— Раввуні, — шэптам паклікаў ён. І пасля сказаў галасней: — Раввуні.
У пакоі чуваць было толькі соннае, роўнае дыханне.
І тады Данель падышоў, асцярожна ўзяў са стала рукапіс, выйшаў на дыбачках і зачыніў за сабою дзверы.
Пераклічка пеўняў усё яшчэ трывала. Крычаў адзін. Адказваў яму хрыпатым басам суседні. Яшчэ адзін. Яшчэ. Зусім здалёк танюткай нітачкай голасу азываўся яшчэ нейкі. Кожны чарговы крык выклікаў меладычную лавіну гукаў.
Крычалі першыя пеўні над горадам. Людзі праз сон чулі іх і не ведалі, што другіх пеўняў шмат хто не дачуецца.
Раздзел XLV. Сад ля Каложы
Таму што корань усіх зол ёсць срэбралюбства.
Дзесьці мае дзеці ў любові жылі,
Раслі, раслі, пахіліліся,
Цераз цэркву сушчапіліся.
Над зямлёю панавала месячнае святло. Беленыя сцены дамоў здаваліся пяшчотна-блакітнымі. Густы блакіт панаваў на плыні недалёкага Нёмана. Серабрылася і сінела лістота дрэў. Месяц у вышыні быў светлы, як трон Божы, такі светлы, што балюча было глядзець на яго. І толькі рэдкія зоры можна было разгледзець на празрыстай сіні небасхілу.
Яны ішлі каля мура, што абкружаў Каложу. Чорныя цені на блакітным.
— Чаму б табе не ўцячы некуды, — зрабіў апошнюю спробу Сымон-Кананіт. — Уцёк бы некуды, дзе не так страшна. Ёсць жа краіны…
Хрыстос зірнуў на яго. Твар быў блакітны.
— Ёсць. Сапраўды лягчэй. Прынамсі, казаць больш можна. Але ты, Сымоне мой, не разумееш аднаго. Тут, у агульным свінстве, цяжэй… але затое і гонару больш. Што яны ведаюць, тыя смаркулі, аб нашых безданях? Ды яны і тысячнай долі таго нават не зазналі, што мы ў княстве Беларуска-Літоўскім. Раз ужо я з'явіўся на зямлю — я стану тут. Біцца буду не на жыццё, а на смерць. Казаць буду пра тое, што ёсць Чалавек і якое месца яго на Зямлі і ў Сусвеце, дзе, пэўна, ёсць шчаслівейшыя. Пра Мужнасць, пра Здзек, пра Веды, пра Доблесць казаць буду, а не пра тое, што «Лаура ўпала ў Луару». Ах, жах які! Ах, слёзы! — Твар Хрыстоў зрабіўся злосны. — А святой службы яны не нюхалі? А вогнішчаў? А тысяч замучаных не бачылі? І таксама яшчэ лічаць, што цяжка жывуць. Ну, не. Гонар тут, цяжар тут, значыцца, і жыццё тут. Іншага народа дзеля мяне цяпер няма.
— Памрэш, — сказаў Іліяш.
— Там мог бы жыць, балбатаць тое-сёе. Тут — мабыць, памру. Але затое тут мая праўда: бойка з храмоўнікамі, сеча з самім Сатаной.
Іліяш зразумеў, што ўсё дарэмна. Трэба было даваць лататы. З гэтым кашы не зварыш. Бач, твар які.
— Нешта цяжка ў мяне на душы, — сказаў Юрась. — Душа смуткуе, тужыць смяротна. Пасядзіце тут, хлопцы, пачакайце мяне трохі. Я да Нёмана пайду, вырашыць мне нешта трэба, і сам не ведаю што… Толькі — нельга мне без гэтага.
— Чаго ж, пасядзім, — сказаў Пятро.
— Гэна… чаму не.
Яны селі на траву пад мур. Братчык адчыніў фортку і зайшоў у царкоўны сад.
— Вертаград маці царквы нашай, — сказаў Сымон. — Заблукаеш — крыўдуй на сябе.
Калі крокі заглухлі ў нетрах, ён ускочыў і махнуў рукой:
— А зараз — давай. Давай-давай. Каб аж пяткі ў азадак стукалі… Як калі б каня ўкралі.
Яны кінуліся бегчы з усіх ног. Зніклі. Пастаяў у паветры і асеў блакітны ад месяца пыл.
Пераклікаліся пеўні. Хрыстос ішоў між дрэў, адводзячы галіны, і лістота нібы плакала блакітам: падала раса.
Каложа ўстала перад ім у месячным ззянні такая простая, такая дасканалая, што перахапіла дых. Бліскучы купал, срэбна-сінія шкельцы ў вокнах барабана, паласатыя, аквамарын у чэрнь, муры. Усё густое, нават у ценях чорнае ў зелень, як пяро качара. Аранжавым, — кубавым, зеленаватым, вясёлкавым ззяюць на мурах пліты і крыжы з маёлікі.
Большай дасканаласці яму не даводзілася бачыць. Страшна падумаць, што нехта можа ўзняць на яе руку. Стаіць, нібы марскі палац, а над ёю схіляюцца дрэвы, хочуць сашчапіцца над купалам. А вышэй дрэў — неба, сусвет.
