Выбрать главу

Вера (іранічна). Страшэнна засакрэчаны чалавек!

Туляга (варочаецца. Гаворыць шчыра). Ведаеце што… Лепш бы я памёр на той час, калі будзе чытацца гэты даклад.

Чарнавус. Дзіўнае жаданне, Мікіта Сымонавіч!

Туляга. Выступаць жа прыйдзецца. А гэта для мяне горай смерці.

Чарнавус. То не выступайце. Ніхто ж вас не прымусіць.

Туляга. Не выступіш — ён гэтага не даруе.

Вера (насмешліва). Становішча ў вас, сапраўды, бязвыхаднае. Астаецца толькі тут жа, пад гэтай аб'явай, легчы і памерці.

Туляга. Ёсць яшчэ адзін выхад.

Вера. Які?

Туляга. Але на гэта смеласць патрэбна, а яе ў мяне зроду не было.

Чарнавус. Чаго вы загадзя мучыцеся, Мікіта Сымонавіч? А можа, даклад якраз будзе такі, што мы выслухаем яго з прыемнасцю?

Туляга. Які б ён ні быў, я прыемнасці ад яго не буду мець.

Чарнавус. Якія ж прычыны вашага адчаю?

Туляга. Прычыны ёсць, Аляксандр Пятровіч! Паверце мне на слова!

Вера. Ведаеце, што я вам сур'ёзна параю, таварыш Туляга?

Туляга. Што вы мне сур'ёзнае параіце?

Вера. Плюньце вы на ўсе гэтыя страхі і будзьце савецкім чалавекам.

Туляга. Кажаце, плюнуць на страхі?

Вера. Плюньце!

Туляга. А скажыце, вы былі калі-небудзь дзянікінскім палкоўнікам?

Вера. Не, не прыходзілася.

Туляга. Гэта і відаць… (Пайшоў.)

Вера (наўздагон). Мікіта Сымонавіч!

Туляга (спыняецца, не паварочваючыся). Я. Што вы хацелі яшчэ сказаць?

Вера. Я ж не веру, што гэта вы былі з Зіначкай.

Туляга (шпарка паварочваецца). Як гэта вы не верыце? Гэта ўсе бачылі.

Вера. А я ўсё-такі не веру. Не магу паверыць.

Туляга (падыходзіць да яе). I не верце, Вера Міхайлаўна!.. Я заўсёды думаў, што ў вас вельмі чулая і добрая душа. (Расчулены, паціскае руку Веры.) Дзякую, дзякую!

Вера (здзіўленая). За што ж, Мікіта Сымонавіч?

Туляга. За чыстыя думкі, за чэснасць. (Яшчэ раз паціскае ёй руку і шпарка выходзіць.)

Вера (гледзячы ўслед яму). Дзіўна!

Чарнавус. Гэта гісторыя з Зёлкінай — сапраўды дзіўная гісторыя!

Вера. Вельмі дзіўная. Я думаю, ці не шантаж тут які-небудзь?

Чарнавус. На вачах ва ўсіх. Які тут можа быць шантаж?

Вера. I ўсё-такі тут нейкая загадка. Гэта відаць і з яго слоў. Аднак жа трэба ісці збірацца. Сягоння я еду ў Маскву.

Чарнавус. Такім чынам, вы і на дакладзе Гарлахвацкага не будзеце?

Вера. Можа, паспею вярнуцца.

Чарнавус. Шкада, калі спозніцеся. Даклад абяцае быць цікавым.

Вера. Пасля пазнаёмлюся. Ну, пажадайце мне ўсяго найлепшага.

Чарнавус. Ад душы жадаю…

Вера. Чакайце мяне з радаснай весткай… Бывайце! (Выходзіць.)

Чарнавус (адзін). Гэта мне была б падтрымка. (Выходзіць.)

Туляга (уваходзіць з газетай у руках). Вера Міхайлаўна!.. Яе ўжо няма. Што ж мне рабіць? Я ж павінен каму-небудзь сказаць пра гэта. Гэта ж ён вораг, а не я, дык няхай яму і страшна будзе.

Уваходзіць Левановіч.

Левановіч. Дзень добры, таварыш Туляга! (Вітаецца за руку.) Як жывём?

Туляга. Пахваліцца не магу, таварыш Левановіч. Жыву і сам сябе не паважаю.

Левановіч. Што так?

Туляга. Прачытаў вось я (паказвае газету) пастанову Пленума, і мне сорамна стала.

Левановіч. Чаго ж вам сорамыа?

Туляга. Што я такі баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці.

Левановіч. Ці не занадта жорстка вы бічуеце сябе?

Туляга. Не, не занадта. Вы яшчэ не ведаеце, у чым справа.

Левановіч. Я дагадваюся, што вы хочаце мне сказаць, у чым гэта справа.

Туляга. Іменна хачу, ды баюся, што не паверыце.

Левановіч. Гаварыце, паверу.

Туляга. Калі я, напрыклад, скажу, што ведаю аднаго такога двурушніка…

Левановіч. У чым жа справа? Вы можаце ведаць такога.

Туляга. Што ён ілжэвучоны, ашуквае партыю і савецкую грамадскасць, што ён шальмуе чэсных работнікаў.