Цёця Каця. Не.
Зёлкін. А пра мяне?
Цёця Каця. I пра вас нічога.
Зёлкін. Няўжо ж яны больш нічога і не гаварылі?
Цёця Каця. Кажу ж вам, што нічога. Толькі Туляга расказаў, як у яго на вуліцы нейкі чалавек запытаўся, ці не Падгаецкі яго прозвішча.
Зёлкін. Дык ён што? Спужаўся?
Цёця Каця. Страшэнна перапужаўся. Кажа, што быў дзянікінскі палкоўнік Падгаецкі, вельмі падобны на яго.
Зёлкін. А можа, ён і сапраўды які палкоўнік?
Цёця Каця. Хто?
Зёлкін. Туляга.
Цёця Каця. Ды кіньце вы! Я ж яго ведаю даўно, яшчэ да таго, як ён у Варонеж выехаў быў. Ён і ў войску не быў ніколі.
Зёлкін (заняты нейкімі сваімі думкамі). Цікава, цікава… Вы мне, цёця Каця, заўсёды расказвайце што-небудзь такое… свежанькае… Я вельмі люблю слухаць. (Адыходзіць.)
Цёця Каця (адна). Бач, ласы які да бабскіх плётак! У самога вушы вялікія, хадзі да выслухоўвай!
Уваходзіць Нічыпар.
Нічыпар. Ідзе.
Цёця Каця. Няхай ідзе.
Нічыпар. Я зайшоў, каб часамі беспарадку ў цябе якога не было.
Цёця Каця. А які ў мяне беспарадак можа быць? Падмецена, выцерта… Чаго яшчэ трэба?
Нічыпар. Ды ты баба спраўная. Ну, я пайшоў…
Уваходзіць Гарлахвацкі. Знімае паліто і капялюш і аддае цёці Каці.
Гарлахвацкі. Як жывём, цёця Каця?
Цёця Каця. Нічога, жывём памаленьку.
Гарлахвацкі. Чаму памаленьку?
Цёця Каця. Ну, так гаворыцца.
Гарлахвацкі. Трэба шпарка жыць.
Цёця Каця. А як гэта — шпарка?
Гарлахвацкі. А так, каб аж вецер свістаў ля вушэй. Працаваць трэба заўзята. Вось як я, напрыклад, — адпачыць хвіліну часу няма.
Цёця Каця (убок). Спрацаваўся, бедны! (Гарлахвацкаму.) Ну, учора ж вы, мусіць, адпачылі крыху?
Гарлахвацкі. Адкуль вы ведаеце?
Цёця Каця. Я бачыла, як вы з жонкай за горад ехалі на машыне.
Гарлахвацкі. Жонка сілай ад стала адарвала, каб крыху праветрыўся.
Цёця Каця. Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландынка.
Гарлахвацкі (збянтэжана). Бландынка? Як бландынка?
Цёця Каця. Ну, бландынка, я ж бачыла ўчора.
Гарлахвацкі. А можа, і праўда — бландынка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландынілася, а я і не заўважыў. (Рагоча.) Так улёг у работу, што нават не заўважыў, калі жонка валасы пафарбавала. Аж смешна! (Рагоча.)
Цёця Каця. Сапраўды, смешна. Вы думалі, чорныя, а яны светлыя, як у нашай Зіначкі. (Рагочуць абое, разумеючы адзін другога.)
Гарлахвацкі. Вы толькі не кажыце нікому, што я валасы жончыны пераблытаў, а то смяяцца будуць.
Цёця Каця. А мне што? Блытайце сабе.
Гарлахвацкі (супакоіўшыся). Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце… звыш нормы.
Цёця Каця. Няхай бы памералі, можа і лішняя.
Гарлахвацкі. I не мераючы відаць. Напішыце маленькую заяўку, а я налажу рэзалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты.
Цёця Каця. Дзякую… Я за сакрэты грошай не бяру.
Гарлахвацкі. Вось як! (Мацае ў кішэнях.) А папяросы забыўся. Як жа я працаваць буду?.. Цёця Каця, вось вам грошы, прынясіце мне два пачкі папярос.
Цёця Каця. Добра. (Бярэ грошы і выходзіць.)
Гарлахвацкі (прычэсваецца перад люстэркам). Ну і шэльма баба! Так адсекла!
Уваходзіць чалавек у форме НКВД.
Чалавек у форме. Скажыце, як мне пабачыць Валодзю Пракаповіча?
Гарлахвацкі. Валодзю Пракаповіча? А хто ён такі?
Чалавек у форме. Мой брат. Перадайце яму, калі ласка, што брат з раёна прыехаў — няхай ён сюды выйдзе.
Гарлахвацкі. У нас такога няма.
Чалавек у форме. Чакайце! Гэта ж інстытут біялогіі?
Гарлахвацкі. Вы памыліліся: гэта інстытут геалогіі, а інстытут біялогіі знаходзіцца на Шырокай вуліцы. Нумар дома я вам не магу сказаць. (У адных дзвярах паказваецца галава Зёлкіна.)
Чалавек у форме. Значыць, на Шырокай? Ну, дзякую. Цяпер я ўжо яго знайду. (Выходзіць.)