Выбрать главу

Размова, нягледзячы на вялікую колькасць выпітага, не клеілася.

— А я ўсё ж гляджу — паленым пахне, — баязліва сказаў Андрэй.

— Пабойваешся? — Піліп з неймавернай хуткасцю абгрызаў, абсмоктваў смажаную гусь, аж свіст стаяў.

— Эге ж. Нібыта падбіраецца нехта, ды як дасць-дасць.

— Гэта можна, — сказаў Ян Зеведзееў. — Лепей ад пана за нераты ў шыю атрымаць, чым дарэмна прапасці.

— А я ж жыў, — летуценна сказаў Мацей. — Грошы табе, жонка, ежа. Збан дурны, яшчэ некуды шчаміўся, дзіваў хацеў.

Навісла маўчанне.

— Уцячы? — спытаў Баўтрамей.

— Ну і дурань будзеш. Зноў дарогі, — сказаў Пятро. — Ведаю я іх. Ногі збітыя. У роце мох. Азадак павуціннем заткала. Трапілі як сучка ў кола — давайце бегчы.

Усе задумаліся. І раптам Пётр ускінуў галаву. Акрамя яго ніхто не пачуў, як адчыніліся дзверы.

— Ты як тут?

Няўлоўная ўсмешка блукала на вуснах госця. Шэрыя, плоскія, трохі ў зелень, бы ў яшчаркі, вочы аглядалі апосталаў.

— Т-ты? — спытаў Іліяш. — Як прыйшоў?

— Спяць людзі, — сказаў пёс Божы. — Розныя людзі. У дамах, у садках. Варта ля брамы спіць. Мужыкі спяць у раднай зале, і зброя ля сценак стаіць. Вартавыя на мурах і вежах не спяць, ды мне гэта…

— Ты?…

— Ну я, — Басяцкі падышоў да стала, сеў, наліў сабе на донца піва, прагна выпіў. — Не чакалі?

— А як варту гукнем? — зарыпеў Баўтрамей.

— Не гукнеце. Тады заўтра не бізуны па вас гуляць будуць, а клешчы.

— Савул ты, — сказаў Якуб Алфееў.

— Ну-ну, вы разумныя людзі. — Езуіт памаўчаў. — Вось што, хлопцы. Мне шкада вас. Выдадзіце мяне — вас на дне марскім знойдуць. Думалі вы пра гэта?

— Н-ну, — падступныя Пятровы вочы бегалі.

— Дык вось, — жорстка сказаў іезуіт. — Кідайце яго. Заўтра ў горадзе горача будзе. Таму ідзіце ўначы. Зараз. Калі дарагая вам шкура.

— Не ўцямлю, чаго гэта ты нам?… — працягваў Пятро.

Мяккі, незвычайна багаты інтанацыямі голас нібы зачароўваў, нібы душу цягнуў з вачэй:

— Што вы? Нам важнейшую рыбу забарболіць трэба, а не вас, махляроў.

— Тады нашто? — спытаў Пятро.

— Праўду? Ну, добра. Я ведаю, і вас ужо даняла. І вы, як на старой сасновай шышцы, седзіцё. І самі б вы яго кінулі. Ды толькі маглі б спазніцца і трапілі б незнарок з ім. І павесілі б вас. А ўсе крычалі б аб вернасці, з якой не кінулі вы настаўніка. А трэба, каб ён, каб усе ведалі: верных няма. Бо не павінен верыць ні сусед суседу, ані бацька сыну.

— Нашто гэта вам? — спытаў Іліяш.

— А без гэтага нічога ў нас не атрымаецца. Вучыць трэба… Нічога, маўляў, страшнага, калі сын жадае смерці бацькавай, поп — смерці біскупавай, таму што мы мацней хочам дабрабыту дзеля сябе, чым зла бліжняму. І таму дзеці павінны даносіць нават на сваіх бацькоў-ерэтыкоў, хаця і ведаюць, што ерась пацягне за сабою пакаранне смерцю… Таму што, калі дазволена мэта, то дазволены і сродкі[111].

— Што ж мы, так проста і на дарогу? — падступна спытаў Баўтрамей.

— Я іх ад смерці, а яны яшчэ і — «грошы». Ну, добра ўжо, дзеля такой вялікай мэты дамо і грошай.

— Колькі? — спытаў Тадэй.

— Не пакрыўдзіцеся. На кожнага па трыццаць.

— Давай, — пасля паўзы сказаў Пятро.

Усе пільна, як сабака на стойцы, глядзелі, як вузкія пальцы езуіта выкладаюць на стол вялікія, з дзіцячую далоньку, срэбныя манеты, як ён лічыць іх, складае слупкамі і падсоўвае да кожнага. Святло ад свечак мігцела на ўсім гэтым, на прыадкрытых пашчах, на руках, на вачах.

Езуіт паказаў на профіль Жыкгімонта на срэбным кружку:

— Дзяржаўна-карысны ўчынак робіце. І вось бачыце, нібыта сам уладар наш кожнага з вас па трыццаць разоў за подзвіг ваш бласлаўляе. А цяпер — ідзіце.

Басяцкі ўстаў.

— Дый вы спяшайцеся. — Ян глядзеў у акно. — Сам ідзе. У канцы завулка.

Мніх-каплан адчыніў дзверы. І раптам падаў свой насмешліва-абыякавы, здзеклівы голас Міхал Іліяш, ён жа Сымон-Кананіт:

— Басяцкі. А што будзе, калі мы грошай са стала не прыбяром? І той зразумее?

Дамініканец аглядаў яго. Пасля холадна паціснуў плячыма:

— Прэнг.

Дзверы зачыніліся за ім.

