуўся аб зямлю. Не мог устаць. Юрась схіліўся, падхапіў з зямлі дзіду і паднёс востры канец да грудзей таго, хто ляжаў. Войскі ахнулі.

— Трымайся, — сказаў Хрыстос. — Уставай.

Карніла ўстаў і крыва пайшоў, сам не ведаючы куды. Жалезныя яшчэ падаліся наперад: вызваляць вожа, спусціліся амаль усе ў лагчыну. З іхніх радоў паказаліся пашчы канонаў. Іх цягнулі, і колы іхнія па калодку загразлі ў зямлі.

Юрась некалькімі пляскачамі дзідай накіраваў Карнілу ў патрэбны бок і стаў глядзець на Тумаша. Той біўся адчайдушна, але ўдары волата былі страшныя — двухручны Тумашаў меч кожны раз адлятаў за спіну.

Карнілу ўрэшце адцягнулі да сваіх. Ён, апрытомнеўшы, крычаў, загадваў нешта. З ім спрачаліся. І ўсё ж з іхняга боку раптам раўнуў адзін канон: помста рухала тысяцкім.

Над галовамі байцоў праляцела ядро, узарала зямлю перад мужыцкім войскам.

— Гэй, — крычалі адтуль. — Двабой не скончан! Гаршкі кідаць будзем!

Пасля адтуль даляцеў ляск: мужычая катапульта кінула гаршчок з гразёю — на знак папярэджання… Карнілу схапілі за рукі, угаворвалі.

Але вынік усяго гэтага сказаўся адразу ж. Быў ён толькі нечаканы. Гаршчок недалётам — відаць, не адрэгулявалі нацяжку жыл катапульты — упаў проста на галаву Пархверу, і тая засела ў ім.

— Гэй, кум, памагчы, ці што? — спытаў Фама.

Ударыў злёгку па гаршку, раскалоў яго. Па шалому, па твары, па вусах волата плыла вадкая гліністая гразь.

— Умыўся б, ці што.

Вялізныя сінія вочы Пархверавы загарэліся неўтаймаванай ярасцю. Ён узнёс двухручны меч і слепа апусціў яго. Тумаш ледзь паспеў паставіць свайго лёгкага каня дыбам, і лязо ўторкнулася глыбока ў зямлю. І тады Фама даў ворагу спрытнага выспятка ў адстаўлены азадак. Пархвер вылецеў з сядла. Рогат пакаціўся над полем. Пераможцы памчалі да сваіх.

Карніла ўзняў руку ў жалезнай пальчатцы і апусціў яе.

— Рушай!

Адбылося лёгкае замяшанне. Чвяканне далятала адусюль.

— Коні загразнулі, — сказаў нехта. — Не паспеем выбрацца і ўзяць рад.

— Чорт! — сказаў Карніла. — Халера! Каноны на лінію!

Пачалі цягнуць каноны. Але натоўп на грывах прыйшоў ужо ў рух, паплыў уніз, як белая лава. Павольна і грозна. Гарматныя майстры спяшаліся, але цяжкія каноны завальваліся, паказвалі хобаты небу.

…І раптам тысячы глотак зацягнулі дзікі і суровы харал.

Пан Бог цвярдыня. Цвярдыня мая. Узняў ён далонь маю. Як Давід на Галіяфа Узняў.

Ногі ў поршнях тапталі верас. Раўлі над галовамі дуды, але галасы заглушалі іх. Павольна, вельмі павольна, у лунанні зброі над галавою, плылі мужычыя гурмы, нібы па лінейцы адрэзаныя спераду.

Вось мой народ, Як ільвіца, ўстае. Смелы, Ён не ляжа, Пакуль не нап'ецца варожай крыві.

Суровыя, як абпаленая гліна, былі твары старых. Суровыя, аліўкавыя ад загару твары маладых. Сурова і страшна і ўсё вышэй лунаў харал:

Як ільвіца, ўстае І, як леў, уздымаецца. Пан Бог над намі. З намі ў гневе, У гневе Наш народ.

Ускінулася над галовамі белая з золатам і пурпурам харугва-сцяг.

Дзеці Юр'я святога, Дзеці яго ўдзела, Біце, забівайце. Не шкадуйце, Не шкадуйце Ворага.

І раптам гэты павольны, як лава, паток выбухнуў рыкам, пакаціўся з неймавернай, усескрышальнай хуткасцю. Лес зброі ўсё вырастаў над ім, усё бліжэй былі звар'яцелыя ад гневу абліччы. Час прыйшоў.

— А-а-а! Юры! Юры! Край! Край!

