Вера (спыняецца). Падслухоўвалі?
Зёлкін. А хіба ў вас сакрэты якія-небудзь з Чарнавусам? Я і не ведаў, што вы выбралі сабе такую давераную асобу.
Вера. Ці не параіце мне вас выбраць!
Зёлкін. Гэта справа вашага густу і… партыйнага сумлення.
Вера. Вось як!
Зёлкін. А як жа вы думалі?
Вера. Добра. Мы яшчэ пагаворым аб гэтым. (Пайшла.)
Зёлкін (адзін). Дзіва што пагаворым. Вылеціш з партыі, тады пагаворыш. Да Тамары яна пойдзе! Бачыў я, з якой Тамарай ты цалавалася.
Зёлкін ідзе ў свой пакой. Уваходзіць Туляга і спыняецца ля аб'явы.
Туляга. Назначаны дзень мае ганьбы… Адзін падлец будзе публічна прысвойваць сабе працу другога, а другі падлец, праклінаючы ў душы, будзе яму апладзіраваць. Ганьба, ганьба!
Гарлахвацкі (уваходзіць). Ну, як мая праца?
Туляга. Ваша праца пасоўваецца, Аляксандр Пятровіч.
Гарлахвацкі. А іменна?
Туляга. Матэрыялы падбіраю.
Гарлахвацкі. Доўга капаецеся. Я ўжо дзень вызначыў. К гэтаму тэрміну павінна быць гатова.
Туляга. Пастараюся. Толькі гэта ці не занадта смела: новы від выкапня?
Гарлахвацкі. Аб гэтым вы не турбуйцбся. Смеласць — гэта ўжо мая справа, а не ваша. Вы толькі зачэпку знайдзіце.
Туляга выходзіць.
Зёлкін (уваходзіць). Аляксандр Пятровіч, навіна!
Гарлахвацкі. Плётка ці праўда — прызнавайцеся.
Зёлкін. За каго вы мяне лічыце?
Гарлахвацкі. За Зёлкіна.
Зёлкін. Мне гэта нават крыўдна.
Гарлахвацкі. I цікавая навіна?
Зёлкін. Пальчыкі абліжаце.
Гарлахвацкі. Ну, выкладвайце. Толькі хутка, бо часу няма.
Зёлкін. Вера жыве з Чарнавусам.
Гарлахвацкі. Як гэта «жыве»? Я ведаю, што яна не памерла.
Зёлкін. Ну, як вам сказаць…
Гарлахвацкі. Ды скажыце, як-небудзь…
Зёлкін. Ну, скажам, як я з Зінай.
Гарлахвацкі. Гэта яшчэ не страшна.
Зёлкін. Як гэта не страшна? Вы хочаце сказаць, што я… што мы…
Гарлахвацкі. Я хацеў сказаць, што гэта, мусіць, няпраўда.
Зёлкін. Як гэта няпраўда? Я сам бачыў…
Гарлахвацкі. Дзе ж вы бачылі?
Зёлкін. Тут у калідоры. Цалаваліся. Спатканне прызначылі ў яго на кватэры сёння ў восем гадзін, як Тамары не будзе дома.
Гарлахвацкі. Што, дык гэта праўда?
Зёлкін. Праўда. Я лічу, што ёй у партыі не месца.
Гарлахвацкі. Строгі ж вы чалавек… А сам беспартыйны.
Зёлкін. Выбачайце, тут цесная сувязь з ворагам, бытавое разлажэнне, распуста.
Уваходзіць Чарнавус, Зёлкін знікае.
Чарнавус. Я вас даўно чакаю, Аляксандр Пятровіч.
Гарлахвацкі. Чым магу служыць, дарагі Аляксандр Пятровіч? Вельмі шкадую, што прымусіў вас чакаць. Важная нарада была, я не мог пакінуць.
Чарнавус. Я да вас з просьбай… Дапамажыце выйсці з цяжкага становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі.
Гарлахвацкі. А што такое з вамі здарылася? Усё, што ад мяне залежыць, я зраблю.
Чарнавус. Я больш не чытаю лекцый на геафаку.
Гарлахвацкі. Чаму?
Чарнавус. Знялі, не давяраюць.
Гарлахвацкі. Ха-ха-ха… Жартуеце, калега.
Чарнавус. Мне зусім не да жартаў.
Гарлахвацкі. Значыць, вы сур'ёзна?
Чарнавус. Зусім сур'ёзна.
Гарлахвацкі. Дык гэта ж безабразіе!
Чарнавус. Я з вамі згодзен. Толькі гэта яшчэ не ўсё безабразіе: кніжку маю таксама не пусцілі ў друк.
Гарлахвацкі. Гэта ўжо зусім свінства. Якая ж прычына?
Чарнавус. У тым вось і справа, што я нічога не магу дабіцца. Усё гэта абкружана такой таямніцай, што яны і самі не ведаюць, у чым я вінаваты.
Гарлахвацкі. Дарагі мой, дык чаго ж вы маўчыце? Ганьбяць ваша чэснае імя, а вы маўчыце! Не, так нікуды не варта. Гэта сацыяльнае зло, з якім трэба змагацца. Так жа сёння вас, а заўтра мяне могуць ашальмаваць і вывесці са строю.
Чарнавус. Могуць.
Гарлахвацкі. I якая ж, выбачайце, сволач магла вам такую штуку ўстроіць?
Чарнавус. Сапраўды. Паглядзіш вакол, здаецца, усе людзі такія сумленныя, свядомыя… Няма на каго і падумаць.