Выбрать главу

Чарнавус падыходзіць да Гарлахвацкага, той адводзіць яго ўбок.

Чарнавус. Чым магу служыць?

Гарлахвацкі. Я проста хацеў запытацца, як вашы справы, ды пры ўсіх нязручна.

Чарнавус. Усё так жа.

Гарлахвацкі. Нічога, не падайце духам. Вось я толькі крыху ад працы вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай.

Чарнавус. Я вам буду вельмі ўдзячны.

Гарлахвацкі. А працу сваю я ўжо скончыў, Аляксандр Пятровіч.

Чарнавус. Ну, вітаю вас!

Гарлахвацкі. Дзякую. Думаю, што вы гэтым не абмяжуецеся, а прыйдзеце паслухаць.

Чарнавус. З вялікай прыемнасцю.

Гарлахвацкі. I пакрытыкуеце мяне як належыць. Прызнацца, я вас пабойваюся крыху.

Чарнавус. У мяне да вас самыя найлепшыя пачуцці.

Гарлахвацкі. Дык падтрымаеце? Ваша слова для мяне многа значыць, хоць я і атрымаў ужо водзыў з Масквы ад Анікеева.

Чарнавус. Атрымалі ўжо?

Гарлахвацкі. Так. Скончыў я працу даўно, але не гаварыў аб гэтым, чакаў, што мне Масква скажа.

Чарнавус. Ну, калі вы маеце водзыў Анікеева, тады мая ацэнка для вас мала значыць.

Гарлахвацкі. Не скажыце. Вашу думку я вельмі высока цаню. Дык так, Аляксандр Пятровіч, — дружба і ўзаемная дапамога.

Чарнавус. Дзякую за давер'е. У такі момант для мяне гэта многа значыць.

Гарлахвацкі. Між іншым, вы цяпер мала зарабляеце. Можа, вы адчуваеце нястачу ў чым?

Чарнавус. Дзякую… Я да раскошы не прывык.

Гарлахвацкі. Вы мне даруйце, я пытаюся на правах друга. Можа, вам грошы патрэбны?

Чарнавус. Вельмі дзякую, Аляксандр Пятровіч. Пакуль што я магу абысціся, а калі трэба будзе, тады я звярнуся да вас.

Гарлахвацкі. А то я мог бы вам забяспечыць паўтысячы якой-небудзь.

Чарнавус. Шчыра дзякую.

Гарлахвацкі. Глядзіце. Калі што якое, дык звяртайцеся проста да мяне. Я заўсёды буду рад. (Ідзе ў свой кабінет.)

Чарнавус (падыходзячы да Веры). Цудоўны чалавек!

Вера. Хто? Гарлахвацкі?

Чарнавус. Так. Ён сапраўды ўмее паклапаціцца аб жывым чалавеку.

Вера. Я таксама была аб ім добрай думкі.

Чарнавус. А цяпер хіба не?

Вера. А цяпер ён мне здаецца крыху загадачны. Быў адзін такі выпадак, што я не ведаю, што і думаць пра яго.

Чарнавус. Вы занадта строгая да людзей. Можа, вас хто ў падман увёў наконт яго.

Вера. Баюся, каб ён сам не ўвёў нас у падман.

Чарнавус. Ну што вы! Я такой і думкі не дапускаю.

Праходзіць Туляга з «Правдой» у руках.

Вера. А вось запытаемся ў Тулягі. Мікіта Сымонавіч!

Туляга. Я вас прасіў бы забыцца аб маім існаванні.

Вера. Я гэтага не заслужыла, Мікіта Сымонавіч. Выбачайце, калі так. А мы тут гаварылі з Аляксандрам Пятровічам пра Гарлахвацкага і хацелі запытацца, што вы думаеце пра яго?

Туляга. Што я пра яго думаю? Цудоўны чалавек!

Чарнавус (да Веры). Вось бачыце!

Туляга. Свет прайдзіце, другога такога не знойдзеце.

Чарнавус. Я ж ёй таксама кажу, што ён надзвычайны чалавек!

Туляга. Вось іменна — надзвычайны. Шчыры, душэўны. Гатоў з чалавекам апошнім падзяліцца.

Вера. Нават?

Туляга. Больш таго, нават каханую жанчыну гатоў уступіць другому.

Вера. Ці не занадта ўжо?

Туляга. Шчырую праўду кажу вам, паверце майму вопыту.

Вера (здзіўлена). Вашаму вопыту?

Туляга. Так, майму вопыту.

Вера. Расшыфруйце, Мікіта Сымонавіч, што гэта значыць.

Туляга. Потым, другім разам.

Вера. А скажыце, што вы думаеце аб ім як аб вучоным?

Туляга. А чаму гэта мне першаму трэба аб ім думаць? Дзякую за ласку, думайце самі.

Вера. Як першаму? Мы ж у чаргу не становімся, каб думаць.

Туляга (пакаавае на аб'яву). Вось паслухаеце даклад, тады будзеце думаць, што сабе хочаце.

Вера. Вы гаворыце, як быццам нешта ведаеце пра гэты даклад.

Туляга. Нічога не ведаю. (Пайшоў).