Раўнулі насустрач ім каноны. Круглыя белыя хлапякі дыму расплыліся ў туман. Але было позна. Гурма бегла і вырастала, бы ў сне. Наляцела. Затапіла. Узнесліся бусакі, пачалі хапаць коннікаў і вырываць іх з сёдлаў на зямлю, з якой яны, цяжкія, амаль не маглі ўзняцца. Паляцелі стрэлы і камяні. Заляскалі доўбні і цапы па жалезных шаломах.

І пайшла малацьба.

Праз нейкія дзве гадзіны на лагчыну спускаліся крумкачы. Бой у тых ачагах, дзе ён яшчэ віраваў, аддаляўся на захад, да муроў Гародні. Але большая частка жалезных адыходзіла з месца сечы, прышпорваючы коней, і гурмы пераможцаў імкнулі за імі.

Варта паспела ўсё ж прапусціць сваіх і зачыніць браму. Але каваль Кірык Вястун загадаў выкаціць на лінію каноны і страляць. Пасля кароткай кананады палавінкі варот разам з вялікім кавалкам даўно не рапараванага муру разбурыліся, рассыпаліся, грукнулі аб зямлю. Хмара пылу ўстала над уломкамі. Варта спрабавала была бараніцца на руінах, і тут на яе, з тылу, напала ўзброеная гурма мяшчан. Наперадзе іх арудавалі Зянон і залатарукі Ціхон Вус. Сціснутыя між молатам і кавадлам, людзі варты ледзь паспелі выбрацца Страменным завулкам, а пасля Старой вуліцай да замка і там далучыцца да войска, кінуўшы на зямлі палову сваіх людзей.

Іліяш пагладзіў белага Братчыкавага каня.

— Шкада, няма ў нас аслоў, — сказаў Тумаш. — Дзеля поўнага, значыцца, падабенства.

— Аслоў больш чым трэба, — крануў каня Юрась. — Ды яны самі вярхом ездзяць.

Хмара пылу радзела. І праз яе мяшчане ўбачылі конніка, што ўступаў у горад. Нізкае яшчэ сонца німбам стаяла за ягонай галавой. Гарлаў, крычаў узброены народ з галінамі ў руках.

— Страшна падумаць, — ціха сказаў Іуда, — што гэта было б, каб ты зараз надумаў мярзотнікам зрабіцца. У-у!

— А яны, мярзотнікі, усе калі-небудзь вось так імі рабіліся, — коса ўсміхнуўся Хрыстос.

Варта і войска між тым біліся перад замкавым мостам. Ім было цяжка. З дахаў кідалі паленні, камяні, здохлых кошак. Свісцелі, галёкалі. Напіраў на іх узброены натоўп.

З-за муроў даляталі томныя, анёльскія галасы, і таму ваякі біліся звар'яцела: «Значыцца, нас не кінулі, значыцца, правадыры — там».

…А між тым у замку не было ўжо амаль нікога з вялікіх асоб. Гадзінаю раней, як толькі Хрыстос уступіў у горад, усе духоўныя члены рады, войт і пара магнатаў пад аховай дзесятка ваякаў спусціліся ў падземны ход і, па вадзе, пабрылі па ім да выхаду, што знаходзіўся за гарадской мяжой, можа, у нейкай тысячы сажняў ад замка. Яны кінулі большасць свецкіх багатыроў і нават бурмістра Юстына: не было часу паклапаціцца аб іх.

У горадзе таемна застаўся адзін Фларыян Басяцкі: рыхтаваць гандляроў у горадзе.

Астатнія правіліся ў Ваўкавыск за падмогай.

А сеча ля брамы замка віравала. Віселі на дзідах, білі бярвеннямі ў палавінкі, і муры калаціліся. Падалі камяні на ўзнятыя над галовамі шчыты. Секліся на зубцах, і паперадзе ўсіх трос пузам Тумаш.

Іншыя між тым выбівалі дзверы цэркваў і касцёлаў, ірваліся туды. Скураныя поршні ўдарамі адчынялі алтары, сякеры расколвалі дараносіцы. Гнеў і жаданне знішчаць усё гэта былі вышэй за прагнасць. І таму рукі колеру зямлі з трэскам раздзіралі рызы, рабілі з іх анучы. Не абышлося і без пабояў, якімі адзначылі асабліва ненавісных і прагных расафорнікаў.

Урэшце выбілі браму замка і ўдзерліся ў яго. Беглі пераходамі, секліся, цягнулі з пакояў людзей, апранутых у парчу. Купка людзей падымала з каменных мяхоў вязняў. Падымала, завязаўшы вочы, нібы коней з шахты, каб не аслеплі.

І ўрэшце людскі натоўп уваліўся ў тронны зал. Палалі паходні, і мужыкі спыніліся, уражаныя. Перад імі, па ўсёй падлозе, былі рассыпаныя адзенні, кубкі, адчыненыя скрыні, неацанімая зброя. А ля вышняга месца стаяў у белай сарочцы і чорнай чузе — падрыхтаваўся — бурмістр Юстын.