Туляга. (прыгнечаны). Згодзен.
Гарлахвацкі. Даўно б так. А цяпер наконт працы… Я думаю, што нам гэта дрэнь не падыдзе. (Паказвае на косці маманта.) Маманты цяпер сталі чуць не хатняц жывёлай. Трэба знайсці нешта новае.
Туляга. Новае тут цяжка знайсці.
Гарлахвацкі. Знойдзеце, вы толькі пашукайце добра. А я аб'яўлю, што пішу працу на тэму: «Новы від дагістарычнай жывёлы». Дагаварыліся?
Туляга (слабым голасам). Дагаварыліся. (Выходзіць прыгнечаны.)
Гарлахвацкі (адзін). Гатоў. Цяпер хоць ты з яго вяроўкі ві.
Акт другі
Вестыбюль. Чарнавус ходзіць ускудлачаны. Ён часамі жэстыкуліруе, нібы разважаючы сам з сабою.
Чарнавус (спыніўшыся ля цёці Каці). А ён не казаў, хутка прыйдзе?
Цёця Каця. Не казаў. (Да Нічыпара, калі Чарнавус адышоўся.) Глядзець не магу, як ён мучыцца.
Нічыпар. Дзіва што мучыцца! Кожны б мучыўся. (Выходзіць.)
Цёця Каця моцна ўздыхае.
Чарнавус (спыніўшыся супроць цёці Каці). Што з вамі, Кацярына Іванаўна? Чаго вы так уздыхаеце? Няшчасце якое здарылася?
Цёця Каця. Вас мне шкада, Аляксандр Пятровіч.
Чарнавус. Чаго ж па мне ўздыхаць? Я ж не памёр.
Цёця Каця, Памёр чалавек, дык ужо адзін канец. Усе памром. А гэтага ж не дай бог нікому добраму.
Чарнавус. Ды нічога ж такога са мною не здарылася. Я ж вось і на працу прыйшоў.
Цёця Каця. Не на ўме вам праца. Я ж бачу, не сляпая.
Чарнавус. Гэта ўсё ліхія людзі мне зрабілі. (Зноў ходзіць. З адных дзвярэй выходзіць Зіна і натыкаецца на Чарнавуса.)
Зіна (адскочыўшы ўбок). Вой. Выбачайце, Аляксандр Пятровіч.
Чарнавус. Чаго ж выбачаць? Вы ні ў чым не вінаваты.
Зіна. Не, я… Проста я спужалася… Я не думала, што сустрэну вас тут.
Чарнавус. Вы думалі, што больш мяне не сустрэнеце? Разумею… (Зноў ходзіць.)
Зіна. Усё роўна як нябожчыка сустрэла. Брр. (Прыкалола на дошку аб'яву.)
Зёлкін (уваходзіць). Што гэта за аб'ява?
Зіна. Прачытай.
Зёлкін (чытае). «…адбудзецца даклад дырэктара інстытута геалогіі А. П. Гарлахвацкага на тэму: „Новы від выкапня-жывёліны“. Вось гэта вучоны! Адразу значны ўклад. Не тое што Чарнавус: дзесяць год усё нейкія гліны ды фасфарыты даследуе.
Зіна. Сланяецца вунь, як цень.
Зёлкін. Не разумею, чаго Гарлахвацкі ліберальнічае. Даўно пара з ім развітацца.
Зіна. Шкадуе… Чулая душа ў Аляксандра Пятровіча.
Зёлкін (раўніва). Асабліва да цябе.
Зіна. Зёлачка, ты зноў раўнуеш? Вось я скажу Аляксандру Пятровічу, дык ён цябе адвучыць.
Зёлкін (грозна). Жарты гэтыя ты на сваёй спіне адчуеш.
Зіна захлопвае дзверы перад яго носам. Зёлкін падыходзіць да тэлефона, бярэ трубку і гаворыць, як бы нічога і не было.
Зёлкін. Пеця?.. У нас хутка даклад цікавы… Пра новы від выкапня-жывёліны. Наш дырэктар Гарлахвацкі… Не ведаю добра… Нешта цікавае выкапаў… Чалавек ён салідны, ужо калі выкапае, дык выкапае… Вельмі цікава… Бывай… (Выходзіць.)
Вера (уваходзіць). Ну як, Аляксандр Пятровіч, дасталі грошы на экспедыцыю?
Чарнавус. Мне не да экспедыцыі, Вера Міхайлаўна.
Вера (здзіўлена). Чаму?
Чарнавус. Мяне, здаецца, у ворагі залічылі.
Вера. Што ж гэта значыць? Як гэта сталася?
Чарнавус. Я і сам не ведаю, як гэта сталася. Учора лёг як чэсны савецкі грамадзянін, а сягоння ўстаў, бачу — нешта няладнае. Некаторыя знаёмыя не пазнаюць мяне, на другі бок вуліцы пераходзяць, калі сустрэнуцца.
Вера. Можа, гэта ўсё вам здаецца?
Чарнавус. Сёння мне не дазволілі чытаць лекцыі на геафаку. Гэта ж мне напэўна не здаецца. Дэкан, які меў ласку гэта паведаміць, быў не здань, а самы рэальны дэкан, паважаны Міхаіл Дзянісавіч.
Вера. Ды не можа быць!
Чарнавус. Можа быць, Вера Міхайлаўна. Я сёння ў гэтым пераканаўся. Кніжку маю не пусцілі ў друк. Таксама скажаце — не можа быць?