Выбрать главу

— А што наступны?! Што наступны?! — Вочы ягоныя бегалі.

— Ну, ты што? — спытаў Басяцкі. — Можа, хаця ты сумленны чалавек?

— Чаго сумленны?! Нашто?! Сярод такіх людцаў ды сумленны?! Я не сумленны, я — мытар! Мытнік я! Мытар!… Данель Кадушкевіч маё прозвішча.

Братчык усміхнуўся.

— Чаго ж ты з мытараў пайшоў? — у мядзведжых Балвановічавых вочках бліснула цікавасць. — Праца пачэсная… Харошая… Сам апостал Мацей быў мытар.

АПАВЯДАННЕ ДАНЕЛЯ КАДУШКЕВІЧА

— А што Мацей?! Што Мацей?! Яму, старой перачніцы, добра было. Яго Бог да сябе прыблізіў. Ён цуды бачыў. А я нават звера Какадрыла толькі ў гішпанскай кніжцы глядзеў. І манаха марскога не бачыў. Чаго з мытараў пайшоў? А таго. Абрыдла ўсё. Раніцай устанеш, часам памыешся, пад'ясі. А што за ежа? А дзярмо ў нас ежа! Продкі тура елі — хаця б табе тут турыны капыт. Зямля аскудзела. Дзіваў мала. А што?! Няпраўда?! Захоча чалавек разнасол з'есці, звычайнае, скажам, зубрынае вымя, чаго дзяды і за ежу не лічылі, а яму пруць кожан дзень мядзведжую шынку або чорнага бусла. А ён мне абрыднуў, як гнілая рыба… А потым ідзеш мыт браць, вазы чапамі мацаць, каб не везлі недазволенага. А чаго яны там вязуць? Хіба гарэлку?! Няма таго, каб нешта такое, ну, гэтакае… Каб аж вочы на лоб палезлі. Ну, хаця б нейкага там аднарога… А потым дадому ды дадому, ды зноў есці, ды вячэраць, ды жонцы пад бок. Хаця б жонка нейкая… такая… дык не — баба… Каб жа ж гэта яна — мурынка, або… русалка, ці што, або, на горшы выпадак, турэцкая княгіня. Абрыдла мне ўсё. Есці абрыдла, мыта абрыдла, жонка абрыдла. У іншых краінах дзівы здараюцца, каметы кожны дзень, зямля цераз ноч трасецца, у небе тым розныя знакі. А ў нас толькі што цмокі ў Лепельскім возеры паздыхалі, дык я і тых не бачыў… Кінуў я ўсё… Лухта ўсё, лухта! Дзіва бы мне, дзіва, — няма дзіва. Я, можа, увогуле прарокам быць хацеў, а мне — мытарам. А што?! Тфу, вось што.

Лотр паціснуў плячыма. Паказаў на лысага Мірона Жарнакрута:

— Ну, доўга не будзем тут языком мянціць. Вячэраць час. А пра цябе я і так усё ведаю. Былі вы камедыянты. Выгналі цябе за бяздарнасць. Ты пайшоў, а паколькі ўсе спалі, то ты і фургон з вопраткай і іншым з сабою прыхваціў.

Лысы Жарнакрут падціснуў вусны. Вакол іх сабралася мноства зморшчынак, і рот стаў нагадваць зашмаргу каліты. Такія раты бываюць толькі ў з'едлівых і скупых да апошняга людзей.

— Я-як за бяздарнасць?! — спытаў Мірон, і голас ягоны зарыпеў, нібы нехта сапраўды пачаў круціць жорны. — Я?! За бяздарнасць?!

Бровы ягоныя палезлі на лоб, у вачах з'явіўся гнеў. Зашмарга каліты распусцілася, паказаўшы жоўтыя рэдкія зубы. Твар стаў падобны на бяздарна зробленую трагічную маску. Ён засмяяўся, і гэты смех спачатку рыпеў, як жорны, а потым перайшоў у трагічнае «ха-ха-ха».

— Ды я!… Ды яны… Самі вы бездары. Вось, глядзіце! — Мірон стаў у позу.

Дакуль ты будзеш…

Нібы нясцерпна зарыпелі жорны. Праўдзівей, стары вятрак. Бо ліцадзей не толькі рыпеў, але яшчэ і шалёна махаў рукамі ў паветры.

Дакуль ты будзеш, Саўл,

Дом Езусаў шматаць,

Мужоў па стогнах… э-э… цягнуць

І ў турму саджаць?

— До! — залямантаваў раптам Лотр. — До, до, до!

Гэта быў хутчэй крык адчаю, а не гневу.

— Бачыце? І вы не вытрымалі, правялебнасць, — задаволена сказаў Мірон. — Здольнасць таму што. А вы кажаце — бездар.

— Наступны! — раз'юшана і амаль непрытомна закрычаў Лотр. — За адно гэта з вас з усіх галовы пасцінаць трэба.

Бамбіза, даўжынёй з ангельскую мілю, зрабіў крок наперад і гукнуў. Асавелыя вочкі; падстрыжаны па-бурсацку, у доўгай, да пят, бурсацкай світцы пад хітонам і, дзіўна, з мордаю мамчынага сынка, нягледзячы на ўзрост. Нос панылы, куцейны.

— Jacobus sum, — сказаў ён. — Якуб Шалфейчык аз. Быў бы дыякан, ды толькі цяпер ужо не памятаю, ці мяне з бурсы выперлі, ці з дыяканаў ужо расстрыглі… Памяць мая, дзякуючы хваробе маёй, а значыцца, і Богу — tabula rasa, чыстая дошка… Ік… Suum cuique кожнаму сваё. Адны п'юць і блукаюць у завулках. Другія носяць чырвоныя мантыі.

