Места валіла да Старога рынку. Разбіваць хлебныя склады. Хай сабе там і мала чаго ёсць — потым можна пайсці на склады замкавыя. Немагчыма больш было цярпець.
Над вуліцай стаяў такі крык, што яго пачулі нават ліцадзеі за мурамі. Яны якраз апраналіся ў грубы кужэль і перапаясваліся вервіем, калі места пачало рыкаць.
— Што гэта там? — з трывогаю спытаў тонкі Ладысь Гарнец.
Юрась ускладаў на галаву цярновы, з тупымі шыпамі, вянец:
— А чорт яго ведае! Горад… Відаць, нічога страшнага. Бачыш, варта нават брамы не зачыняе.
— Што рабіць будзем? — спытаў Жарнакрут.
Братчык спакойна ўскінуў сабе на плечы вялізны лёгкі крыж. Паправіў яго.
— Хадзем.
І спакойна пайшоў да брамы.
Дванаццаць чалавек у радне рушылі за ім. Следам пацягнуўся прадзёрты, брынклівы фургон.
Горад крычаў страшна. Тое, што ў замку дагэтуль не ўзнялі гвалту, можна было растлумачыць толькі гулам замкавых званоў. Цэрквы былі блізка. Вуліцы рамеснікаў — наводдаль. Замак маўчаў, але гарланне і крык каціліся ўсё бліжэй да яго.
Людзей было мала — ледзь адзін з пяцёх — дзесяцёх выйшаў на вуліцы, — але яны так напіналіся ў крыку, што ім здавалася: няма сілы, якая магла б стаць на іхняй дарозе.
Нізкалобы сотнік Карніла першы ўбачыў з кутняй вежы далёкі натоўп і, нягледзячы на тое, што быў цяжкадум, зразумеў, чым гэта пахне.
Пыл стаяў ужо над Старым рынкам: відаць, купцы баранілі плошчу ад рамеснікаў… Не, рамеснікі з мяшчанамі яшчэ далёка. Дарогаю, пэўна, разбіваюць нечыя дамы… Чаму ж пыл над рынкам?
І сотнік зразумеў: гандляры бягуць за зброяй… Збіраюцца… Будзе страшэнная бойка. Трэба разбараняць. Як? Мо бегчы па Лотра? Д'ябла яго паслухаюцца. Што такое кардынал у пераважна праваслаўным горадзе?
Карніла рынуўся з забрала і пабег. Шчасце, што Балвановіч тут, а не ва ўлюбёным Барысаглебскім манастыры.
Балвановіч толькі што сытна, з мёдам, паснедаў і заваліўся адпачыць. Хай яны там задушацца са сваёй анафемай. Паўсюль бываць — здохнеш хутчэй.
Замкавы мітрапалічы палац быў у два жылля* з сутарэннямі, у дзесяць пакояў з каплічкай. Стаяў трохі наводдаль ад Вітаўтавага палаца. Святліцы ў ім былі скляпенчатыя, нізкія, душныя, але затое вельмі цёплыя ўзімку: не тое, што агульны замкавы палац. Там — колькі ні палі — золь сабачая.
* Паверхі.
Ад задухі маленькія вокны былі адчынены. Відаць было, як віліся над вежамі ўспуджаныя перазвонам стрыжы.
Балвановіч ляжаў і соп. У яго на жываце ляжала вялізная, вельмі дарагая заморская кошка. Прывозілі такіх аж аднекуль з-за Індыі партугальцы. Прадавалі ў сябе, у Гішпаніі, у Рыме. Кошка была загадкава-суровая, з ізумруднымі вачыма, з аксамітнай карычнева-залатой шкурай*. Цягнулася да пастырава аблічча, нібы цалавала, і потым вараціла морду: ад мітрапаліта несла віном.
* Сіямская парода.
— Ну і выпіў, — казаў Балвановіч. — Час такі, што зап'еш. Мо і ты хочаш? Тады я…
Побач з ложкам стаяў толькі што распячатаны глячок з мёдам і сподак суніц з вяршкамі. Грынь выпіваў чарку, мачаў палец у вяршкі і мазаў кошку па носе. Тая аблізвалася. Спачатку — нездаволена, потым — нібы робячы ласку.
— Не п'еш? Як папа? Брэшаш, і ён п'е. Павінна была ведаць, калі цябе з карабля ў папскай вобласці купілі… У-у, шэльма, у-у, латрыга, шпіёнка ты мая папская. Чаго морду вароціш? Не даспадобы? А мне, думаеш, даспадобы, што лазутчыкі вакол? Самага вернага дыякана пасадзілі. А горад больш чым на тры чвэрці праваслаўны. Вось няхай самі ў ім і спраўляюцца, а я сам сябе пад хатні затвор пасаджу. Мне і тут няблага. І вып'ю сабе, і закушу. Цішыня вакол, звон. І добра сабе.
Ён не паварухнуў і вухам, калі пачуў грукат. Нехта бег пераходамі, тупаў па сходах, як жарабец. Потым дзверы з гулам расчыніліся, і, нібы нехта кінуў да ложка самавар, уляцеў у пакой і ўпаў ніцма Карніла.
— Блаславі, святы ойча.
— Гэта ты за блаславеннем так бег, прыхвасцень?
— Але.
— Брэшаш ты.
— Святы ойча…
— Ізыдзі, рука Ватыкана.
