Выбрать главу

Левановіч. Бываюць і такія. Аб іх жа і гаворыцца ў пастанове Пленума.

Туляга. А калі я, напрыклад, скажу, што ён арудуе ў нашай установе?

Левановіч. Магчыма, што я дрэнна ведаю людзей.

Туляга. А калі я скажу, напрыклад, што гэта наш паважаны дырэктар Аляксандр Пятровіч Гарлахвацкі?

Левановіч. Гм… У яго, вядома, ёсць недахопы, але баюся, што вы тут крыху перавялічваеце.

Туляга. Ну вось, я ж казаў, што вы не паверыце? Яшчэ мяне паклёпнікам палічыце.

Левановіч. Вы самі разумееце, таварыш Туляга, што гэта цяжкае абвінавачанне. У вас, напэўна, ёсць якія-небудзь доказы?

Туляга. Канкрэтных доказаў няма. Я толькі ведаю, што ён невук, у палеанталогіі нічога не разумее і не можа адрозніць косці выкапня ад звычайнай кароўяй косткі.

Левановіч. А як жа ён працу піша?

Туляга. Не піша ён ніякай працы.

Левановіч. Вось жа аб'ява.

Туляга. Батрака ён сабе знайшоў, той яму піша.

Левановіч. Не разумею.

Туляга. Я пішу яму працу.

Левановіч. Чаму ж вы гэта робіце?

Туляга. Таму, што ён мяне прымусіў пагрозамі, а я спужаўся. Пры якіх абставінах, я вам потым раскажу. Цяпер мне прыходзіцца альбо ісці на подласць, альбо праявіць мужнасць і выкрыць яго.

Левановіч. Калі так, дык мы яго зараз жа можам выкрыць. Я паклічу яго сюды, і ўсё высветліцца.

Туляга. Э, не! Ён адапрэцца і вокам не маргне. Я зноў астануся вінаватым.

Левановіч. Але ж вы павінны даказаць ваша абвінавачанне.

Туляга. Вось што я вас папрашу, таварыш Левановіч. Дайце мне слова, што вы не патрывожыце яго яшчэ некалькі дзён. Няхай ён зробіць даклад, які я для яго пішу, тады адразу ўсё стане ясным.

Левановіч (у задуменні). Гм… Так… Так… ІПто ж, няхай чытае даклад… А я тым часам з свайго боку праверу некаторыя факты. (Выходзіць.)

Туляга (адзін. Звяртаеццца да дзвярэй кабінета). Цяпер жа я табе напішу навуковую працу! Насмяяўся ты з мяне, абняславіў перад людзьмі, пасмяюся ж і я з цябе. Якую ж яму выдумаць дапатопную жывёліну… каб падобна была на яго?.. (Адчыняе ўваходныя дзверы.) Таварыш Нічыпар! Зайдзіце сюды на хвілінку. (Нічыпар уваходзіць:) У мяне да вас просьба.

Нічыпар. Якая?

Туляга. Знайдзіце мне якую-небудзь костку.

Нічыпар. Якую ж вам костку?

Туляга. Абы-якую — свіную, кароўю, толькі вялікую і не вельмі свежую.

Нічыпар. А нашто гэта вам?

Туляга. Дырэктар прасіў мяне дастаць… для параўнання. Ён піша навуковую працу.

Нічыпар. То можа аднае мала? Я магу і больш прынесці.

Туляга. Хопіць аднае. Ён такі вялікі вучоны, што толькі паглядзіць на гэту костку — і яму ўсё ясна.

Нічыпар. Бачыце! А я думаў, ён так сабе, як і ўсе. То я пайду пашукаю. (Выходзіць.)

Туляга (да дзвярэй кабінета). Атрымаеш ты ў мяне навуковую ступень.

Дзверы адчыняюцца. Туляга адскаквае ўбок і прымае звычайны баязлівы выгляд. Уваходзіць Гарлахвацкі.

Гарлахвацкі. Ну, як?

Туляга. Усё добра, Аляксандр Пятровіч. У дадатак да майго матэрыялу прыслаў мне прыяцель костачку, якая вельмі дапамагла. Дзякуючы ёй мне ўдалося канчаткова ўстанавіць новы від выкапня.

Гарлахвацкі. Што ж гэта за выкапень?

Туляга. Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны.

Гарлахвацкі. Ну вось! А вы казалі, што нічога новага нельга знайсці. Пад маім кіраўніцтвам вы яшчэ і не тое знойдзеце.

Туляга. Аднак я павінен папярэдзіць, што некаторыя нашы палажэнні, напэўна, будуць аспрэчвацца.

Гарлахвацкі. Кім?

Туляга. Чарнавусам, Левановічам і іншымі.

Гарлахвацкі. Чарнавус мне сам прызнаўся, што ён прафан у гэтай галіне. А Леванов і ч тым больш: ён жа тарфавік.

Туляга. Вось якраз таму, што яны з палеанталогіяй мала знаёмы, ім і будуць здавацца дзіўнымі некаторыя рэчы.

Гарлахвацкі. Не страшна, мы ім растлумачым. Вы выступіце ў спрэчках і рассееце ўсе іх сумненні. А што да даклада, дык ад яго якасці залежыць ваш лёс у першую чаргу.

Туляга. Мне напамінаць аб гэтым няма патрэбы, Алярсандр Пятровіч.

Гарлахвацкі. Тым лепш. Хутчэй канчайце, некалькі дзён асталося. (Выходзіць.)