Чарнавус. Вы адзін? А мне паказалася, што вы гаварылі з некім.
Гарлахвацкі. А гэта, ведаеце, такая ў мяне прывычка. З маленства… Люблю дэкламаваць, калі адзін астануся. «Брожу ли я вдоль улиц шумных, вхожу ль во многолюдный храм…» Помніце? Здорава. Дэкламую вось так сам сабе, і пад гэту дэкламацыю такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца… Сядайце, расказвайце, што новенькага. Як жывём, працуем?
Чарнавус (садзіцца). Добра жывём, Аляксандр Пятровіч.
Гарлахвацкі. Чуў, чуў. У Маскву паслалі, а мне не паказалі. Ах, які вы нядобры!
Чарнавус. Прабачце, Аляксандр Пятровіч, неяк так яно выйшла, сапраўды нядобра. Аж мне сорамна перад вамі.
Гарлахвацкі. Я не крыўджуся. Там, вядома, лепш за мяне здолеюць ацаніць вашу працу.
Чарнавус. Ды нешта адказу доўга няма. Я пачынаю непакоіцца.
Гарлахвацкі. Чаго вам непакоіцца? Вашы веды і вашы здольнасці даволі вядомы. Я ўпэўнены, што ваша праца атрымае найвышэйшую ацэнку.
Чарнавус. Папрацаваў-то я нямала.
Гарлахвацкі. Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Часамі дзівішся, як чалавек можа вынесці столькі працы. Навокал жыццё такое прыгожае, столькі радасці, а мы не маем часу імі карыстацца. А старасць не жджэ. Яна, подлая, памаленьку, нячутна падкрадваецца. Вунь і ў вас серабро на скронях.
Чарнавус. Ёсць такі.
Гарлахвацкі. Ахвяравалі б вы, Аляксандр Пятровіч, адзін вечарок, ды пайшлі б мы з вамі ў рэстаранчык, выпілі б там па малюсенькай і пагаварылі б, як людзі. Часамі так хочацца пачуць цёплае слова друга.
Чарнавус. Дзе там рэстаранчык! Часу няма. Там універсітэт, там для дзяцей пішы. Ну, і свая асноўная даследчая работа. Збіраюся маленькую экспедыцыю зрабіць. Хачу ў вас грошай прасіць.
Гарлахвацкі. Цэлую экспедыцыю?
Чарнавус. Не пужайцеся. Гэта экспедыцыя будзе складацца з мяне і яшчэ адной асобы.
Гарлахвацкі. Ну, гэта можна будзе. Вы дайце заявачку, колькі гэта будзе каштаваць, а я пагляджу, што ў нас там ёсць.
Чарнавус. Каштаваць нямнога будзе.
Гарлахвацкі. Ды вы не скромнічайце. А то я вас ведаю, вы гатовы пяшком ісці пятнаццаць кіламетраў, каб толькі на рамізніку сэканоміць.