— Праваслаўны я, ойча…
— Малаважна. Такіх паўсюль паляць. Чацвёрты ты Сікст…
Карніла пакрыўдзіўся:
— Я ўжо і не ведаю, на што гэта вы намякаеце.
— Інквізітар ты… Фараон… Саўл.
— Лайцеся сабе, лайцеся. Кідайце хульныя словы. А ў горадзе мяшчане бунтуюць. Павалілі з доўбнямі, з друкамі на Стары рынак.
— Няхай валяць, — мітрапаліт павараціўся да Карнілы задам. — Дулеб ты багамерзкі.
Кошка ўскараскалася пярэднімі лапамі на Грынеў бок і глядзела на Карнілу, нібы д'ябал з-за муроў пекла.
— Купецтва ім насустрач кінулася. З мячамі.
— Няхай сабе і так.
— Кроў пральецца.
— А нябесны наш айцец не праліваў крыві?
— Дык разбараняць трэба, — амаль стагнаў Карніла. — З харугвамі ісці.
— Вось няхай Лотр з Басяцкім бяруць свае пратэсы сатанінскія ды Камара бяруць ды ідуць. Пагляджу я.
— Праваслаўныя б'юцца!
— Малаважна… ідалапаклоннік ты. Няхай б'юцца. Як разбараняць, то я, а цэрквы ў нас розныя там Богушы адбіраюць ды ім аддаюць.
— Лотр перадае: вярнуць праваслаўную Ніжнюю царкву.
— Пук ты… Рэдзька няскрэбеная, смярдзючая… Якую Ніжнюю? Тую руіну, што ў замку? Хай ён сам там служыць, ракам у алтар поўзае ды спіною голай прастол ад дажджу закрывае… філісцімлянін. Там муры над зямлёю яму да задніцы… немец ён, жаўтапузік такі.
— Ды не тую Ніжнюю… Тую, што на Падоле, пад Балонню.
— І трохкупальную Ганны, — дзелавіта сказаў Грынь.
— Пабойцеся Бога!
— І яшчэ былое Спасаіконапрэабражэнне, што на Гараднічанцы. Драўляную… Даважка.
— Добра, — змрочна буркнуў сотнік. — Толькі хутчэй. Мяшчане да складаў ірвуцца. Кардынал з іншымі пайшлі ўжо.
Грынь Балвановіч раптам узвіўся так, што кошка, нібы падкінутая, пакацілася на падлогу.
— Да скла-адаў?! Што ж ты раней не казаў?! Доўбня ты неўтаропленая… Даўгапят ты! Стрыгольнік*, праваслаўем пракляты!
* Стрыгольніцтва — ерась, што был распаўсюджана ў Ноўгарадзе і Пскове ў ХІV-ХV стст. Стрыгольнікі паўставалі супраць права духавенства і манахаў на зямлю, супраць іхняй распусты. Адмаўлялі паборы за царкоўныя трэбы. Сцвярджалі, што адпраўляць культ можна і без папоў. Ерась была жорстка раздушана.
— Ужо і не ведаю я, чаго вы мяне так бэсціце? Дарэмна вы гэта.
— Шатны*! Адзяянні! Ах, каб ім другога прышэсця не дачакаць!
* Той, хто распараджаецца адзеннем.
Усё яшчэ гучала анафема і раўлі валасатыя і безвалосыя зяпы, а «другое прышэсце» падыходзіла да брамы места. Уваходзіла ў яе.
І наперадзе ішоў у прывязной барадзе і вусах адзіны хоць трохі самавіты чалавек з усёй гэтай кампаніі. Ішоў і нёс на плячах вялізны крыж. Ішло за ім яшчэ дванаццаць, усе ў радне, і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць. Былі на гэтых тварах адбіткі галодных і халодных начэй пад дажджом і другіх начэй, ля карчомнага агню і ў хаўрусе з глякам віна. Было жыццё, якое сяк-так падтрымлівалася падманам… Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад'есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны — і гэта было недарэчна і смешна.
За імі грукатаў драны жалкі фургон, а перад імі ішоў чалавек.
З цярновым вянцом на лбе.
РАЗДЗЕЛ VІ СЫСЦЕ Ў ПЕКЛА
…тых людзі разбараняць, бо ў запекласці сваёй бакі і галовы папрабіваць маглі і іншыя члены папсаваць, і было б з таго шкода і псота вялікая іх мосці і верхнасці каралю. А людцы тыя біліся і дараносіцамі, і каўчэгамі, і з моста ў ваду, дзе на глыбокім, адзін аднаго звяргалі; як тыя катќ біліся, што засталіся ад абодвух адны хвасты; сысце пана Езуса нават іх не разбараніла б і не суцішыла.
Варлаамаў летапіс
Перад Старым рынкам, аддзеленая ад яго будынкам ратушы, ляжала маленькая квадратная плошча Ростань. Крыжападобна ішлі ад яе чатыры вулкі. Адна, самая кароткая, Старая вулка, злучала Ростань са Старым рынкам. Суседняя з ёю вуліца, Малая Скідзельская, вяла на ўсход. Яна злівалася з Вялікай Скідзельскай і за брамай выходзіла на Скідзельскі шлях, што вёў на Наваградак і Менск. Насупраць Малой Скідзельскай ляжала вулачка, што вялікай дугою ішла да заходняй брамы замка. Насупраць Старой — вуліца, што вяла да рамесніцкіх кварталаў.