— Ты заўтра раніцай таксама атрымаеш чырвоную мантыю, — сказаў Пархвер. — Зыркую мантыю.

— Pollice verso*, — сказаў бамбіза.

* «Апусціўшы данізу вялікі палец». У сэнсе «Дабі яго».

— Прахвост ты, — сказаў Лотр. — Валацуга ты, а не дыякан.

— Не верыце? Дык вось… «Ангел вапіяша благадатней: «Чыстая дзева, радуйся».

Голас быў страшэнны, мядзведжы, яловы. Ён біў па галаве і нібыта пакідаў сотні скабак у вушах. Гаслі свечы. Дрыжала і дзерлася слюда ў вокнах.

— «І пакі рэку-у!!!»

Якуб устаў на дыбачкі, наліўся крывёй. Нехта нябачны пачаў гартаць адразу ўсе кнігі на стале, за якім сядзелі суддзі.

— Хопіць. Па-мойму, гэта не «ангел вапіяша», а падземны дух, копша, — сказаў Басяцкі. — Наступны!

Наступны выйшаў з рада. У ягоным хітоне было, бадай што, больш дзірак, чым у хітонах усіх астатніх. Варушыліся ў шырокіх драных рукавах спрытныя, нібы зусім без костак, доўгія пальцы рук. Каўнер ягонага хітона быў падобны на манашы, шырокі, у складках, і ў гэтым каўняры, нібы ў глыбокай місе, ляжала правільна-круглая галава з рэдкімі, у некалькі кучаравых валасоў, вусамі. Тая галава была надзіва пыхлівая, з хуткімі жывымі вочкамі, з такой вялізнай верхняй губой, нібы чалавек заўсёды трымаў пад ёю ўласны язык. Гэта, аднак, была няпраўда: язык гэты боўтаўся і званіў, як хацеў.

— Глядзіце, — шапянуў Лотр. — Галава, якая гаворыць.

Басяцкі ўсміхнуўся:

— Уценьце гловы свентэго Яна, даруй мне, грэшнаму.

— Сљдзіце вы нас не як суддзі ізраільскія. Няправедна судзіце. А самі не чулі, хто такі Ян Каток. — І ён ударыў сябе шчыпоццю ў грудзі. — Утучняеце сябе, нібыта свінні непатрэбныя, а не ведаеце, што і храм Божы не гэтак для душы ўратавальны, як я.

Ён палез у кішэнь і дастаў адтуль голуба. Голасна зашаптаў яму «на вуха»:

— Ляці да Пана Бога. Скажы: фокусніка самой Маткі Боскай судзяць.

Падкінуў голуба, і той вылецеў у акно.

Каток чакаў. Потым аднекуль, і здавалася — з ягонага зада, пачалі гучаць струны арфы. Фокуснік нібы прыслухоўваўся да іх:

— Га? Га? Кажаш, не за тое, што трэба, судзяць? Правільна, не за тое. Кажаш, адмечу цябе дабратворнасцю? Адмячай, адмячай.

У Карнілы, а потым і ва ўсіх, палезлі на лоб вочы: проста з ілба ў Яна Катка вырас і пацягнуўся ўгору куст ружаў, якія струменілі ззянне і водар.

— Ммм-а, — зажмурыўся Жаба.

— І яшчэ прагну раскошы тваёй…

Вакол бандыцкай морды запалаў зорны німб. Каток склаў рукі на грудзях і заплюшчыў вочы. І тут успыхнуў рогат. Фокуснік азірнуўся і плюнуў. У тонкай ягонай механіцы нешта не так спрацавала.

— У Яна Катка вырас вялізны і зіхоткі павін хвост.

— Тфу. Памылачка атрымалася.

— А казаў жа я… Пі… піць не трэба было.

— І ўрэшце ты, апошні, — сказаў цыганаватаму кардынал. — І хутчэй. Бо першая варта ідзе да канца.

— Пане Божа, — уздыхнуў Лявон. — То ж бо, гляджу, я аж раз'юшыўся, так есці хачу.

— Нагаду-уюць вас, — іранічна сказаў Лотр. — Назаўсёды нагадуюць… Ну, кажы.

Вясёлы чорны чалавек відавочна махлярыў, нават вачыма.

— Я Міхал Іліяш. Майстра на ўсе рукі.

Ягоны рот усміхаўся вуснамі, зубамі, мускуламі шчок. Дрыжэлі, нібы ад затоенага смеху, бровы.

АПАВЯДАННЕ МІХАЛА ІЛІЯША

— Спачатку я… гм… гандляваў конямі… У мяне бабуля цыганка. Каралева краіны Цыганіі. Тут ужо нічога не зробіш. Супраць крыві не папрэш. Так наканавана, і гэта яшчэ Ян Багаслоў казаў, калі ўвесь іхні апостальскі хаўрус абвінавацілі ў канакрадстве.

— Няпраўда, — сказаў Камар. — Якое там яшчэ канакрадства? Іх не за тое…

— Хэ! А як яны белага асла дасталі? Бог ім сказаў, а яны пайшлі браць, а гаспадары спыталі, нашто ім асёл… А тыя ўзялі. То конь асёл ці не? Конь. То што вам яшчэ трэба? Шкада толькі, што так павольна дабрэе чалавек. Тады Пану Богу нашаму за гэта некалькі калоў загналі. Цяпер беднаму цыгану заганяюць адзін, але так, што гэта не лягчэй, і ніякага я тут поступу не бачу… Але дзед мой і маці з бацем былі тутэйшыя… Кінуў я гэты занятак. Нездаровы занятак дужа. Пайшоў прафесарам у акадэмію.

— Дабрэча ты іх, відаць, вучыў, — сказаў Басяцкі.