Усе як быццам чулі ўсё бліжэй і бліжэй крокі Хрыста, але, магчыма, гэта ўсяго толькі тахкалі іхнія сэрцы. Мацней і мацней. Мацней і мацней. Урэшце здрыганулася рука ў Баўтрамея. Ён не вытрымаў. Не думаючы пра тое, што будзе, калі астатнія не прыбяруць грошай, схапіў манеты, пачаў прагна рассоўваць іх па кішэнях. Працягнулася па грошы другая рука.

Рыпнула фортка. І тут дзевяць рук бліскавічна змялі срэбра са стала ў торабкі. Засталася адна грудка. Перад Іліяшам. Цыганаваты Сымон з трыумфам глядзеў вугальнымі вачыма на збялелыя твары хаўруснікаў. Абводзіў іх вачыма, нібы ацэньваў. Бачыў ва ўсіх вачах жах, сквапнасць, тупую прыціснутасць.

Адчыніліся дзверы. Хрыстос абцёр ногі аб жорны перад парогам і ступіў у пакой.

На стале былі пляшкі, бачонак, місы. Грошай на стале не было.

— Хадзіце гарэлкі дзербаніце, ці што, — сказаў Іліяш-Сымон.

Фама, Іуда і Хрыстос падселі да стала. Пачалі есці. Елі многа і ладна, але без сквапнасці. Вельмі згаладаліся за дзень беганіны.

— А гарэлачкі? — лісліва спытаў Пятро.

Нешта ў тоне ягонага голасу не спадабалася Хрысту. Ён абвёў вачыма апосталаў, але нічога асаблівага не заўважыў. Твары як твары. Медныя, у рэзкіх ценях. І вялікія крывыя цені рухаюцца за імі па сценах, запаўзаюць калматымі — з кацёл — галовамі на столь.

— Н-ну? — спытаў Хрыстос. — Не, Пятро, гарэлку адстаў. Гэтак і горад прап'ём. Піва глыток плескані.

Цень на сцяне піў з вялізнага глінянага куфля.

— Дык што? Седзіцё? Морды мочыце? А рукі ў баі замачыць чырвоным — гэта вам страшна? А ў глей іх запэцкаць на ўмацаваннях — гэта вам гідка і цяжка?

Маўчанне.

— Што рабіць будзем? Морды вам чысціць? За муры выганяць у рукі ворагам?

Твар быў суровы.

— Я разумею, хлопцы, — трохі больш стрымана сказаў Хрыстос. — Вам лезці на ражон да канца не хочацца. Вас, калі схопяць, можа, і пашкадуюць па справах вашых. Скажам, не на палю пасадзяць, а ў каменны мех да скону. Усё ж жыццё. Вы не тое, што я. Вас яны не могуць да канца ненавідзець, а мяне ненавідзяць, бо я сведчу аб іх, што справы іхнія злыя. Што ўсе запаветы чалавечыя яны падмянілі адным, дзесятым: «Паважай здраднікаў, і добра табе будзе».

Глядзеў на патупленыя галовы:

— І ўсё ж апошняе маё пытанне. Будзеце вы ваякамі за праўду ці так і пакінуць вас у прапойцах і зладзеях? Будзеце са мной? З імі?

Пятро бегаў вачыма па хаўрусніках. Рашыўся:

— Вядома, з табою.

— Ты не сумнявайся, — падтрымаў яго Баўтрамей.

— Кінь, — загулі галасы. — Чаго ўжо… З пачатку ідзём… Ты на той свет, і мы ўслед.

Братчык абводзіў позіркам твары. Людзі стараліся глядзець яму ў вочы, і кожны іншы, не такі прастадушны, заўважыў бы, што яны стараюцца. Але гэты не заўважыў, і, акрамя таго, яму хацелася верыць.

— Добра. Збірайцеся. Зараз жа рушыце цягаць камяні на забрала. А ты куды, Тумаш? Нацягаўся, здаецца?

— Я да брамы. Там і пасплю недзе, — і Фама выйшаў з хаты.

Апосталы пачалі збірацца. Толькі Іуда зняў поршні, адсунуў з краёчка стала місы, паклаў на яго сшытак са сваімі запісамі, скінуў плашч і зрабіў з яго на лаве падабенства падушкі. Пазяхнуў:

— А я тут лягу… Прабач… Я паспею…

— Вядома, — сказаў Хрыстос. — Дзве ж ночы не спаў. Прыдрамні. Разбуджу раніцаю.

Іуда, не раздзяваючыся, лёг на лаву. Ледзь толькі галава ягоная апусцілася на скрутак, ён заснуў. Нібы ў цёмны, глыбокі вір апусціўся. Нібы рынуў у бездань.

— Ну, дык хадзем, — сказаў Хрыстос. — Працаваць будзеце, як валы. Памятайце, далі слова.

— Вядома, — сказаў Пятро.

І зноў нешта няшчырае патрызнілася Хрысту ў ягоным голасе.

— Глядзіце толькі, каб мне не давялося сказаць: адзін з вас сёння н е здрадзіць мне.

Прарэзліва і свежа пачалі крычаць над сонным горадам першыя пеўні. Людзі выйшлі. Іуда спаў каменным сном. І тут зноў адчыніліся дзверы, і ў шчыліну асцярожна прасунулася гарбаносае, у сетцы буйных жорсткіх зморшчын, аблічча Мацея.

вернуться

111

Зноў промысел Божы, прадбачэнне і празрэнне. Бузембаўм, аўтар гэтага афарызма і «Трактата аб маралі» стварыў яго на сто год пазней. Нічога! Хай бы сабе і на дзвесце.