Гарлахвацкі. А можа… Вы, Аляксандр Пятровіч, праверылі сябе як мае быць? Ва ўсім?
Чарнавус. Як гэта? Я не разумею.
Гарлахвацкі. Я ў тым сэнсе, што, можа, у вашай біяграфіі ёсць якая-небудзь зачэпка, ну самая такая пусцяковіна, якая магла паслужыць повадам для плётак. Вы мне прабачце, Аляксандр Пятровіч, я проста па-сяброўску кажу.
Чарнавус. Дзесяць разоў перадумаў я ўсё сваё жыццё і магу сказаць, палажыўшы руку на сэрца, ні ў чым не вінаваты.
Гарлахвацкі. Я ў гэтым і не сумняваўся. Цяпер я зусім спакойны за вас і… за сябе. Бо вы самі разумееце, што і я тут рызыкую чым-нічым. Каб я быў такі самастрахоўшчык, як і іншыя, дык мог бы прапанаваць вам падаць заяву аб вызваленні ад працы. Але я далёка ад гэтай думкі. Мы з вамі будзем працаваць, нягледзячы ні на якія плёткі.
Чарнавус. Я высока цаню вашу велікадушнасць.
Гарлахвацкі (спыняецца ля аб'явы). Вось чакаю, што вы на гэта скажаце (паказвае на аб'яву). Спадзяюся, што вы мяне не ўгробіце.
Чарнавус. Думаю, што для гэтага не будзе ніякіх падстаў.
Гарлахвацкі. Ну, як ваша экспедыцыя, Аляксандр Пятровіч?
Чарнавус. Дык вось, бачыце, замінка выйшла.
Гарлахвацкі. А вы не звяртайце ўвагі. Непрыемна гэта ўсё, я сам разумею, але ж за працай і непрыемнасці забываюцца. Тым больш што ў вас такі мілы памочнік, вы з ёю ўсё гора забудзеце.
Чарнавус. Ёй, беднай, таксама непрыемна гэта ўсё, але трымаецца яна геройскі і мяне падбадзёрвае. Слаўная дзяўчына. Ну, дзякуй вам за падтрыманне. (Адыходзіць.)
Гарлахвацкі (адзін). Слаўная! Бач ты, стары чорт! Губа не дура. Ды цяпер табе не да дзяўчат будзе, даражэнькі.
Выходзіць. Уваходзіць Левановіч.
Левановіч (да цёці Каці). У якім пакоі Вера Міхайлаўна?
Цёця Каця. Ідзіце вунь у тыя дзверы.
Левановіч. Яна там не адна?
Цёця Каця. Не, там яшчэ ёсць людзі.
Левановіч. Вызавіце яе сюды. Скажыце, што сакратар парткома Левановіч просіць на хвілінку.
Цёця Каця. Таварыш Левановіч, заступіцеся вы за нашага Чарнавуса. Шкада чалавека. Чуе мая душа, што дарэмна ўзвялі на яго гэту напасць. Не можа быць, каб гэтакі людскі чалавек ды супроць народа. Гэта нехта набрахаў на яго.
Левановіч. Будзьце спакойны, цёця Каця, чэсных людзей мы ў крыўду не дадзім. Разбяромся, у чым тут справа.
Цёця Каця. Дык пазваць Веру Міхайлаўну сюды?
Левановіч. Ага, пазавіце.
Цёця Каця ідзе па Веру. Левановіч чытае аб'яву аб дакладзе. Уваходзіць Вера.
Левановіч (паказвае на аб'яву). Што гэта за даклад? Ты не знаёма?
Вера. Не. Ён яшчэ трымае ў сакрэце.
Левановіч. Не шкодзіла б пазнаёміцца.
Вера. Ты для гэтага мяне і паклікаў?
Левановіч. Не, я хацеў запытацца, ці чула ты што-небудзь пра Чарнавуса?
Вера. Чула, што на яго ўзвялі нейкі паклёп, і збіралася да цябе ісці.
Левановіч. Добра, калі паклёп.
Вера. Што ж тут добрага?
Левановіч. Я хачу сказаць — добра, калі гэта ўсё — няпраўда.
Вера. Што «гэта ўсё»? Яму ж нічога не гавораць.
Левановіч. Ходзяць чуткі, што нейкае шкодніцтва знайшлі ў яго працах.
Вера. У якіх працах?
Левановіч. Мабыць, у апошніх.
Вера. Я гэтыя працы ведаю. Яны напісаны на падставе тых матэрыялаў, у збіранні якіх я сама прымала непасрэдны ўдзел.
Левановіч. А калі ён і цябе вакол пальца абвёў?
Вера. Што ж я, па-твойму, палена бярозавае? Ні цэ, ні бэ не разумею?
Левановіч. Якую ацэнку ў Маскве атрымала яго праца?
Вера. Яшчэ няма адказу.
Левановіч. Можа, там знайшлі што-небудзь?
Вера. А я табе дакажу, што ўсё гэта брахня. Заўтра ж паеду ў Маскву і прывязу водзыў.
Левановіч. Я цябе не пасылаю пакуль што.
Вера. Сама паеду. (Запальчыва.) Што, не давяраеш? I мяне ў шкодніцтве падазраеш?
Левановіч. Ды не кіпяціся ты!
Вера. Буду кіпяціцца. Абвінавачванне ў шкодніцтве — гэта не пусцяковіна.
Левановіч. Вось таму, што гэта справа сур'ёзная, трэба ў ёй спакойна разабрацца.