Выбрать главу

Вера (глянуўшы на паперку). Таварышы! Гэта ж падлог, жульніцтва.

Левановіч. Што? Пісьмо фальшывае?

Вера. Не, але гэта пісьмо паслана было прафесару Чарнавусу. Я прывезла копію. Вось, калі ласка!

Гарлахвацкі. А, змова супроць мяне! Таварышы, гэта ж Чарнавусава любоўніца! Таварыш Зёлкін гэта ведае.

Зёлкін замяўся і нешта прамармытаў.

Вера (Гарлахвацкаму). Вы лгун і падлец!

Гарлахвацкі. Не, гэтага больш нельга цярпець! Я пазванюо, каб іх зараз жа прыбралі. (Працягвае руку да трубкі.)

Левановіч (кладзе руку на трубку). Не турбуйцеся, пазвонена ўжо.

Гарлахвацкі. Ты дагадаўся зрабіць гэта раней? Тым лепш.

Левановіч (рашуча ўстае). Я лічу, што гэту камедыю пара скончыць.

Гарлахвацкі. I скончыць так, каб яна для некаторых стала трагедыяй.

Левановіч. Так яно і будзе. (Да іншых.) Прашу прабачэння, таварышы, што заключнае слова замест дакладчыка прыйдзецца зрабіць мне. Мы толькі што заслухалі найцікавейшы даклад, падобнага якому не слухала, напэўна, ні адна навуковая аўдыторыя. У выніку гэтага даклада перад намі ва ўсёй прыгажосці ўстаў вобраз свінячага маманта. Гэта дапатопная жывёліна аказалася вельмі жывучай, і некаторыя яе экземпляры дажылі аж да нашага часу. Жывёліна гэта хоць і рэдкая ў нас, але надзвычай шкодная. Калі яе не ўзяць за жабры — добра, што якраз жабры ёсць у яе, — калі не ўзяць за гэтыя жабры, дык такі свінтус грандыёзус можа шмат шкоды нарабіць. Добра, калі ён адзін, а могуць за яго спінаю стаяць яшчэ больш клыкастыя. Баяцца іх, аднак жа, не трэба. Свінячыя маманты могуць жыць толькі там, дзе ім спрыяе клімат, — у атмасферы баязлівасці, разгубленасці, падхалімства, палітычнай слепаты, а там, дзе пануе мужнасць, чэснасць і бальшавіцкая пільнасць, — яны жыць не могуць і хутка выдыхаюць. Няхай жа ведаюць усе свінні — мамантавыя і немамантавыя: калі каторая з іх паспрабуе пакасціць у нашай савецкай навуцы, будзем біць проста па пятачку.

Гарлахвацкі раптам пачынае рагатаць. Усе глядзяць на яго са здзіўленнем.

Зіна. Які жах! Ён звар'яцеў!

Гарлахвацкі. Ха-ха-ха… Здорава ж я вас разыграў!

Туляга (да Чарнавуса). Як гэта разыграў? Што ён такое гаворыць?

Гарлахвацкі. Даклад жа я чытаў не свой, а вось гэтага дзянікінца. (Паказвае на Тулягу.) Цяпер вы пераканаліся, што гэта за вучоны!

Чарнавус. Што такое?

Зёлкін. Я так і думаў! Не можа быць, каб вы, Аляксандра Пятровіч, такую бязглуздзіцу напісалі.

Туляга. Таварыш Левановіч, гэта ж выходзіць зусім наадварот. Выходзіць, што я…

Левановіч. Не хвалюйцеся, таварышы. Я ведаю, што гэта не яго даклад. (Паказвае на Гарлахвацкага.)

Гарлахвацкі (асекся і звяў). Ах, ты гэта ведаеш.

Левановіч. Я яшэ не гэта ведаю. Я ведаю, як вы спрабавалі разлажыць на Украіне адзін наркамат. Вам гэта не ўдалося. I тады вашы прыяцелі перакінулі вас сюды з фальшывым пасведчаннем. Тут, праводзячы сваю подлую работу, вы ашальмавалі прафесара Чарнавуса, тэрарызавалі таварыша Тулягу…

Гарлахвацкі (гаворыць, каб прыкрыць сваю разгубленасць). Гэта паклёп! Я не дазволю, гэта паклёп!

Левановіч. Цяпер, таварышы, вам ясна, што гэта за чалавек! Аб ім прыйдзецца пагаварыць заўтра больш грунтоўна. (Позірк у бок Зёлкіна.) А таксама і пра некаторых яго памочнікаў.

Усе разыходзяцца, выражаючы жэстамі і асобнымі выкрыкамі сваё абурэнне. Гарлахвацкі стаіць, абапёршыся рукамі аб стол і ўтаропіўшыся ў злашчасную костку. Туляга з высока паднятай галавой праходзіць міма яго.

Нічыпар (падыходзіць да стала, паказвае пальцам на костку). Можна прыбраць?..

Гарлахвацкі (ачнуўшыся). Га?

Нічыпар. Я пытаюся, костка вам ужо не патрэбна?

Гарлахвацкі. К чорту!

Нічыпар (бярэ костку двума пальцамі і адчыняе фортку). Цюлік! ф'ю, ф'ю, ф'ю!.. На табе тваё дабро назад! (Кідае костку за акно.) Прывалок, воўчае мяса! Праз цябе толькі непрыемнасць чалавеку! (Хітра падморгвае цёці Каці, і абое выходзяць.)