— Нічога няма цудоўнага, — уздыхнуў сівавусы. — Разлайдачыліся. Спакой. Нібы і не ваўкі вакол.
Ля перадмостнага пляца людзі вадзілі вакол вогнішча кола. Чуўся смех.
Хрыстос засмяяўся:
— Змрочны ты чалавек. Ну, што табе ў гэтым? Зірні — унь варта на мурах. Брама ахоўваецца — мыш не праскочыць.
— А я табе кажу — спяць занадта спакойна. Ложкі грэюць.
— Хай спяць да нападу.
— А ты падумай, як нашы папы з аточанага горада ўцяклі?
Юрасёва аблічча выцягнулася. Ён усё не мог звыкнуць да падазронасці.
— Ч-чорт! А можа, яны і не ўцякалі? Трэба заўтра патрэсці і замак і багатыя дамы.
— Трэба, брат. Што і кажу.
Насустрач ішоў з паходняй патруль. Размінуўся з імі ля самага дома, адведзенага Братчыку, невялікай хаткі на рагу Ростані і Малой Скідзельскай.
— А мне чамусьці страшна за цябе, — нечакана сказала Анея.
— Змоўч, — буркнуў Тумаш.
— Вечна гэтых бабскіх глупстваў… — загарачыўся Іуда. — Вось дом. І халодна. Хадзі ты туды. І ў нас-ткі справы. І ён прыйдзе.
— Ідзіце, хлопцы. Я вас даганю.
Яны засталіся ўдваіх. Якраз у гэты момант замігцела над горадам першая зорка. То белая, то сіняя, то вясёлкавая.
— Нікуды ад цябе не хачу, — сказаў ён. — І ў рай не хачу. Абы тут. З табою.
— І я…
— А я хто?
— Былы махляр. Найлепшы на свеце махляр. І няхай нават не можаш сказаць ім гэта. Усё адно.
— Позна. Не павераць. Дый ці не ўсё адно?
— …З Богам было б горш. Божа мой, гэтыя два тыдні! Нібыта ўся я — ты.
— І я. Раней здавалася — мне мала зямлі. Цяпер я свет бласлаўляю, што нічога ў мяне няма, акрамя яе, акрамя цябе.
Ён увесь прынікнуў, прыціснуўся да яе. І так яны стаялі, няўлоўна пагойдваючыся, пад гэтым небам, што ўсё мацней і мацней расцвітала зорамі.
Ворагі між тым былі не так далёка, як думалі ў вольным горадзе. На жаль, прыказка: «Я пад табою на тры сажні бачу» — заставалася ўсяго толькі прыказкай. Калі б Юрась валодаў такой якасцю і мог прабіць позіркам пласт зямлі і каменнае абліцаванне падземнага хода — ён бы ўбачыў відовішча, якое кінула б яго ў жудасць.
Убачыў бы ён, што ў тым месцы, дзе падземны ход утвараў невялічкую пячору і разыходзіўся на некалькі хадоў — да замка, да ратушы, да драўлянага, з галерэямі, лямуса на Рыбным рынку, — стаіць і чакае маўклівая гурма, збольшага ў латах. Ваўкавыская падмога.
Стаялі Лотр, Балвановіч, грубы Камар, Жаба, Карніла з Пархверам. А за імі, у цьмяным святле некалькіх паходняў, мігцела медзь шаломаў і сталь мячоў. Лотр аддаваў апошнія загады:
— Будзеце рэзаць. Без галасу. Хапком.
— Ясна, — сказаў Камар. — Гульня наша не задалася. Дык тут ужо — карты пад стол ды па зэмбах.
— І ты, Карніла, пойдзеш і схопіш яго і прывядзеш у ланцугах.
— Няладна, — змрочна забубніў Карніла. — Ён жа зняў ланцугі з паноў. Нешта не верыцца, каб гэта — злачын…
— Дужа ты разумееш, — сказаў Балвановіч. — Таму і страшны, што зняў.
— Зроду такога не было, — задуменна сказаў Лотр. — Гэта што ж будзе, калі ўсе так рабіць пачнуць?… І таму пойдзеш. Клятву даваў?
— Даваў, — змрочна сказаў Карніла. — А толькі няладна. То — Хрыстос, то — самі ж — самазванец.
Усмешка Лотрава была страшнаваценькая:
— А гэта заўсёды так. Сёння — князь, заўтра — гразь. Заўзятых, хто памятае, пераб'ём…
— А памяць? — буркнуў Карніла.
— Памяць, калі над ёй сякера, гэта глупства, — падаў голас Пархвер. — Хай памятаюць. А дзеткам іншую памяць прышчэпім: шалбер, злодзей, хаты паліў, краў.
— А татары?
— Усё запісана, як трэба, — усміхнуўся Лотр. — Ну і потым… суд. Таму і забіваць нельга. Раз судзілі, раз асудзілі — значыцца вінаваты, значыцца лжэ-Хрыстос. Каму там прыйдзе ў галаву сумнявацца праз сто год? А гэтых прымусім паверыць. Колькі ў цябе людзей?
— Семсот з нечым. А — непарадак. Столькі дзіваў зрабіў. Ведаюць, што Хрыстос, а мы… А можа, і…
— Дурань. Чым больш ён Хрыстос, тым больш шкодны. І таму — забіваць усіх, хто прызывае імя Божае.
