Туляга. Прызнацца, не зусім.
Гарлахвацкі (шыпіць). Гаспадзін палкоўнік!.. Не прыкідвайцеся дурнем!
Туляга. Разумею, Аляксандр Пятровіч! Усё разумею.
Гарлахвацкі. Даўно б так. (Вылазіць праз акно на вуліцу. Туляга зачыняе за ім акно.)
Туляга (разводзіць рукамі). Нічога не разумею. Растлумачце хоць вы, таварыш Зёлкіна.
Зіна (выціраючы слёзы). Зараз вас біць будуць.
Туляга. Мяне? За што ж мяне біць?
Зіна. Вунь ужо дзверы адмыкаюць.
Шырока расчыняюцца дзверы. У кабінет урываецца Анна Паўлаўна, за ёю астатнія. Усе на момант аслупянелі, убачыўшы Тулягу з Зінай. Потым гнеў Анны Паўлаўны змяніўся прыступам рогату.
Зёлкін (да Зіны). Дык вось ты з кім, нягодніца!
Зіна. Адстань! (Адштурхоўвае яго і, лавіруючы між натоўпу, выходзіць.)
Зёлкін. А з вамі, даражэнькі, я зараз расквітаюся! (Падступае з кулакамі да Тулягі.)
Туляга (засланяе твар рукамі). Што вы да мяне маеце, таварыш Зёлкін?!
Зёлкін. Я табе пакажу, стары распуснік! (Хоча ўдарыць. Уваходзіць Гарлахвацкі з партфелем.)
Гарлахвацкі. Што тут робіцца такое? У чым справа?
Анна Паўлаўна (падбягае да яго). Ой, Шура, каб ты бачыў, што тут было!
Гарлахвацкі. Дык тут і цяпер безабразіе.
Анна Паўлаўна. Зёлкіну вось з гэтым (паказвае на Тулягу) засталі тут.
Гарлахвацкі. Ах, якая брыдота! Другога месца но знайшлі.
Анна Паўлаўна. А жанчына тут нейкая была ў калідоры ды выдумала, што гэта ты з Зёлкінай.
Гарлахвацкі. Што яшчэ за жанчына?
Анна Паўлаўна. Ліха яе ведае, незнаёмая. Такая языкастая баба. Ды яна тут недзе. (Аглядаецца.) Не, уцякла ўжо.
Гарлахвацкі. Нічыпар, лаві яе там! Чорт знае што! З вуліцы зброд усялякі лезе ў кабінет. Пляткараць, распуснічаюць. (Да Тулягі.) Ну і вы таксама… Стары чалавек! Пасаромеўся б. Ва ўстанове, ды яшчэ ў маім кабінеце, дазваляць сабе такія рэчы!
Туляга. Аляксандр Пятровіч… Гэта бязлітасна… Вы ж самі ведаеце…
Гарлахвацкі (грозна). Нічога я не ведаю, таварыш Туляга! Хаця мне і трэба было б ведаць, адкуль у вас такія прывычкі. (Туляга часта моргае вачыма і кусае губы.) Ды ладна, таварышы. Я думаю, што мы будзем велікадушнымі і даруем яму на гэты раз, узяўшы слова, што больш нічога падобнага ён сабе не дазволіць. Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Прашу спакойна разысціся і працаваць. (Крадком ад жонкі гаворыць Тулягу, які выходзіць апошнім). Спадзяюся, што ў вас хопіць розуму не балбатаць пра гэта. (Усе разыходзяцца. Астаюцца толькі Гарлахвацкі і Анна Паўлаўна.)
Гарлахвацкі (да жонкі, калі Туляга выйшаў). Ну што ты скажаш на гэта? Ха-ха-ха… (Рагоча ўсё больш і больш, паддаючы сабе ахвоты.)
Анна Паўлаўна. Такі ціхоня, размазня! Хто б гэта мог падумаць!.. Ха-ха-ха.
Гарлахвацкі. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну.
Анна Паўлаўна. А тая пляткарка сказала, што гэта ты з Зёлкінай зачыніўся. Я чуць дом не разбурыла.
Гарлахвацкі. Ах, ах, ах! Як гэта нядобра! I заўсёды ж так. Напляце табе якая-небудзь баба, а ты, не праверыўшы, з кіпцюрамі на мяне кідаешся.
Анна Паўлаўна. Ну, годзе, мір! (Абнімае яго за шыю і цалуе.)
Гарлахвацкі (ляпае яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра.
Анна Паўлаўна. Як твая навуковая праца?
Гарлахвацкі. Праца амаль што гатова. Вунь, глядзі, які ў мяне тут навуковы апарат.
Анна Паўлаўна (пяшчотна). А як машына? Хутка будзе?
Гарлахвацкі. Чакай, пацярпі крыху. Будзе табе белка, будзе і свісток. (Стук у дзверы.) Зайдзіце!
Уваходзіць Левановіч.
Гарлахвацкі. А-а! Нарэшце і партыйнае кіраўніцтва ўспомніла пра нас, грэшных. Пара, даўно пара, а то мы без кіраўніцтва можам тут памылак парабіць. (Анна Паўлаўна выходзіць.) Ты чуў, якую штуку адмачыў Туляга?
Левановіч. Туляга? Па-мойму, ён не здольны ні на якія штукі.
Гарлахвацкі. І я так думаў. Адно ж сапраўды — у ціхім балоце чэрці вядуцца. Некалькі хвілін назад яго накрылі з Зёлкінай у маім кабінеце.