Выбрать главу

Дзеянні, гл. 17, ст. 16

Прарок Іллюк прымазаўся да нападаючых позна — можа, п'яны быў і толькі што праспаўся. Цяпер ён стаяў і крычаў на ўвесь стары горад:

— Біце! Вызваляйце! Як Хрыстос прыйшоў на нейкі там год праўлення Тыверыя, так і на гэты раз — на нейкі там год праўлення Жыкгімонта зноў ён прыйшоў.

Нячэсаная кучма калацілася. Звярыныя шкуры здаваліся ў агні запёклай крывёй, а голыя страшныя мускулы рук былі нібы з медзі.

— Прадказаў вам прыход ягоны — я — Ілія!… Старайцеся, хлопцы. Бог вялікі глядзіць на вас… Вызваляйце — аддасць ён вам багатыя дамы на рабунак!

Два чалавекі ў чорным сукне пераглянуліся. Стаялі яны наводдаль, каб тыя, хто біў бервяном у браму, не зачапілі.

— Прарока гэтага даўно трэба ўзяць. Адразу, як толькі прарвуцца, хапаем яго і валачом.

— Кінь, — сказаў другі. — Каму ты яго павалачэш? Гаспадарам нашым? З іх вось-вось галовы палятуць.

— Кепска ты іх ведаеш. Усё скончыцца мірам.

— Брэшаш!

— Убачыш.

Вароты бурыліся ўжо вялізнымі кавалкамі. Іскры цягнула, бы ў трубу. Ляск мячоў за імі скончыўся, а замест яго ўзніклі аднекуль анёльскія ціхія спевы. Нібы з неба. Дзіўнае нешта адбывалася ў замку. Таму, відаць, біцца і кінулі.

Апошні ўдар бервяна разваліў браму. Веерам, кілімам ляглі на зямлю жарыны. Топчучы вуголлі, натоўп уварваўся ў замак.

— На злом! — раўлі галасы. — Хрыста! Хрыста забіваюць!

Гурма валіла валам. І раптам спынілася. Анёльскія спевы ўзнесліся ўгору.

З вялікім здзіўленнем сачыў народ, як рухалася ім насустрач разубранае шэсце з крыжамі і як ішлі перад ім трынаццаць чалавек, апранутыя ў радно.

Людзі стаялі моўчкі. Завязваўся світанак, і ў ягоным няпэўным святле цьмяна ззяла золата рыз і адзіная залатая пляма ў гурме тых, што нападалі: залатыя вышэй кісцяў рукі Ціхона Вуса.

І, нягледзячы на тое, што святлела, некаторым у натоўпе рамеснікаў здалося, што наступае ноч. Зноў наступае. Таму што невялікі хрэсны ход падыходзіў, а з усіх нібы вынялі душу.

І Вус, і Зянон, і Турай з сынам, і разьбяр, і каваль, і яшчэ некаторыя разумелі, што гэтых, залатых, трэба няшчадна да апошняга біць. Але біць іх было нельга. Паперадзе, перад шэсцем, ішлі трынаццаць, апранутыя горш за апошняга мешчаніна, але ўсё ж так, як усе. Яны былі шчытом, які нельга было патрушчыць.

— Лёгка ж яны абышліся, — ціха сказаў Кляонік.

— А табе што? — агрызнуўся нехта. — Ты ж Хрыста патрабаваў — вось ён.

— Дурань, — сказаў Кляонік. — Я праўды патрабаваў.

— Ну і трымай.

Лотр уздзеў рукі.

— Людзі славутага горада! — узгласіў ён. — Мы з пострахам праверылі ўсё, што магчыма, і ўпэўніліся, наколькі можа ўпэўніцца слабым сваім розумам чалавек, у тым, што яны кажуць праўду.

Натоўп забурчэў. Усе радаваліся, што адолелі. Але адначасова было неяк ніякава на душы. Таму што разлічвалі на другі канчатак і ўсе чыста настроіліся на яго, а цяпер было так, нібы сабраўся ехаць, а тут выявілася, што ў гэтым няма патрэбы.

— Што ж крычыцё вы? Ныня і мы разам з вамі ўдзячна ўсклікнем: Хрыстос прыйшоў у Гародню!

Ён зрабіў вялікасны і пагрозны жэст:

— Занад доўга чыніліся распусты. Вось градзе Езус узвысіць царкву і ўратаваць свет.

Радасны галас пакрыў ягоныя словы. Натоўп выбухнуў крыкамі шчасця і захаплення.

РАЗДЗЕЛ ХІІ ЦУДЫ ПЕРШАГА ДНЯ

Я — хлеб жывы, што сышоў з нябёс.

Іаан, гл.6, ст.51

СЛОВА АД ЛЕТАПІСЦА

«…І вось нібы вочы тагды адняло ва ўсіх. Добра бы ў людства цёмнага, дбаннем айцоў царквы не прасветленага яшчэ.

Розум узяў Нячысты і ў мяшчан багатых, і ў гандляроў, і людзей са свентай службы — аж да нунцыя, і ў генеральнага камісарыя, і — жах сказаць — у літасцівага кроля нашага, і ў князя Маскоўскага, дысідэнта. І нават у тых, што вышэй за іх*.

