Выбрать главу

— Бярыце, — сказаў ён. — Мёртваму нічога не трэба.

Якраз у гэты момант каваль Кірык Вястун у замкавай капліцы скінуў ударам гізаўры на падлогу разубранага ў золата васковага Хрыста. Той усміхаўся, лежачы на спіне.

— І тады так усміхаўся! Ід-дал!

І наступіў поршнем проста на васковы твар, змяў яго.

Раздзел XLІІ. Мужыцкі Хрыстос

Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку.

Мацей, гл. 28, ст. 20

Я прыйшоў да тых, чыя ежа — зямля,

Да тых, каго слухаюць толькі быкі,

Да тых, каго кіем б'юць на палях,

Чыё рабства — вякі, чыё царства — вякі.

Егіпецкі гімн
Слова двух сведкаў

«І так вось узялі Гародню. Без вялікай крыві, а і хутка. Таму што многія чакалі. Былі, вядома, і такія, што на тварах усмешкі, а ў вачах злосць, але менш было іх.

І пачалі разбіраць людзі мяхі са збожжам і на вазкі котчыя класці. А храмы разбілі, не парабаваўшы. А багатых, а нялітасцівых павялі на Нёманаў бераг, дзе заўсёды шыбеніцы стаялі, вешаць каб.

Не ведаем мы, адкуль тут Анея ўзялася. Хто кажа: сама з вежы, дзе сядзела, уцякла, па вяроўках, з сенніка зробленых. Хто кажа: адбіў нехта вязніцу дый выпусціў.

А і іншы слых быў, нібыта кат з паплечнікамі прыйшоў канчаць з ёю і пра апошняе жаданне спытаў. Ну, яна і папрасіла клеткі ёй паказаць ды сказала, што загадзя яго за працу ягоную дзякуе. Той расчуліўся, усё паказаў, а пасля клетку паказаў найлепшую. Сам чалавек зразумее калісь, што так царкве з ім зручней за ўсё. І тады ўсе людзі па добрай волі сваёй увойдуць у такія клеткі хадзячыя, зачыняцца дый хадзіць будуць. Знутры колькі хочаш адчыняй, ды толькі веруючы клетачнік на гэта не пойдзе. А знадворку не адчыніш, бо гэта ўжо будзе замах на свабоду волі таго, хто сядзіць. Ён бо свой абавязак разумее і з клеткі не выйдзе. У розум канчаткова ўвайшоў таму што.

І нібыта Анея папрасіла ўсіх адвярнуцца, бо маліцца будзе, а сама скочыла ў тую клетку і зачынілася. Тыя просяць, каб выйшла, а тая моліцца здзекліва, язык паказвае ды кажа, што яна якраз і ўвайшла канчаткова ў розум. І тады тыя вымушаны былі кінуць яе ў сутарэнні і ўцякаць, бо ўварваўся ўжо ў замак народ.

Не ведаем мы, як і верыць таму. Адно ведаем: на судзілішчы была ўжо яна побач з Хрыстом. Толькі і гаворыць яму: «Ты ішоў?» А ён ёй: «Я ішоў». А яна зноў: «Ты ішоў? Як жа доўга ты ішоў».

А мы вакол стаім ды плачам.

Ката ж таго схапілі на вуліцы. І крычалі: «Вось ён, клетачнік! Вось, душадзёр!» І як ён ні гарлаў, што «дзякуй сказалі б», што «катаў нельга ў клетку», што «яны ўсім прыдатныя, каты», запхнулі яго ў клетку і пагналі сваёй хадою, як труну павапленую, да Нёмана. Хлапчукі ж беглі за катам і шчыкалі яго за ногі».

Хрыбтамі стаялі над Нёманам чорна-шызыя навальнічныя хмары. І па ўсёй дузе берага стаялі незлічоныя глаголі шыбеніц, а трохі адступіўшы ад іх, варушыўся народ. Скакала ў паветры полымя, і аднекуль наносіла дымам. Таму нехта, каб не закураў белы Хрыстоў хітон, накінуў яму на плечы нечы чорны з золатам плашч. Братчык стаяў на ўзгорку. Анея сядзела, прыціснуўшыся да ягоных ног, а трохі ніжэй стаялі апосталы.

Мяшчане і мужыкі гналі паўз іх скручаных. Твар Братчыкаў пасля апошніх падзей страшэнна змяніўся, стаў сухі, з праваленымі шчокамі. Ашклянелі вялізныя вочы. Ён разумеў, куды ён трапіў, які цяжар рашэнняў ускінуў на свае плечы. Ведаў, што ягоныя вочы, вочы сведкі, могуць убачыць смерць двухногіх, асуджаных ім самім.