Ён мінуў храм і сеў на беразе Нёмана. Месяц, як залатая чаша, ззяў у глыбіні. Уставаў у небе сілуэт Каложы. Злева, далёка-далёка, стаялі на беразе абпаленыя шыбеніцы, а за імі, яшчэ далей, спаў замак. Сціснула сэрца ад любві да гэтай зямлі.
«Што ж я недадумаў? Што пагражае людзям, і гораду, і мне? Першаму абуджэнню чалавека да праўды? Што здрадзіць усяму гэтаму? Што, напэўна, пахавае пад руінамі светлага царства маю любоў?»
Ён глядзеў на сямікаляровую далёкую зорку.
«Правільна, што я не забіваў. Трэба было даць першы прыклад гэтым людзям, якія толькі пачынаюць пакутны, страшны, светлы свой шлях. Што ж, а д г э т а г а падне мая справа? І, можа, я памру, іначай чаму так цяжка?»
Зямля неадольна клікала яго да сябе. Вочы ягоныя сачылі за зоркай, а калені згіналіся, і ўрэшце ён стаў на іх, схіліўся да зямлі.
«Ты прабач, — у думках папрасіў ён. — Ты, неба. Я здрадзіў дзеля гэтага. Я — тутэйшы. Я — беларус. Няма дзеля мяне даражэйшай зямлі, і тут я памру».
Ён прыпаў шчакою да травы.
«Што ж ты? Ну, адкажы мне, зямля мая, край мой. У чым я памыліўся супраць цябе? Што зрабіў у шкоду, калі не хацеў? Што знішчыць справу маю? Падкажы!»
Плямы святла ляжалі на траве. Прабіліся праз густую лістоту. Круглыя плямы, падобныя на срэбныя манеты. Такія ж манеты дрыжалі і звінелі на вадзе.
«Я зразумеў, — падумаў ён. — Дзякуй. Срэбра. Грошы. Яны загадзяць і сказяць самую светлую думку. Ад іх — подлы гандаль. І няроўнасць. І зайздрасць. І здрада. І загібель. І калі я загіну, то гэта ад іх. Ды яшчэ ад любові да людзей і да цябе, зямля мая. Гэта яны спарадзілі подласць улады. Яны спарадзілі цэрквы. Колькі яшчэ пройдзе часу, пакуль любоўна сплятуцца над мурамі прыгнёту жывыя дрэвы жыцця? Я не дажыву».
Начное неба ззяла ў бяздонным Нёмане.
«Я не хачу гінуць, — папрасіў ён. — Я хачу дажыць. Вазьмі мяне на неба, зорка. Вазьмі, як Ілію. Каб тысячагоддзі праплылі на зямлі і дні — у жыцці маім»
Шалахцела лістота. Мігцела зорка.
«Не. Не хачу. Не хачу, пакуль не зрабіў наканаванага мне. Не хачу ўцякаць ад працы, ад крывавага поту, ад зямной чашы маёй. Гінуць таксама не хачу. У мяне ёсць сябры, і каханне, і народ мой, і сотні іншых народаў, і ты. Хай памінае мяне чаша сія, але, зрэшты, як хочаш. Бо калі ты вызначыш мне загінуць, зямля мая, я не буду наракаць».
Раздзел XLVІ. Ноч белых крыжоў
У агні пажару стаяла такая гарачыня, і так прагнулі яны, што падстаўлялі шаломы пад струмені крыві і ў імя Пана Бога, але як паганец багабрыдкі Гаген, пілі з шаломаў кроў зарэзаных.
А горад спаў. Толькі варта маячыла на мурах ды на званіцы балбаталі пра сеё-тое Ціхон Вус з Дударом.
Зянон і Вястун, праходзячы забралам над Лідскай брамай, кожны раз гукалі няголасна:
— Тумаш, спіш?
— Ды не, — сіпата адказваў знізу Фама. — Хай варта пахрапе, я ўжо раніцай.
— А малады?
— Ды побач са мною. Свішча ва ўсе закруткі. Сон бачыць. Нібыта найпершую красуню патаптаў.
— Гы-ы.
І зноў крокі вартавых. Зноў цішыня.
А між тым у цэнтры горада, далёка ад муроў і ад варты, даўно ўжо гучалі іншыя крокі. Ценевымі бакамі вуліц слізгалі, хаваючыся часам у нішы і завулкі, людзі з белымі крыжамі на рукавах. Цягнуліся ланцужкамі ў завулку, займалі іх, станавіліся ля мечаных дамоў, групаваліся ў найбольш небяспечных месцах.
З завулкаў, з патаемных хадоў выпаўзалі яшчэ і яшчэ людзі, аж пакуль не пачало здавацца, што ў цемры шапаціць і разліваецца нялічанае гняздо павукоў-крыжавікоў.
Група Пархвера, выбраўшыся з-пад зямлі, пайшла да лямуса, і там волат, увесь набрыняўшы крывёю, адваліў вялізнае камяніска, вызваліўшы другое жарало, з якога адразу ж паліўся чалавечы мурашнік. Варанёныя латы цьмяна блішчэлі, як хіцін.
І калі рассыпаліся «белыя крыжы» па вуліцах, было іх многа, як мурашак.