* Закрэслена. Дапісана на палях заўвага: «Хто ж гэта вышэй за іх? Калі Бог — гэта пахне ерассю. І прытым, што гэта за звычай — казаць на святую Троіцу «яны» і звяртацца да яе на «вы». А калі гэта пра папу і мітрапаліта, то гэта палітычнае злачынства, ад чаго ратуй цябе Божа больш, чым ад багахульства».

Якімі чарамі дабіліся гэтага шалберы тыя — ведае Бог. Але дзіўна, чаму ўсе як аслеплі і чаму тая слепасць ад чарадзейства брыдкага так хутка мінула пасля, калі пачалі іх законна гнаці за блуд іхні, за тое, што хлеб знаходзілі, дзе яго не было, і ворагаў моцных, з малым людзем супраць іх выправіўшыся, грамілі — а пэўна ж сілаю Сатаны».

СЛОВА АД ДРУГОГА ЛЕТАПІСЦА

«Той злодзей Пятра-рыбака — а хто кажа, мешчаніна — і іншых сабе падобных дванаццаць вэдлуг лічбы апостальскія выбраў, а сам ся Хрыстом назваў і падмануў тым святую маці нашу царкву. Бо княжаці царквы простыя былі, як галубы, і чыстыя сэрцам, як дзеці, якіх ёсць царства нябеснае. І тыя княжаці аб простым людзе паспалітым думалі і меркавалі, што Пан Бог, ся з'явіўшы, палёгку і радасць велькую таму люду зробіць.

О, велькі быў пасля гнеў іхні за падманутую зладзеямі тымі веру! Бо адкрыў ім із верхнасць госпад вочы і загадаў мячом караці тых махляроў за ерэтычныя вымыслы іхнія і ерась тую агнём выпальваці, а зладзеяў тых нішчыць.

А покуль злыдні тыя ў Гародні кілка дзён замешкаўшы, як бы апантаныя ад д'ябла ўчынялі і жыўнасць стараннем сабе і людзям здабывалі, бо сваёй кухні не мелі. І той Хрыстос тады там, як бы шалёны па гасподах і рынках бегаючы і па крамах, хлеб людзям хапаў і мяса з гарнцаў і міс шарпаў і на свае таварышы мятаў, а яны іх, хапаючы, і елі. І была там на той час вялікая вялікасць людзей».

СЛОВА АД ДВУХ СВЕДКАЎ

«І зноў брахня. І абрыдзела ўжо нам, людзям, што з ім хадзілі, чытаць гэта і слухаць гэта. Але ж хто ачысціць праўду ад калу* і возграў**, калі не мы? Хто застаўся жывы? Гэтыя два, што вышэй, яны яшчэ хоць трохі, паловай слова, праўду кажуць. Знаходзілі і хлеб. Білі і ворагаў. Здабывалі і мяса, і рыбу, і жыўнасць людзям. І была там сапраўды «вялікая вялікасць людзей».

* Праўлена: «ад крывадушнасці і неаб'ектыўнасці».

** Сопляў.

Але ў іншым — хлусня. Самі бачылі, як мы, гаротныя, тую царкву і начальства тое «абдурылі». Пад пагрозайпрэнга і вогнішча. Самі зведаеце, як гэтая іхняя «слепасць» прайшла, ледзь ён руку на золата царкоўнае падняў. І што тады зрабілі тыя, «простыя, як галубы» — зведаеце вы таксама.

Але Варлаам і летапісцы з Буйнічаў менш хлусяць. Вы Марціна Бельскага паслухайце. Ён Братчыка Якубам Мелшцінскім заве, шляхцюком каронным. У той час, як не ведаем мы, ці быў ён нават мірскім шкаляром. Дзіўны занадта быў для шкаляра. Ці разумны дужа, ці з месяца ўпаў — проста розуму не дабярэш.

А было так.

…Кінуліся да нас людзі. Тысячы многія. Падхапілі на рукі, узнялі, панеслі. А за намі панеслі тых самых князёў царквы. Д'ябал ведае, адкуль з'явіліся ў руках, угору ўздзетых, паходні, стужкі каляровыя, кветкі. Агонь скача. А мы, шчаслівыя, смяёмся: скону пазбеглі, бедныя.

Каб ведалі, колькі нам з тым апостальствам пакутаваць яшчэ — плакалі б, як іудзеі на рэках вавілонскіх, а і замест таго, каб ліры на вербы вешаць, ім падобна, самі б на тых вербах павесіліся.

Натоўп скача, раве, лікуе: Хрыстос у Гародню прыйшоў. А мы ўжо на Старым рынку зразумелі, у якую саладуху ўквэкаліся. Там нейкі чалавек — слабы, відаць, вераю — цэлы воз мышаловак прывёз.

— Мышалоўкі! — крычыць. — Дзівосныя мышалоўкі!

І тут народ удрузг і ўшчэнт разбіў той воз і разнёс, а мышалоўкі стаў таптаць нагамі: нашто нам мышалоўкі, маўляў, калі ў нас вы ёсць. Тут мы і спалохаліся.

— Цу-да! Цу-да! Цу-да! — крычаць.

І воплескі…

Братчык быў разгубіўся, але потым паляпаў свайго «каня», нейкага мужыка Зянона, каб той спыніўся, пад'ехаў да Багдана Роскаша, а цяперака Фамы Нявернага, дый шапянуў яму нешта. Фама галавою затрос.