Ён не хацеў гэтага. Але ён ведаў, што нічога не здолее зрабіць, калі смерці вось гэтых, схопленых, пачне патрабаваць люд. І тады вяртання да чысціні не будзе.

Перад ім паставілі бурмістра Юстына. Вочы ягоныя цяпер не гарэлі вуголлямі з-пад у скобку падстрыжаных валасоў. Яны нібы згаслі, але глядзелі мужна.

— Нашто дазволіў папам правіць старой радай і горадам?

— Яны прыйшлі з каралеўскім войскам, — цвёрда сказаў Юстын. — І рада здалася. Я не хацеў больш за ўсіх. Але я чалавек. Я слабы.

— Брэшаш, пёс, — сказаў Юрась. — Ты вось на гэтых зірні. Вось слабасць чалавечая. Выкінулі вас, як гной са стойла.

Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі і адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар не ўсміхнуўся.

— Яны яшчэ прыйдуць. Хутка, — хутчэй з сумам, чым з пагрозай, сказаў ён.

— Я зачыніў усе брамы. Зныня зямля Гародні — зямля справядлівасці.

— Ці надоўга?… Але… мне шкада, што я не здолею паглядзець, як гэта будзе.

— Чаму?

— Таму што — а раптам чалавек не такая свіння, як я думаў.

— Добра, — пасля паўзы сказаў Хрыстос. — Развяжыце яго.

— Дарэмна ты гэта. Я б забіў. Таму што, калі яны вернуцца, я ж буду такі, як раней.

— Ну і шчасліва. І, потым, я не ты.

Бурмістр павесіў галаву.

— А гэтых — на шыбеніцы, — злосна сказаў Пятро.

Хрыстос глядзеў на людзей і з нейкай палёгкаю бачыў у іхніх вачах збянтэжанасць.

— Ну… гэта… чаго вы? — спытаў дурыла Піліп.

З маўчання пачалі вылузвацца асобныя гукі.

— Чорт яго…

— Не даводзілася.

— Ты сабаку паспрабуй павесь.

— Ды няхай бы, хто можа. Вось ты, Янук.

— Ідзі ты ведаеш куды… Вось-вось.

Братчык пакасіўся ўніз. Чорныя з сінявою вочы з пострахам глядзелі то на яго, то на шыбеніцы. Нехта захутаў Анею, разам з лахманамі манашага адзення, у сваю шырокую чугу.

Яна глядзела ўмольна, але Юрась чакаў.

— Разарваць іх! — крыкнуў нехта. — Бог ты мой, ды няўжо чалавека не знойдзецца?!

Але чалавека нешта не знаходзілася. Кожны, хто стаяў тут, сёння рызыкаваў сабою, біўся і забіваў, і, напэўна, забіў, калі ўжо стаяў тут жывы. Але звязаных вешаць не хацелася нікому. І Хрыстос усё з большай цеплынёю аглядаў гэтыя абліччы. Так, ён не памыліўся. На гэтых закураных, пасечаных, зморшчаных галечай тварах былі вочы. І ў гэтых вачах было столькі таго, што нагадвала вочы тых, з ягонага сну. Ён разглядаў гэтыя твары. На хвіліну яму здалося, што мільгануў між іх твар Басяцкага, але ён адразу ж зразумеў, што памыліўся: гэта проста размаўляў з дробным гандляром — мяркуючы па вопратцы — нейкі нямецкі госць.

— Дык унь жа кат! — раптам радасна загарлаў нехта. — Вось няхай ён!

Кат стаяў у сваёй клетцы і паступова зноў набіраўся пыхі:

— А чаго, я магу. Клетку толькі разбіце. Я чаму і кажу, што кату нельга ў клетцы.

— Можаш павесіць іх? — з абрыдлівасцю спытаў Братчык.

— Дык… Пане Божа. Служба ж такая. Фах.

Братчык бачыў, як дрыжэлі вейкі Анеі.

— Праца, зноў жа, — меланхалічна сказаў кат. — Таму што не можаць етага на нашай зямлі быці, каб не было ў ката шырокага кола знаёмстваў, і высокіх і нізкіх. І, зноў жа, не было такога ўладара, каб абышоўся без ката.

Хрыста перасмыкнула.

— А не было… наколькі я ведаю.

Сціснуліся ў кулакі пальцы. Вялікім намаганнем волі ён стрымаўся, не ўдарыў. Вось і гэты лічыць…