…Ворагі былі не толькі пад зямлёй. У цёмным завулку ля Ростані Басяцкі, пераапрануты нямецкім госцем, гаварыў з Хлебнікам і яшчэ некалькімі гандлярамі:
— Зараз пойдзеш да лямуса і ўдарам у пліту папярэдзіш, каб вылазілі і разыходзіліся па месцах. Паходні гатовыя?
— Гатовыя.
— Крыжы на рукавы нашылі?
— Нашылі. Іначай чорт яго разбярэ, хто свой, а хто чужы. Сутычка ж.
— Сігнал — агонь на пераходзе ад дамініканскай званіцы. Па ім ідзіце, біце ўсіх у мечаных дамах. Дзе крыж на браме ці на дзвярах.
— Шасціканечны?
— Буду я паганскую эмблему крэсліць. Наш. Чатыры канцы. І ўлічыце: не выпускаць жывых.
Хлебнік змрочна ўсміхнуўся:
— Гэта мог бы і не папярэджваць, бацька. Нам такі Хрыстос — на якога д'ябла? Усё вымеў. З васковым унь як спакойна было.
— Таксама піці-есці прасіў, — сказаў Рыбнік. — Ну дык гэта не тое. Хаця другім не даваў. Дык мы на яго, як на мядзведзя, адным махам.
— Ойча, — сказаў нехта. — А як на вуліцы чалавека сустрэнеш? Як даведацца, ці ерэтык.
Сябра Лайёлы ўсміхнуўся.
— А на гэта ўжо Арнольд Амальрык адказаў. Калі ў Францыі ерэтыкоў білі.
— Ну?
— «Забівайце, забівайце ўсіх! Бог сваіх пазнае!» Вас колькі?
— Нешта чалавек пяцьсот, — сказаў Хлебнік, гуляючы кордам. — Н-ну д-добра, ойча. Мы гэтай сволачы пакажам рыбы ды хлябы.
— Давайце, сыны мае. Кліч усе ведаюць?
— Вялікдзень, — сказаў нехта з цемры.
…Хрыстос між тым дагнаў сваіх. Усе ўтраіх яны ішлі вуліцамі соннага горада. Ноч выдалася нечакана гарачая, можа, апошняя такая перад прыходам восені. Таму людзі спалі не толькі ў хатах, але і ў садках пад грушамі, і на галерэях, і проста, выцягнуўшы з хаты пасцілку, ля вадамётаў, якія парушалі цішыню няўмоўчным плёскатам вады.
— Яны ўдома? — спытаў Хрыстос.
— Удома, — сказаў Фама. — Піва з гарэлкай жлукцяць. Вячэра.
— У іх, скажу я вам, тая вячэра… яна-ткі з самай раніцы, — сказаў Іуда.
Крокі будзілі цішыню.
— І нешта цяжка мне, хлопцы. Непамысна мне нешта. Не хачу я ісці да іх.
— А трэба, — сказаў Фама. — Па лычах ім надаваць трэба. Імя толькі ганьбяць. Пальцам аб палец на ўмацаваннях не стукнулі. Зброяю валодаць не вучацца. Адно п'юць, ды за бабамі… ды кепікі з тых, хто працуе, строяць. Збіць іх на горкі яблык ды сказаць, каб вымяталіся з горада, калі не хочуць.
— Згода, — сказаў Хрыстос. — Так і зробім.
Іуда зарагатаў:
— Слухай, што мне сёння сівавусы сказаў. Я, кажа, стары, ты не зразумееш гэтага так, нібыта я падлашчваюся да Хрыста. Якая ўжо тут ліслівасць, калі ў кожнае імгненне можам на адзін эшафот трапіць. Дык вось, кажа, здаецца мне, што ніякі ён не Хрыстос. І д'ябал з ім, мы яго і так любім. Чаму, пытаю, засумняваўся? Гэ, кажа, ды ён паноў замест каб павесіць — у Нёман загнаў. Не смейся, кажа. У Бога гумару няма. Ён чалавек сур'ёзны. Іначай, чым да сотага калена, не помсціць.
Сябры зарагаталі.
…Апосталы размясціліся асобна ад Хрыста з Анеяй, наводшыбе, аж у слабадзе за Каложскай царквою. Так было зручней і з жанчынамі, і з пітвом. Прынамсі, не трэба цягацца праз увесь горад, на вачах у людзей. Яны ўзялі сабе кінуты нейкім багатым уцекачом будынак, драўляны, белены знадворку і знутры, крыты моцным, навек, шчапяным дахам. Было ў ім нешта з дзесятак пакояў, і размясціліся ўсе раскошна.
Урэшце, Тумаш з Іудам рэдка калі і начавалі там, увесь час прападалі на мурах, у складах, на прыстані або на пляцы.
У гэты позні час усе дзесяць чалавек сядзелі ў пакоі з голымі сценамі. Шырокія лавы ля сцен, сталы, якія аж стагналі ад ежы, гарцаў з гарэлкай, бачонка з півам і цяжкіх гліняных куфляў.
Гарэла некалькі свечак. Вокны былі адчынены ў глухі цяністы сад, і адтуль павявала водарам лістоты, спелых антонаў і валовых мордачак, ваўчкамі і прахалоднай расою.